Папа Францішак назваў арцыбіскупа Агостыно Маркетто “лепшым герменеўтыкам Другога Ватыканскага Сабору”. Арцыбіскуп быў Апостальскім Нунцыем у Беларусі ў 1994-1996 гг.
15 лістапада Папа Францішак удзяліў біскупскую сакру іспанскаму святару Фернанда Вэргезу Альзаге, якога 30 жніўня прызначыў на пасаду Генеральнага сакратара Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Новы біскуп з’яўляецца членам кангрэгацыі Легіянераў Хрыста, працуе ў структурах Рымскай Курыі з 1972 г.
14 лістапада Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Джорджыо Напалітана ў адказ на яго візіт у Ватыкан 8 ліпеня. Гэта была ўжо трэцяя сустрэча Папы Францішка і Джорджыо Напалітана, але першая, якая мела статус афіцыйнай.
Святы Айцец заклікаў да малітвы за ахвяр насілля ў Сірыі і пацярпелых ад тайфуну на Філіпінах. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 13 лістапада Папа адзначыў, што з вялікім болем прыняў навіну аб трагедыі ў Дамаску, дзе 11 лістапада падчас мінамётнага абстрэлу загінулі дзеці, якія вярталіся са школы, і шафёр школьнага аўтобуса, многія атрымалі раненні.
12 лістапада Папа Францішак сустрэўся з Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам, кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Мітрапаліт прыбыў на Міжнародны экуменічны дзень на тэму “Праваслаўныя і католікі разам за сям’ю”, які пройдзе 13 лістапада і арганізаваны Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Аддзелам знешніх царкоўных сувязяў.
Несправядлівасці і крызісы ў глабалізаваным свеце патрабуюць “новай дыпламатыі”, якая мае на мэце карысць усіх дзяржаў і народаў, — на гэта звяртае ўвагу Папа Францішак у прадмове да кнігі свайго былога Дзяржсакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ “Папская дыпламатыя ў глабалізаваным свеце”.
Папа Францішак праз пасрэдніцтва Папскай рады “Cor Unum” накіраваў суму ў памеры 150 тысяч амерыканскіх долараў на дапамогу пацярпелым ад наступстваў тайфуну “Хайян”, які абрынуўся некалькі дзён таму на Філіпіны. Гэтая сума, гаворыцца ў паведамленні Папскай рады, будзе распаўсюджана праз мясцовы Касцёл сярод найбольш пацярпелых ад стыхійнага бедства.
Хворыя – гэта не проста аб’ект салідарнасці і дабрачыннасці, але ў поўнай меры ўдзельнікі жыцця і місіі Касцёла, - звярнуў увагу Папа Францішак падчас сустрэчы 9 лістапада з членамі, валанцёрамі і падапечнымі Італьянскага нацыянальнага саюза транспарту хворых у Лурд і міжнародныя санктуарыі (UNITALSI), якая існуе ўжо на працягу 110 гадоў.
25 лістапада Папа Францішак прыме на аўдыенцыі Прэзідэнта Расійскай Фэдэрацыі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.
Папа Францішак зацвердзіў тэму Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў Кракаве (Польшча) у 2016 г. Гэта будуць словы з Евангелля паводле Мацвея: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7). Акрамя таго, Пантыфік зацвердзіў тэмы дыяцэзіяльных Дзён моладзі, якія будуць папярэднічаць сусветнаму форуму.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 6 лістапада Папа Францішак звярнуўся да вернікаў з асаблівай просьбай – памаліцца за хворую дзяўчынку, якую сустрэў па дарозе на плошчу св. Пятра. Пантыфік расказаў, што паўтарагадовае дзіця, якое клічуць Ноэмі, мае цяжкую хваробу.
18 снежня ў Апостальскай Сталіцы Папу Францішку будзе перададзена Бэтлеемскае святло міру. Яго ўручыць Пантыфіку дзіця з Верхняй Аўстрыі ў рамках адмысловай пілігрымкі пасля агульнай аўдыенцыі.
4 лістапада Папа Францішак цэлебраваў у ватыканскай базыліцы Імшу ў інтэнцыі 9 кардыналаў і 116 біскупаў, якія памерлі на працягу мінулага года. Пантыфік назваў гэтых іерархаў «людзьмі, адданымі свайму пакліканню».
Святыя – людзі, якія цалкам належаць Богу, з’яўляюцца Яго вобразам і прыкладам для кожнага з нас, - сказаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў ва ўрачыстасць Усіх Святых каля ўваходу на манументальныя рымскія могілкі “Кампа Верана”, заснаваныя на пачатку ХІХ ст.