Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Без сантыментаў! Што Толкін пісаў пра адносіны мужчын і жанчын?
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
12.10.2015 12:24

Аўтар знакамітага «Уладара пярсцёнкаў» Джон Рональд Руэл Толкін не толькі пісаў каталіцкія па духу кнігі, але і меў 4 дзяцей, да якіх, калі яны ўжо сталі дарослымі, пісаў вялікія лісты, глыбока прасякнутыя не толькі бацькоўскай любоўю, але і сапраўдным каталіцкім рэалізмам.

Толкін быў перакананым католікам, закахаўся ў сваю будучую жонку, калі яму было 16, і пражыў з ёй усё жыццё. Яго старэйшы сын Джон Фрэнсіс стаў святаром.

Другі сын, Майкл, падчас Другой сусветнай вайны, калі служыў у брытанскай арміі, атрымаў доўгі і цікавы ліст пра тое, што такое каханне мужчыны і жанчыны.

Тых, хто празмерна рамантычна ставіцца да кахання, словы Толкіна, стваральніка чароўнага фантастычнага сусвету, могуць шакаваць, нават пакрыўдзіць. Аднак ён заклікае сына ўспрымаць рэчаіснасць па-хрысціянску рэалістычна, без ружовых акуляраў, бо толькі так можна пабудаваць сапраўдны шчаслівы шлюб.

Вытрымкі з гэтага ліста бацькі маладому сыну Catholic.by прапануе вашай увазе.

«Мы жывем у грэшным свеце. Сапсаванасць сексуальнага інстынкту — адзін з галоўных сімптомаў Падзення. Сусвет "згаршаецца" ў любую эпоху, мяняюцца сацыяльныя формы, аднак "цяжкі дух пажадлівасці" жыў на кожнай вуліцы, заглядаў ва ўсе хаты з часу падзення Адама.


У нашай заходняй культуры дагэтуль захоўваецца рамантычная рыцарская традыцыя, якая хоць з'яўляецца прадуктам хрысціянства, але часам супярэчыць яму. Гэтая традыцыя ідэалізуе "каханне" — што часта вельмі добра, бо мае на ўвазе не толькі фізічную асалоду, але, калі не чысціню, то як мінімум вернасць, а з гэтай прычыны самаадданасць, "доўг", ветлівасць, гонар і смеласць.

Аднак тут ёсць і слабасць — ... [такое "каханне"] мае схільнасць рабіць Даму нечым кшталту боскай зоркі, якая з'яўляецца аб'ектам ці прычынай шляхетнай службы з боку рыцара. Канешне, гэта няпраўда...

Жанчына — такое грэшнае чалавечае стварэнне, душа яе таксама ў небяспецы. Калі такое стаўленне кампенсуецца разумнай хрысціянскай верай, яно можа быць вельмі высакародным. У такім выпадку яно стварае сярод тых, хто захоўвае хоць частку хрысціянскай веры, самы высокі ідэал кахання паміж мужчынам і жанчынай.

Але такое стаўленне замінае ці можа замінаць успрыняць праўду — юнак і дзяўчына аднолькава з'яўляюцца ахвярамі, які выжылі пасля катастрофы, а не пуцяводнымі зоркамі...

Жанчынам, канешне, трэба быць больш асцярожнымі з сексуальнымі адносінамі, пры ўсіх кантрацэптывах. Памылкі наносяць шкоду целу, сацыяльнаму статуту (дый замінаюць знайсці мужа). Аднак дзяўчыны, калі яны не сапсаваныя, інстынктыўна шукаюць адзінага партнёра.


Мужчыны не маюць такога інстынкту... Не трэба і рабіць выгляд. Гэта іх жывёльная прырода. Манагамія (хоць яна ёсць асновай тых ідэй, спадкаемцамі якіх мы сталі) з'яўляецца для нас, мужчын, часткай "адкрытай" нам этыкі, тым, што ідзе ад веры, а не ад плоці. Кожны з нас можа без праблем для здароўя за 30 год паўнавартаснага мужчынскага жыцця стаць бацькам некалькіх сотняў дзяцей. І атрымліваць асалоду ад працэсу... Гэты свет сапсаваны грахом, і няма гармоніі паміж нашымі целамі, розумамі і душамі.

Па гэтай прычыне ў грэшным свеце шчасце нельга атрымаць бескантрольным пошукам асалоды, што зараз называюць "самарэалізацыяй", але толькі праз самаабмежаванне. Вернасць у хрысціянскім шлюбе і ёсць гэтым самаабмежаваннем, актам аскезы.

Для хрысціяніна-мужчыны тут няма выбару. Сужэнства можа дапамагчы яму асвяціць і накіраваць у правільны бок ягоныя сексуальныя пажаданні, ласка шлюбу можа дапамагчы яму ў барацьбе, аднак барацьба застаецца.

Аніводны мужчыны, як бы ён ні кахаў сваю нарачоную і нявесту ў маладосці, не быў ёй верны ў думках і целам без свядомага напружання волі, без самаабмежавання. Вельмі мала каго гэтаму вучаць — нават тых, каго гадуюць у Касцёле. Тыя, хто па-за Касцёлам, увогуле рэдка пра гэта чуюць.

Калі бляск закаханасці праходзіць ці хоць нават проста робіцца менш яркім, такія мужчыны пачынаюць думаць, што гэтае каханне было памылкай і што сапраўдную пару трэба шукаць далей. Наступнае "каханне" занадта часта аказваецца проста першай сексуальна прыцягальнай асобай, якая патрапіцца. Можна было б мець такі цудоўны шлюб, каб... Адсюль і развод, каб была магчымасць гэтага "каб".

Як правіла, канешне, яны маюць рацыю: гэта было памылкай. Амаль усе шлюбы, нават шчаслівыя, у нейкім сэнсе ёсць памылкамі — у тым сэнсе, што ў ідэальным свеце абодва партнёры маглі б знайсці больш гарманічную пару.


Аднак на самой справе твая "ідэальная пара" — гэта жанчына, на якой ты жанаты. У гэтым свеце, які перажыў грэхападзенне, нашымі адзінымі праваднікамі ёсць самадысцыпліна, мудрасць, чыстае сэрца і вернасць волі...»

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева

06.03 12:06Навіна пра пахаванні дзяцей у каталіцкім прытулку Ірландыі — маніпуляцыя. Чаму важна правяраць інфармацыю?
02.09 10:0010 цытат пра Маці Тэрэзу ад людзей, якія з ёй сустракаліся
10.08 09:00Татуіроўкі, Стары Запавет і хрысціянскі розум. Ці варта католікам рабіць тату?
02.08 13:32Тры прычыны, чаму «Вікінгі» — самы цікавы тэлесерыял для верніка
28.06 09:00Мастацтва публічнай палемікі і святы Тамаш Аквінскі
20.06 10:00Конрад Адэнаўэр: католік, які стварыў дэмакратычную Германію
05.04 00:01Апостал хрысціянскага патрыятызму: благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален
16.03 17:54Дзень cвятога Патрыка — свята радасці і хрысціянскага патрыятызму
27.01 00:00Еўропа і мігранты: паміж «Кёльнам» і добрым самаранінам
13.01 16:08Бацькоўства, адказнасць, гонар — каталіцкі біскуп з ЗША звярнуўся з кароткім фільмам да мужчын