Бацькоўства, адказнасць, гонар — каталіцкі біскуп з ЗША звярнуўся з кароткім фільмам да мужчын |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева |
13.01.2016 16:08 |
У фільме «Заклік да бою» свецкія католікі разам з кансэкраванымі асобамі разважаюць на тэму мужнасці і таго, як выхоўваць у сабе і ў дзецях сапраўдных католікаў — абаронцаў Касцёла, сям'і і сваёй краіны. Зараз у хрысціянскіх краінах падлеткі і маладыя мужчыны рэдка бачаць перад сабой прыклады таго, каб быць адказным бацькам і свядомым грамадзянінам, адзначае біскуп Томас Ольмстэд са штату Арызона. «Калі я гляджу на сённяшняе грамадства, я бачу патрэбу ў тым, каб мужчыны зразумелі, хто яны такія на самой справе», — гаворыцца ў фільме. Сярэдні хлопец, як адзначаецца, ужо ў сем гадоў аддаў больш часу тэлевізару, чым размовам з бацькам за ўсё сваё жыццё. Мужчыны фактычна адракліся ад адказнасці быць духоўнымі лідарамі сваёй сям'і. «Мы не выконваем сваіх абавязкаў мужчын-хрысціян, і гэта ўплывае на нашы сем'і і грамадствы. Ніколі раней не было столькі жонак без мужа, дзяцей без бацькі — усё з-за перакручвання і разбурэння ідэалу мужчыны. І грамадства трапляе ў замкнёнае кола, бо хлопцы растуць без бацькаў і самі не ведаюць, як быць бацькам, таму не могуць правільна рыхтаваць сваіх сыноў да сужэнскага жыцця і бацькоўства», — кажуць героі фільма. Такое ўражанне, што сучасная культура створана для таго, каб знішчыць сям'ю, адзначае адзін з удзельнікаў праекту адначасова з кадрамі дэманстрацый прыхільнікаў абортаў і гомасексуальнай прапаганды. «Крызіс наступіў, і нам патрэбны мужчыны, моцныя каталіцкія мужчыны, каб абараніць пралом у мурах нашага горада. Быць мужчынам значыць ахвяраваць. Мужчына мусіць быць гатовым памерці, калі трэба абараніць сям'ю, абараніць тое, што для яго мае самую вялікую каштоўнасць. Мужчына павінен самааддана любіць — праз ахвяраванне, праз службу, праз абарону», — сказана ў фільме. Гэта, тлумачыцца ў ім, не значыць, што ўсе мусяць быць героямі фільма «Адважнае сэрца» Мэла Гібсана: гэта перш за ўсё штодзённае ахвяраванне сабой дзеля іншых на працы і дома, што і ёсць сапраўднае значэнне слова «любоў». Можна пабудаваць сапраўдны фундамент для мужчыны толькі на той скале, якой ёсць Езус; Ён — прыклад для ўсіх мужчын, бо з крыжа паказвае нам, як любіць, як паміраць, каб іншыя жылі, гаворыцца ў фільме. Немагчыма быць мужчынам і католікам, але не імкнуцца быць бацькам для сваіх дзяцей — біялагічных ці духоўных — каб клапаціцца пра іх, вучыць і бараніць іх, сказана ў фільме. «Бацькоўства — гэта не столькі абавязак, колькі проста сутнасць мужчыны. Нават калі мы ў цэлібаце ці нежанатыя, мы даем прыклад бацькоўства. Мы павінны паказваць прыклад гераізму і ахвярнасці», — распавядае святар. Сапраўдная любоў, як адзначаецца, патрабуе авалодаць сабой, бо той, хто авалодаў сабой, можа аддаць сябе за іншага. Чалавек тым адрозніваецца ад усіх астатніх істотаў у свеце, што можа кіраваць сваімі пажаданнямі. Калі мужчына не супраціўляецца спакусам, як ён можа быць духоўным лідарам сям'і? Калі ён не намагаецца абараніць сваю душу, як ён можа бараніць цноту ў сям'і? Гэтыя пытанні ставяцца ў фільме. «Мы жывем у краіне, дзе так шмат хлеба і відовішчаў, што трэба вучыцца казаць ім "не". Калі ты вучышся адмаўляць сабе ў малым, то паступова рыхтуешся супраціўляцца і больш вялікім спакусам. Чалавек можа цярпець паразы на гэтым шляху, але быць мужчынам-католікам - гэта паднімацца зноў. Часта ў гэтым патрэбна дапамога братоў, і той брат, які мне дапамог учора, сёння атрымае дапамогу ад мяне», — кажа адзін з прамоўцаў. Святое Пісанне кажа: «Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго» (Прып 27, 17) У фільме адзначаецца, што наша грамадства зараз пабудавана на ізаляцыі людзей, якіх «яднае» толькі тэлевізар, што робіць сэрцы пустымі. Людзям патрэбныя іншыя людзі, таму што аднаму цяжка весці хрысціянскае жыццё. Таму патрэбныя братэрствы, колы добрых сяброў. «Цяжка навучыцца быць мужчынам з кніг, трэба вучыцца ў іншых мужчын, у супольнай працы, змаганні і размовах. Нам патрэбна, каб нашы браты глядзелі, наколькі мы адказныя, наколькі мы выконваем свае абяцанні, каб разам імкнуцца да адказнасці і гераізму. Трэба, каб адзін аднаму быў прыкладам гонару, чысціні, павагі. Патрэбны сябры, каб дапамагаць адзін аднаму ў змаганні, пераадоленні цяжкасцяў, падтрымліваць адзін аднаго», - сказана ў фільме. У такім коле аднадумцаў-сяброў мужчына больш моліцца, часцей чытае Евангелле, прыступае да сакрамэнту пакаяння, наведвае святую Імшу. Як жалеза, чалавек паляпшае чалавека, натхняе адзін аднаго, яны разумеюць, што яны — адна каманда. Разумеючы любоў Бога да сябе праз вывучэнне Пісання, атрымліваючы гэтую любоў праз размову з Богам у малітве і праз святую Камунію, мужчына можа перадаць яе сваёй жонцы, сваім дзецям, іншым людзям вакол сябе. Нельга даць тое, што не маеш, гучыць думка ў фільме. «Касцёл дае шмат зброі, каб бараніцца, каб бараніць нашы сем'і, але мы мусім выкарыстоўваць яе. Гэта бітва, і мы мусім быць падрыхтаваныя, каб не прайграць яе», — кажа адзін з удзельнікаў. Свету не хапае прысутнасці мужчын-католікаў, іх адказнасці, іх адданасці Хрысту, праз якога мы павінны адкрыць для сябе Бога-Айца, заключае біскуп Томас Ольмстэд. Аляксандр Гелагаеў паводле фільма «Заклік да бою» |