Папа заклікаў хрысціян Блізкага Усходу да будавання міру і паяднання |
Святы Айцец |
12.09.2012 14:55 |
Да будавання міру і паяднання заклікаў хрысціян Блізкага Усходу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 12 верасня. Таксама Папа заахвоціў увесь Касцёл да салідарнасці з імі. «Дарагія пілігрымы, праз два дні я буду ляцець у самалёце ў Ліван», — сказаў Пантыфік. Папа дадаў, што гэтае апостальскае падарожжа дазволіць яму сустрэцца з рознымі прадстаўнікамі ліванскага грамадства: дзяржаўнымі ўладамі, рэлігійнымі лідарамі, католікамі розных абрадаў, хрысціянамі іншых канфесій і вызнаўцамі розных рэлігій, якія дзейнічаюць у гэтай краіне. «Дзякую Пану за гэтае багацце, якое можа існаваць надалей толькі тады, калі гэтыя групы жывуць у трывалым міры і еднасці», — адзначыў Святы Айцец. «Таму заклікаю ўсіх хрысціян Блізкага Усходу, як народжаных там, так і прыбыўшых, каб былі будаўнікамі міру і паяднання, — працягваў Папа. — Просім Бога, каб умацаваў веру хрысціян у Ліване і на Блізкім Усходзе і напоўніў іх надзеяй. Дзякую Богу за іх прысутнасць і заахвочваю ўвесь Касцёл да салідарнасці, каб яны маглі надалей сведчыць аб Хрысце ў гэтых благаслаўлёных землях, шукаючы камуніі ў еднасці. Дзякую Богу за ўсіх людзей і за ўсе арганізацыі, якія рознымі спосабамі ў гэтым дапамагаюць. Гісторыя Блізкага Усходу кажа аб важнай і часта першачарговай ролі, якую адыгрываюць розныя хрысціянскія супольнасці ў міжрэлігійным і міжкультурным дыялогу». |