Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Вялікдзень 2014]
Усяго 15 матэрыялаў адзначана цэтлікам Вялікдзень 2014.
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.


Вечарам ў Вялікую пятніцу, 18 красавіка, у Магілёве ў парафіі Святога Казіміра і Ядзвігі адбылося набажэнства Крыжовага шляху, а пасля — літургія Мукі Пана. Крыжовы шлях і Літургію ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Юрый Касабуцкі. У літургіі прыняў удзел пробашч парафіі а. Раман Шульц OP і вернікі горада.
“Беларусь, Хрыстус уваскрос! Мы адчуваем сябе адным народам і паважаем адзін аднаго, не выключаючы нікога, бо ўсе мы збаўленыя, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. Мы разам збаўленыя”, - піша Апостальскі Нунцый.
20 красавіка, ва ўрачыстасць Вялікадня, мінскія католікі сабраліся на рэзурэкцыйнай Імшы ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Імшой пасхальнай вігіліі ўвечары 19 красавіка, якую ўзначаліў віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, вернікі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску распачалі Вялікдзень - найвялікшае свята ўсяго літургічнага года. У гэтым годзе менавіта з віцебскай катэдры вялася прамая тэлевізійная трансляцыя, дзякуючы чаму ў малітве і перажыванні Пасхальнай Таямніцы разам з вернікамі Віцебска маглі яднацца католікі з розных мясцін Беларусі і іншых краін.
Удзень 20 красавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў урачыстую Імшу ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл святкуе ў гэты дзень Уваскрасенне Пана.
20 красавіка, калі Касцёл адзначае Уваскрасенне Пана, біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў урачыстую Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
“Хрыстус уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос!” – прагучала ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў велікодную раніцу 20 красавіка на пачатку ўрачыстай святой Імшы. “Гэтай радаснай навіной распачынаем урачыстую Эўхарыстыю, згадваючы тую вялікую падзею, якая датычыцца нашага збаўлення, – вяртання да жыцця Божага Сына, вяртання да жыцця таксама кожнага з нас, вяртання нашай надзеі, якую сёння дае нам уваскрослы Езус”, - паведаміў біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу.
19 красавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі асвяціў велікодныя стравы ў парафіях Магілёўшчыны і павіншаваў вернікаў з надыходзячай урачыстасцю Уваскрасення Пана.
Увечары 19 красавіка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўзначаліў літургію пасхальнай вігіліі ў катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве.
19 красавіка, у Вялікую суботу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці благаславілі стравы на велікодны стол і памаліліся разам з вернікамі ў некалькіх парафіях.
«“Хрыстус уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!” Няма больш радаснай весткі, якой чалавек мог бы падзяліцца з іншымі. І я маю вялікі гонар дзяліцца сёння з вамі гэтай радаснай навіной упершыню як ваш біскуп. Раблю гэта з пачуццём радасці і адначасова вялікай адказнасці, якую прыняў на сябе, калі згадзіўся на прапанову Папы Францішка стаць ардынарыем нашай Віцебскай дыяцэзіі», - піша біскуп Віцебскі.
“Мы ўвесь час нанова перажываем найважнейшую праўду хрысціянскай веры: Хрыстус Уваскрос! У Яго муках, пакутах і смерці на крыжы Бог аб’явіў нам таямніцу сваёй бясконцай любові да кожнага чалавека”, - адзначае біскуп Гродзенскі.
“Нават калі б у гісторыі чалавека і ў часы, у якія ён жыве, узмацнялася зло, то ўсё ж такі Езус, Пасхальная Ахвяра і Беззаганны Баранак, здабывае для яго перамогу. Трыумф Уваскрослага Пана становіцца нашай перамогай і адкрывае нам дарогу да пасхальнага жыцця разам з усім Божым людам”, - піша біскуп.
“Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца ажыўляючым глытком свежага паветра як у нашым асабістым жыцці, так і ў адносінах паміж людзьмі, каб там, дзе дзьме вецер злосці і нянавісці, запанавала згода; дзе пануе варожасць, настаў мір; дзе прыніжэнне – пашана, - адзначае Мітрапаліт. - Глыток свежага паветра на самой справе магчымы, бо ўваскрослы Хрыстус ёсць крыніцай надзеі, падобна як святло ў цемры”.
Вялікдзень — гэта свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго стварэння ў Езусе Хрысце. Вялікдзень таксама называюць Пасхай, што з габрэйскай мовы азначае пераход.