Які шлях вядзе да вечнага жыцця? «Езус адказаў на гэтае пытанне, якое палае ў самай глыбіні нашага быцця, прайшоўшы шляхам крыжа», — так пачынаюцца разважанні да Крыжовага шляху, які пройдзе ў Вялікую пятніцу ў рымскім Калізеі з удзелам папы Францішка. Яны былі падрыхтаваны групай ліванскай моладзі і мараніцкім Патрыярхам Антыёхіі Бехарам Раі.
25 сакавіка разважанні з’явіліся на паліцах рымскіх кнігарняў у выглядзе маленькай брашуры, падрыхтаванай Ватыканскім выдавецтвам. Пасланне, якое змешчана ў іх, закранае ўсе катэгорыі людзей. Напрыклад, у І стацыі, дзе гаворка ідзе пра Пілата, узгадваецца пра ўсіх, «хто выкарыстоўвае сваю ўладу для служэння несправядлівасці і таптання чалавечай годнасці і права на жыццё». Адначасова ў бок моцных гэтага свету гучыць заклік, каб «валадарылі ў справядлівасці».
У IV стацыі, калі Езус сустракае сваю Маці, аўтары Крыжовага шляху скіроўваюць увагу на праблемы сем’яў і заклікаюць маліцца, каб яны сталі «аазісамі любові, міру і спакою, на падабенства Сям’і з Назарэта». «Езу, мы просім Цябе за ўсіх маладых людзей, якія, прыгнечаныя роспаччу, сталі ахвярамі наркотыкаў, сект і вычварэнстваў. Вызвалі іх з гэтага рабства», — гаворыцца ў разважанні да XI стацыі, у якой узгадваецца ўкрыжаванне Хрыста.
Таксама, як інфармуе Ватыканскае радыё, у разважаннях узгадваюцца праблемы «сляпой свецкасці» і «гвалтоўнага фундаменталізму», падзелаў у Касцёле, абортаў і эўтаназіі, войнаў на Блізкім Усходзе. (AG)
|