Мастацтва публічнай палемікі і святы Тамаш Аквінскі |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева |
28.06.2016 09:00 |
Шмат у якіх колах зараз расце занепакоенасць празмернай палітычнай карэктнасцю, якая захапіла дыскусійныя пляцоўкі ў еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтах і іншыя публічныя форумы. Нават вялікія творы літаратуры і філасофіі — ад дзіцячай класікі «Гекльберы Фіна» і да «Крытыкі чыстага розуму» Канта — цяпер рэгулярна суправаджаецца папярэджаннямі адносна расізму, сексізму, гамафобіі ці класавых перадузятасцяў у гэтых кнігах. Усё больш і больш у нашых каледжах узнікае «бяспечных прастораў», дзе асабліва адчувальныя студэнты могуць схавацца ад сутыкнення з меркаваннямі, якія ім не падабаюцца. Мой любімы прыклад гэтага адбыўся ва ўніверсітэце Brown University, дзе кіраўніцтва стварыла такія месцы, дзе можна было пагуляць з дзіцячымі цацкамі, каляровымі алоўкамі і паглядзець відэа з вясёлымі шчанюкамі. Усё гэта было для супакойвання нерваў студэнтаў нават да пачатку дэбатаў! Відавочна, нават перспектыва публічнай дыскусіі выклікала ў гэтых маладых людзей патрэбу адправіцца ў трохі мадэрнізаваны варыянт дзіцячага садку. І, канешне, парадаксальным спадарожнікам такой празмернай адчувальнасці да магчымай абразы з'яўляецца агрэсіўнасць і вербальны гвалт. Бо калі сапраўдная дыскусія выключаная, адзіным выхадам для двух нязгодных групаў з'яўляюцца тая ці іншая форма цэнзуры і запалохвання. Несумненна, з многіх такіх з'яў можна і трэба смяяцца, але я не пайду па гэтым шляху. Замест гэтага я хацеў бы згадаць час, калі людзі ведалі, як весці публічныя дэбаты на тэмы, якія выклікаюць самыя гарачыя спрэчкі. Хоць гэта можа многіх здзівіць, я кажу пра Высокае Сярэднявечча, калі нарадзілася ўніверсітэцкая сістэма. А каб праілюстраваць сярэднявечны метад упарадкаванай дыскусіі, няма лепшага кандыдата, чым святы Тамаш Аквінскі.
Звяртаючыся да шэдэўру Аквіната, Summa theologiae, мы бачым, што ён ставіць літаральна тысячы пытанняў, і не адмаўляецца абмяркоўваць нават самыя святыя для католіка тэмы. Найлепшае сведчанне гэтаму — пытанне: «utrum Deus sit?» («Ці існуе Бог?») Калі дамініканскаму святару дазволена задаваць нават гэтае пытанне, то можна любыя, то няма ніякіх занадта небяспечных для абмеркавання тэмаў. Святы Тамаш ставіць праблему, а потым фармулюе доказы супраць той пазіцыі, якую ён потым будзе займаць. У шмат якіх выпадках гэтыя доказы супраць існавання Бога — сума сапраўдных аргументаў і пытанняў, якія чуў Аквінат на публічных дыскусіях ва ўніверсітэце. Аднак нам важна падкрэсліць, што Тамаш агучвае гэтыя контрдоказы ў іх найбольш пераканаўчай форме, часам фармулюючы іх лепей і больш змястоўна, чым гэта маглі сапраўдныя апаненты. Пра гэта сведчыць той факте, што ў эпоху Асветніцтва філосафы-рацыяналісты часам выкарыстоўвалі аргументы Фамы ў сваіх антырэлігійных працах. Прывядзем толькі адзін прыклад, каб паказаць выключна пераканальную фармулёўку «аргумента з боку зла» супраць існавання Бога, якую прыводзіць Аквінат: «Калі б адно з двух супрацьлегласцяў было бясконцым, іншае б не існавала... Аднак Бога называюць бясконцым дабром. Таму, калі Бог існуе, не было б зла». Аквінат потым адказвае на гэты аргумент* (як ён гэта робіць, можна прачытаць у канцы артыкула!), аднак, як я казаў вышэй, гэта сапраўды якасны аргумент. Мяркую, карыснасць і ўзровень публічных дыскусій вельмі б выраслі ў нашай краіне, каб кожны бок хацеў фармуляваць пазіцыю сваіх апанентаў з такой жа павагай і гэтак жа пераканаўча. Пасля таго, як Тамаш Аквінскі агучыў аргументы супраць існавання Бога, ён прапануе ўласнае вырашэнне праблемы: «Respondeo dicendum quod... («Адказваю, што трэба сказаць...»). Адна з найбольш вартых жалю прыкметаў постмадэрнісцкага розуму — тэндэнцыя бясконца адцягваць адказ на пытанне. Паглядзіце на працы Жака Дэрыды, калі хочаце атрымаць майстар-клас у гэтым уменні. І, на жаль, сёння многія, хто так моцна хоча нікога не пакрыўдзіць, знаходзяць выхад у такой бясконцай нявырашанасці. Святы Тамаш Аквінскі, святы Пій і святы Пётр Пакутнік. Магчыма, вядуць тэалагічны дыспут. Але Тамаш ведаў тое, што ведаў і Г.К.Чэстэртан — што адкрыты розум, як і адрыты рот, створаны для таго, каб урэшце рэшт закрыцца, атрымаўшы нешта змястоўнае і карыснае. Таму, прапануючы свой варыянт адказу на пытанне «Ці існуе Бог?», Аквінат вяртаецца да контраргументаў і адказвае на іх. Пры гэтым варта адзначыць, што доктар Касцёла звычайна знаходзіць нешта правільнае ў пазіцыі апанента, а потым выкарыстоўвае гэта, каб выправіць тое, што ён лічыць памылковым у ёй. Падчас гэтага працэсу, у контраргументах, Respondeo, адказах на контраргументы, Тамаш выкарыстоўвае шырокае кола крыніц: канешне, Біблію і Айцоў Касцёла, але таксама і творы антычных філосафаў Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, яўрэйскага філосафа і тэолага Машэ Майманіда, ісламскіх мысляроў Авероэса і Авіцэны. Святы заўсёды згадвае іх з найвялікшай павагай, называючы Арыстоцеля, напрыклад, проста «Філосафам», а Майманіда — «Рабі Мошэ». Можна ўпэўнена казаць, што Тамаш Аквінскі ў шмат якіх важных пытаннях нязгодны з гэтымі людзьмі, аднак ён абсалютна гатовы прыслухацца да іх, дыскутаваць з імі і сур'ёзна прымаць іхныя аргументы. Метад Тамаша стварае своеасаблівую «бяспечную прастору» для дыскусіі, аднак гэта бяспечная прастора для дарослых, а не для палахлівых дзяцей. Выкажу сваё сціплае меркаванне, што было б нядрэнна і зараз арыентавацца на прыклад святога Тамаша пры абмеркаванні важных пытанняў.
*Святы Тамаш Аквінскі адказвае на аргумент «калі б існаваў Бог, то ў свеце не было зла»: «Сказана Аўгустынам: "Пан Бог, Які ў найвышэйшай ступені добры, ніколі б не дазволіў, каб у Ягоных справах было хоць колькі-небудзь зла, калі не быў бы такім усемагутным, каб і гэтае зло пераўтвараць у дабро". Гэткая адна з праяваў бясконцай дабрыні Пана Бога, што Ён дапускае існаваць і злу, каб і яго пераўтвараць у дабро.» Неабходная заўвага ад перакладчыка: сам аргумент, які абвяргае святы Тамаш першапачаткова сыходзіць з таго, што абсалютнага зла ў свеце не існуе; нават сатана — толькі стварэнне Божае, якое паўстала супраць Бога, выкарыстоўваючы дадзеную Богам свабоду волі. Таму дыспут ідзе менавіта пра злыя ўчынкі людзей, хваробы, прыродныя катастрофы і таму падобнае. |