Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства: змены ў кампетэнцыі ведамстваў выяўляюць увагу Папы да выхавання святароў
Рымская курыя
26.01.2013 17:43

Сведчаннем «вялікай увагі Святога Айца да выхавання святароў» назваў прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства кардынал Маўра Пьячэнца прынятае 25 студзеня рашэнне Папы перадаць кіраванне духоўнымі семінарыямі ў кампетэнцыю гэтай Кангрэгацыі. Раней за справы семінарый адказвала Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі.

Іерарх лічыць, што гэтае рашэнне цалкам адпавядае праграме рэфармавання сферы падрыхтоўкі духавенства, закладзенай яшчэ Другім Ватыканскім Саборам. Кардынал нагадаў, што «жаданае абнаўленне ўсяго Касцёла залежыць у большай частцы ад святарскага служэння». «У гэтым кантэксце я думаю, што можна інтэрпрэтаваць рашэнне Пантыфіка (...) як крок на шляху спаўнення гэтай саборнай прапановы», — сказаў прэфект Кангрэгацыі ў размове з газетай Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano».

Як інфармуе Ватыканскае радыё, кардынал дадаў, што рашэннем надаць новыя кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Духавенства Папа перадаў ёй клопат аб святарах ад моманту распазнання імі паклікання праз вучобу ў семінарыі і на працягу ўсяго служэння.

Гаворачы аб сваіх планах адносна семінарыйнай падрыхтоўкі, іерарх адзначыў важнасць паглыблення ведаў будучых святароў аб змесце дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, асабліва прысвечаных святарству; працы над іх духоўнымі, чалавечымі і культурнымі рысамі; падрыхтоўцы святароў «высокай якасці» — здольных набліжаць Хрыста сваімі словамі і жыццём, цэлебраваць набажэнствы, дазваляючы заззяць сакральнасці таямніцаў ва ўсёй іх унутранай паўнаце.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме