«У гэты асаблівы момант прашу вас маліцца за мяне і за Касцёл, давяраючы, як заўсёды, Божаму Провіду», — напісаў 24 лютага ў «Твітэры» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Гэта быў адзін з апошніх запісаў Папы на сваёй старонцы ў інтэрнэце.
Пасля малітвы «Анёл Панскі» 24 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на розных мовах падзякаваў вернікам за малітоўную падтрымку, якой яны суправаджалі яго Пантыфікат. Папа звярнуўся да ўдзельнікаў малітвы на плошчы Св. Пятра на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, польскай і італьянскай мовах.
23 лютага ў Апостальскай Сталіцы завяршыліся рэкалекцыі для Папы і Рымскай Курыі, якія правёў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі. На заканчэнне духоўных практыкаванняў Святы Айцец выказаў іерарху падзяку за іх правядзенне, а таксама супрацоўнікам курыі, якія неслі з Пантыфікам на працягу 8 гадоў цяжар служэння Пятра.
23 лютага Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Італіі Джорджыо Напалітана разам з яго жонкай. Італьянскі лідар стаў апошнім палітыкам, з якім сустрэўся ў сваім Пантыфікаце Бэнэдыкт XVI.
Кардынал Франчэска Кокапальмэрыа, старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, аўтарытэтны спецыяліст па Кананічным праве, лічыць, што пасля адстаўкі Бэнэдыкта XVI, яго статус можа разглядацца як Біскуп Рыма на пенсіі, а яго тытул можа застацца такім, які выкарыстоўваўся да гэтага часу — Яго Святасць Бэнэдыкт XVI.
Афіцыйнага адказу на пытанне, што будзе з профілем Бэнэдыкта XVI у Твітэры пасля 28 лютага, пакуль няма. Верагодна, што акаўнт @Pontifex у перыяд sede vacante застанецца без змен, а пасля абрання новага Папы будзе прынята канчатковае рашэнне аб яго будучыні.
28 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэнецца асабіста з кожным кардыналам, які будзе ў гэты час у Рыме. Як вядома, у гэты дзень Пантыфік складзе з сябе паўнамоцтвы Біскупа Рыма.
Рым рыхтуецца да прыняцця вялікай колькасці вернікаў і турыстаў у перыяд з канца лютага і да пачатку красавіка. Гэта звязана з жаданнем пілігрымаў з усяго свету ўдзельнічаць у апошніх мерапрыемствах, якія правядзе Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI перад сыходам з Пасаду св. Пятра, а таксама з увагай да будучага канклаву і ўрачыстасці інтранізацыі новага Папы.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI разважае над тым, каб у бліжэйшыя дні апублікаваць дакумент, які ўнясе дапаўненні ў Апостальскую канстытуцыю аб канклавах. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас сустрэчы з журналістамі 20 лютага.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI зацвердзіў новы склад кардынальскай камісіі, якая здзяйсняе нагляд за Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскім банкам). На працягу бліжэйшых пяці гадоў камісію будзе ўзначальваць Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ.
16 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў апошнюю ў сваім Пантыфікаце групу іерархаў, якая знаходзіцца з візітам ad limina ў Апостальскай Сталіцы, — біскупаў з Ламбардыі. Як адзначыў кардынал Анджэла Скола, які быў сярод іх, падчас сустрэчы Папа «жыва цікавіўся сітуацыяй нашых дыяцэзій».
16 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Гватэмалы Отта Фэрнанда Пэрэса Моліна. Гэта апошні палітык па-за межамі Італіі, з якім Папа сустрэўся падчас свайго Пантыфікату: сёння чакаецца таксама сустрэча з прэм’ерам Італіі, а 23 лютага — з Прэзідэнтам.
Старшыня Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што Папа «ясна казаў аб магчымасці» скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра ў кнізе-інтэрв’ю «Святло свету», а таксама меў звычку асцярожна і разважліва казаць аб будучых падзеях свайго Пантыфікату, даваў зразумець, што выконвае даручаную яму місію, а не карыстаецца атрыманай уладай.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падзякаваў ватыканскім журналістам за «восем гадоў службы». Папа выказаў падзяку прадстаўнікам Міжнароднага таварыства журналістаў (AIGAV), акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы, падчас аўдыенцыі для Прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсэску 15 лютага.
15 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі бельгійскага дабрачыннага фонду «Pro Petri Sede». Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што міласэрнасць, калі яна рэалізуецца ў хрысціянскім духу, нясе не толькі канкрэтную дапамогу патрабуючым, але таксама любоў і дабрыню Бога.