19 студзеня Папа Францішак наведае рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У межах візіту Пантыфік паспавядае вернікаў, сустрэнецца з сем’ямі і сужэнскімі парамі, а таксама з бежанцамі і бяздомнымі, пра якіх клапоціцца парафіяльная моладзь.
У Ватыкане было абвешчана, у якіх мерапрыемствах у бліжэйшыя месяцы прыме ўдзел Папа Францішак. 19 студзеня Пантыфік наведае рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса, гэта будзе яго трэці пастырскі візіт у парафіі Вечнага горада.
13 студзеня Папа Францішак сустрэўся з дыпламатамі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе. Гэта была другая сустрэча Пантыфіка з пасламі з моманту яго абрання.
12 студзеня ў Сікстынскай капэле Папа Францішак удзяліў сакрамэнт хросту 32 немаўлятам. Паводле традыцыі, уведзенай Янам Паўлам II, у свята Хросту Пана Папа хрысціць у асноўным дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў.
12 студзеня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” Папа Францішак назваў імёны новых кардыналаў. Пантыфік нагадаў, што 22 лютага, у свята Катэдры св. Пятра, скліча кансісторый, падчас якога прызначыць 16 кардыналаў, якія, належачы да розных народаў, “прадстаўляюць цесную касцёльную сувязь паміж Касцёлам Рыма і іншымі Касцёламі па ўсім свеце”.
11 студзеня Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Ілеану Аржэнцін, вядомую барацьбой за правы інвалідаў. Дэпутат італьянскага парламента сама належыць да асоб з абмежаванымі магчымасцямі і перасоўваецца на інваліднай калясцы.
11 студзеня Папа Францішак сустрэўся з членамі Камітэта па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі Цэрквамі візантыйскага абраду і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Святы Айцец павіншаваў супрацоўнікаў гэтай ватыканскай структуры з 50-годдзем і нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор яшчэ не быў завершаны, калі Павел VI прыняў рашэнне заснаваць камітэт.
13 студзеня 2014 г. Папа Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, каб абмяняцца віншаваннямі з нагоды Божага Нараджэння.
Святы Айцец вырашыў аказаць фінансавую падтрымку архідыяцэзіі Рыа-дэ-Жанейра і часткова дапамагчы ёй пагасіць вялікі доўг, які ўзнік пасля Сусветнага дня моладзі. Першапачаткова доўг складаў больш за 38 млн. Арганізатары пайшлі на такія выдаткі, каб добра арганізаваць правядзенне форуму.
Падчас візіту ў Святую Зямлю ў маі Папа Францішак сустрэнецца з сірыйскімі бежанцамі. У сталіцы Іарданіі Амане запланаваны супольны абед Пантыфіка з імі, паведаміў дапаможны біскуп Ерузалемскага Патрыярхату для католікаў лацінскага абраду Уільям Шамалі.
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці арцыбіскуп П’етро Паралін паведаміў 7 студзеня, што ў Апостальскія Нунцыятуры ва ўсім свеце быў накіраваны спецыяльны ліст, у якім інфармуецца, што з гэтага часу адзіным ганаровым касцёльным тытулам для святароў будзе “капелан Яго Святасці”, якому будзе адпавядаць зварот “мансіньёр”. Такое рашэнне прыняў Папа Францішак.
Папа Францішак наведаў “жывыя яслі” ў рымскай парафіі Св. Альфонса Марыі Лігуоры 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. Папа благаславіў выканаўцаў ролі Святой Сям’і – Марыі, Юзафа і Дзіцятка Езуса, а пасля малітвы ў парафіяльным касцёле вярнуўся да вернікаў на пляцоўцы перад святыняй, сярод якіх былі дзеці і хворыя.
Шукаць святло Бога і не задавальняцца пасрэдным жыццём заклікаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня, якую цэлебраваў у ватыканскай базыліцы св. Пятра.
Пасля малітвы “Анёл Панскі” 5 студзеня на плошчы св. Пятра Папа Францішак сказаў, што жадае паведаміць вернікам пра сваё апостальскае падарожжа на Святую Зямлю, якое намерваецца здзейсніць 24-26 мая. Яго галоўнай мэтай, адзначыў Пантыфік, будзе ўзгаданне гістарычнай сустрэчы Папы Паўла VI і Патрыярха Канстанцінопальскага Афінагора 50 гадоў таму, 5 студзеня 1964 г.
“Касцёл павінен быць прывабным. Абудзіце свет! Будзьце сведкамі іншага спосабу рабіць, дзейнічаць, жыць”, - казаў Папа Францішак 29 лістапада 2013 г. членам Аб’яднання генеральных настаяцеляў мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якіх прымаў у Ватыкане. 3 студзеня ў езуіцкім часопісе “La Civiltà Cattolica” быў апублікаваны поўны тэкст прамовы Святога Айца.