У 2010 г. адбудуцца візіты Святога Айца Бэнэдыкта XVI у розныя дыяцэзіі Італіі. 2 мая Пантыфік прыбудзе ў Турын. Візіт Папы супадзе з выстаўленнем у базыліцы гэтага горада Турынскай Плашчаніцы — адной з найбольш каштоўных хрысціянскіх рэліквій.
У межах свайго візіту ў Партугалію, які адбудзецца з 11 па 14 мая 2010 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведае Лісабон, Фаціму і Порта. У гэтым жа годзе запланаваны візіты Пантыфіка на Мальту, Кіпр і ў Вялікабрытанію.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвоціў праваслаўных вернікаў Албаніі да супольнага вызнавання веры разам з католікамі. 4 снежня 2009 г. Папа ўдзяліў аўдыенцыю архіепіскапу Тыранскаму і ўсёй Албаніі Анастасію.
З снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву. У гэты ж дзень расійскі лідэр у межах свайго візіту ў Ватыкан сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.
3 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэнецца ў Апостальскай Сталіцы з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. У Маскоўскім Патрыярхаце адзначаюць, што падчас сустрэчы пацвердзіцца супадзенне пазіцый праваслаўных і католікаў па пытаннях грамадскіх адносінаў, хрысціянскай маральнасці і неабходнасці супрацоўніцтва.
23 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю прэм’ер-міністру Кувейта Шэйху Насіру аль-Мухамеду. Галоўнай тэмай размовы Пантыфіка з дзяржаўным дзеячам Кувейта стала пытанне міру і міжрэлігійнага дыялога на Блізкім Усходзе.
21 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся ў Сікстынскай капэле ў Апостальскай Сталіцы з прадстаўнікамі свету мастацтва. У сувязі з гэтым у чарговым нумары ватыканскага выдання «L’оsservatore Romano» прысвячаецца ўвага заключэнню «новага саюзу» паміж светам мастацтва і Касцёлам.
19 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі ХХІІІ сесіі Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх універсітэтаў (FIUC), якая адбываецца ў гэтыя дні ў Ватыкане. Пасяджэнне праводзіцца з нагоды 60-гадовага юбілею прызнання Апостальскай Сталіцай статутаў Федэрацыі. Нагодай да сустрэчы стала таксама 30-годдзе абвяшчэння Янам Паўлам ІІ апостальскай канстытуцыі «Sapientia Christiana», якая датычыць касцёльных універсітэтаў.
15 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Сербіі Борысу Тадзічу. Падчас сустрэчы, як паведаміла агенцтва Zenit, Пантыфік адзначыў пазітыўны напрамак дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у гэтай краіне.
12 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю прэзідэнту Харватыі Стыпе Месічу. Падчас сустрэчы была абмеркавана Традыцыя Касцёла ў Харватыі ў гісторыі і сучаснасці краіны.
З 11 па 14 мая 2010 г. адбудзецца візіт Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Партугалію. Як паінфармавала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў гэтай краіны, Пантыфік плануе наведаць гарады Лісабон, Фаціму і Порту.
13 лістапада 2009 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады «Cor Unum» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў, наколькі важна для Касцёла клапаціцца аб найбольш бедных пластах насельніцтва. Нягледзячы на тое, што Касцёл не ўмешваецца ў палітыку дзяржаў, хрысціянская супольнасць не можа адмовіцца ад абароны правоў чалавека і справы ўсталявання ў свеце справядлівасці.
Як адзначыў старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI надае вялікую ўвагу інтэрнэт-тэхналогіям і карыстаецца электроннай поштай. У італьянскай тэлепраграме «Адкрытая студыя» ватыканскі іерарх паведаміў, што ў Пантыфіка ёсць свой e-mail, на які яму дасылаюць пісьмы людзі з усяго свету.
Дыск з запісам малітваў Святога Айца Бэнэдыкта XVI быў прадстаўлены 10 лістапада 2009 г. у рымскай базыліцы Санта Марыя ін Арачэлі на Капіталійскім пагорку. Голас Пантыфіка гучыць на фоне класічнай музыкі і грыгарыянскіх спеваў у выкананні хору сабора святога Пятра.
Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў VI Сусветнага кангрэсу душпастырства мігрантаў і бежанцаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адзначыў, што мігрантаў належыць лічыць не «праблемай», а «багаццем» грамадства. Мерапрыемствы ў межах кангрэсу распачаліся 9 лістапада 2009 г. урачыстай святой Імшой, якую цэлебраваў у базыліцы святога Пятра ў Ватыкане Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ.