Да аднаўлення хрысціянскай маральнасці згодна са шляхам, указаным Янам Паўлам ІІ у энцыкліцы «Veritatis splendor» і аднаўлення ў праўдзе святарскага служэння заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай Курыі напярэдадні Божага Нараджэння 20 снежня 2010 г. Папа ўказаў таксама на неабходнасць паяднання на Блізкім Усходзе і на жыццё ў згодзе з «сумленнем, падпарадкаваным праўдзе, якое кажа аб прысутнасці Бога і ў сённяшнім свеце».
18 снежня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI наведаў Ватыканскую Апостальскую Бібліятэку пасля рамонту, дзе пагутарыў з яе персаналам і дырэктарам — кардыналам Рафаэле Фарына SDB. Штогод доступ у бібліятэку маюць каля 5 тысяч вучоных, але толькі Пантыфік валодае правам выносіць кнігі па-за межы бібліятэкі.
Галоўны рэдактар выдання Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» Джаванні Марыя Віян у чарговым нумары каментуе папскае пасланне на найбліжэйшы Сусветны дзень міру. У ім, як адзначаецца, гучыць водгук лацінскага выслоўя «si vis pacem para bellum» («хочаш міру — рыхтуйся да вайны»).
Да сінтэзу інтэлектуальнага развіцця, маральнай дысцыпліны і ўдзелу ў рэлігійным жыцці заклікаў акадэмічны свет Рыма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 16 снежня 2010 г. Папа сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі рымскіх універсітэтаў у базыліцы св. Пятра.
Надзею на паглыбленне каталіцка-лютэранскага дыялога выказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, прымаючы 16 снежня 2010 г. прадстаўнікоў Сусветнай лютэранскай федэрацыі — яе старшыню епіскапа Муніба Юнана і генеральнага сакратара пастара Марціна Юнге. Папа нагадаў, што ў пачатку свайго Пантыфікату ўжо сустракаўся з кіраўніцтвам федэрацыі.
Як мінімум 10 тысяч выкладчыкаў і студэнтаў рымскіх універсітэтаў прымуць удзел у традыцыйнай перадкаляднай сустрэчы са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане 16 снежня 2010 г. а 18-й гадзіне. Аб гэтым паінфармаваў вікарыят дыяцэзіі Рыма.
14 снежня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў святую Імшу ў ватыканскім кляштары Mater Ecclesiae — Маці Касцёла. З кастрычніка 2009 г. у кляштары жыве супольнасць з 7 сясцёр Ордэна Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (візітак), якая моліцца за Папу, супрацоўнікаў ведамстваў Апостальскай Сталіцы і ўвесь Касцёл.
Разам з абвешчанай біскупамі Германіі датай паездкі Святога Айца Бэнэдыкта XVI на сваю радзіму (22–25 верасня) вядомы таксама каляндар іншых падарожжаў Папы, запланаваных на 2011 год. Як паведамляе Ватыканскае радыё, гэта будуць чатыры візіты ў дыяцэзіі Італіі і чатыры замежныя паездкі.
У новым нумары выдання Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» яго галоўны рэдактар Джаванні Марыя Віян узгадвае аб візіце Святога Айца Бэнэдыкта XVI у парафію Святога Максімільяна Кольбэ на ўскраіне Рыма. Як адзначаецца, Папа прамовіў там гамілію, у якой «пракаментаваў пытанне, якое задалі Езусу вучні Яна Хрысціцеля: Ты той, хто павінен прыйсці, або нам чакаць іншага?».
«Сябры Хрыста» — такую назву мае кніга Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якая ўтрымлівае фрагменты аўдыенцый, прысвечаных дванаццаці апосталам і св. Паўлу. «Папа бярэ нас за руку і дапамагае адкрыць, кім былі першыя сябры Езуса, як яны сустрэлі Яго і як Ён паўплываў на іх сэрцы, так, што яны вырашылі ўжо ніколі не расставацца з Ім», — адзначаецца ва ўступе да кнігі.
Пра значэнне цярплівасці і вытрываласці ў жыцці чалавека казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў нядзелю 12 снежня 2010 г. Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік удзяліў апостальскае благаслаўленне і звярнуўся да прысутных на італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, венгерскай і польскай мовах.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі да абвяшчэння дэкрэтаў, якія датычаць 16 кандыдатаў да беатыфікацыі і кананізацыі. Гэта адбылося 10 снежня 2010 г. падчас аўдыенцыі, якую Папа ўдзяліў старшыні гэтага ведамства кардыналу Анджэло Амато.
10 снежня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю Прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайтэ. Лідэр Літвы сустрэлася таксама з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і Сакратаром па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці.
4 снежня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з Генеральным сакратаром Сусветнай рады Цэркваў пастарам Олафам Твейтам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла і Сусветнай рады Цэркваў.