Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі ў дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў у касцёле Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя)
2 лістапада 2009 г., Мінск

Помнікі на могілках сведчаць аб адыходзе людзей з гэтага свету. Яны як быццам просяць нас аб малітве, можа, просьбай без голасу, але настойлівай. За кожным помнікам хаваецца непаўторная гісторыя чалавека, багатая гісторыя, іншы раз сумная, нават трагічная, а іншы раз — велічная. Гісторыя перамог і паражэнняў, вялікіх справаў і балючых памылак, грахоў.

Божая справядлівасць прагне пакарання за злыя ўчынкі. Божая міласэрнасць, наадварот, гатова прабачыць, калі пачуе голас брата або сястры памерлага. Няхай супольная малітва сёння адчыніць сэрца міласэрнага Бога і няхай струмяні ласкі, якія збаўляюць чалавека, дасягнуць памерлых. Калі мы дапаможам ім увайсці ў дом нябеснага Айца, яны прабываючы там, зробяць усё, каб і мы туды трапілі.

Могілкі і смерць! Гэтыя словы заўсёды горкія, яны нагадваюць аб хвіліне развітання з жыццём. Нават калыска дае падставу думаць аб смерці. Той, хто будуе дом альбо купляе кватэру, павінен лічыцца з тым, што смерць, нібы вартаўнік, ужо чакае там яго і ў пэўны дзень перанясе чалавека ў іншае памяшканне, якое не мае дзвярэй, каб выйсці. Смерць — гэта неспадзяваны госць, нябачны член сям’і, якога не абмінуць, кат, сякера якога не прамахнецца, забойца, які не зважае ні на узрост, ні на званні.

Жыццё — гэта марш да смерці, а чалавек — вечны пілігрым. Кожны дзень забівае нас. Рымскі філосаф і грамадскі дзеяч Сенека напісаў: «Усе дні накіраваныя да смерці, а апошні дасягае яе». Смерць — гэта адзіная рэч і адзінае з’ява, наконт якой ніхто не мае сумнення і якой ніхто не абмінуў. У той жа час кожны нармальны чалавек мае адзінае нязгаснае імкненне: жыць вечна, жыць шчасліва і ніколі не перастаць існаваць.

Смерці, аднак, няма. Існуе толькі заканчэнне гэтага жыцця, пасля якога пачынаецца іншае жыццё. Цела распадаецца, бо яно створана з матэрыі, якая знішчаецца, аднак душа жыве ў іншым свеце, існуе іншым спосабам, таму што яна складаецца з матэрыялу, які не знішчаецца, — і таму несмяротная.

Памерлыя жывуць, бо дух несмяротны. Гэтага жадае ўся наша істота, імкнучыся, каб споўніліся найглыбейшыя жаданні, наталіліся туга і голад чалавечага сэрца. Мы хочам праўды, поўнай праўды, без ценю сумнення і няпэўнасці. Адчуваем тугу па шчасці без боязі, бясконцым, са святлом без ценю, без змяркання; мы прагнем жыцця, якога б не дасягнула рука смерці. У гэтым жыцці нікому такога не дадзена. Таму слушна спадзяемся, што нам дасць усё гэта «жыццё пасля жыцця». Пан, які паклікаў нас да жыцця, не можа нас карміць нязбытнымі надзеямі і чаканнямі, якія не спраўдзяцца. Не дазваляе гэтага Яго мудрасць.

Каменныя надмагільныя пліты нагадваюць аб прамінальнасці жыцця, радасных здарэннях з мінулага, няспраўджаных марах. Агеньчык свечкі кажа: «Памятай аб смерці». Крыжы на магілах і паніклая галава Хрыста прыпамінаюць аб малітве: «Ойча, у Твае рукі аддаю дух мой».

Але Божае слова не затрымліваецца на факце смерці, пераходзячы адразу ж да факту Змёртвыхпаўстання: «Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых?» Для св. Паўла смерць, а не жыццё, з’яўляецца чымсьці мінулым, што адышло ў нябыт. Гіёб пацвярджае: «Я ведаю. Мой Збавіцель жыве... Менавіта я Яго ўбачу».

Дзякуючы пераходу Хрыста, справядлівыя жывуць поўным жыццём. Тыя, хто разлічвае на ачышчэнне, спадзяюцца на нашы малітвы і чакаюць дапамогі, якая вынікае з ахвяры святой Імшы. Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам еднасці з імі, бо толькі праз Хрыста, з Ім і праз Яго можа быць такая лучнасць. Сёння святарам дазволена цэлебраваць тры святыя Імшы, каб яшчэ больш дзейснай была наша дапамога памерлым. Для іх гэта сапраўды вялікая дапамога.

Сёння мы молімся за памерлых. Але псальм нагадвае нам: «Будзь мужны, май адвагу і чакай Пана».

Адноўлена 03.11.2009 12:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі