Конрад Адэнаўэр: католік, які стварыў дэмакратычную Германію |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева |
20.06.2016 10:00 |
«Бацька Новай Германіі» — так называлі адданага сына Касцёла, які ў узросце 73 год узначаліў разбураную вайной краіну і зрабіў магчымым адраджэнне нямецкай эканомікі. «Тут няма з-за чаго плакаць!», — сказаў Конрад Адэнаўэр сваёй дачцы перад самай смерцю ў 1967 годзе. Не толькі трываласць характара, але і хрысціянскі дух веры ў справядлівасць Божую і ў тое, што смерць цялесная з’яўляецца толькі пачаткам будучага жыцця, бачныя ў гэтых словах. Застаецца толькі пагадзіцца са старым палітыкам, бо гэты чалавек не толькі пражыў вялікае і багатае на падзеі жыццё, але і заставаўся ўсё жыццё і сапраўдным хрысціянінам, і сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы. Шмат узнагарод за сваё жыццё атрымаў Конрад Адэнаўэр, але найбольш высока ягоныя заслугі ацаніў Святы Пасад. Цэлыя чатыры ордэны ад Пантыфікаў атрымаў нямецкі дзяржаўны дзеяч, у тым ліку самы галоўны — Вышэйшы Ордэн Хрыста. Конрад нарадзіўся ў 1876 годзе трэцім з пяці дзяцей у каталіцкай сям'і ў горадзе Кёльне, з якім захаваў сувязь на ўсё жыццё. У гэты час у Нямецкай Імперыі адбывалася так званае «Культурнае змаганне» (Kulturkampf) — спробы максімальна падпарадкаваць Каталіцкі Касцёл дзяржаўным уладам і знізіць ягоны ўплыў на грамадскае жыццё. Выхаванне і адукацыя ў такой абстаноўцы не толькі не прымусіла юнака хаваць сваю рэлігійнасць, але зрабіла яго абаронцам Касцёла. Конрад у студэнцкім таварыстве ў Фрайбурзе. Конрад Адэнаўэр вывучаў права і палітычныя навукі ў нямецкіх універсітэтах у Фрайбурзе, Мюнхене і Бонне, дзе далучыўся да каталіцкіх студэнцкіх арганізацый. Потым вярнуўся ў родны Кёльн, дзе працаваў адвакатам. 1906 годзе паспяховы юрыст далучыўся да «Партыі Цэнтра» — каталіцкай нямецкай палітычнай партыі, якая змагалася супраць «Культуркампфа» і абараняла каталіцкія прынцыпы ў палітыцы і эканоміцы. Прыхільнасць кёльнцаў да разважлівасці, здаровага сэнсу, парадку і хрысціянскай маралі супадалі з прынцыпамі самаго Конрада, і ў 33 гады яго абралі ў віцэ-мэры вялікага індустрыяльнага горада. У 1917 годзе ён узначаліць горад сам і да 1933 году будзе кожны раз перамагаць на выбарах. Чарга беспрацоўных у Нямеччыне падчас эканамічнага крызісу. Нямеччына прайграла вайну, у 1918 годзе тут адбылася рэвалюцыя — але Адэнаўэр праз здольнасць дамаўляцца і заўсёды абараняць інтарэсы сваіх суграмадзян утрымаў парадак у Кёльне і зрабіў пасляваенные гады меньш галоднымі для кёльнцаў. Горад часова патрапіў пад брытанскую акупацыю, але і тут мэр наладзіў адносіны такім чынам, каб нейтралізаваць дзеянні камуністаў і іншых радыкалаў. Прыход да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 годзе ліквідаваў мясцовае самакіраванне ў Кёльне. Конрад Адэнаўэр, якому ўжо было 57 год, не прайграў выбары, але быў прымушаны пакінуць уласны пост не маючы грошаў, дома і працы. У гэты час ён меў ужо 8 дзяцей, і найперш імкнуўся абараніць іхны лёс. З часткай сям'і ў 1930-я гады. На некалькі месяцаў прытулак яму даў мясцовы бэнэдыктынскі кляштар, яшчэ не адзін раз жыццё палітыка было пад пагрозай, і яму прыходзілася шмат разоў змяняць месца жыхарства. У 1944 годзе, калі адбыўся замах нямецкіх афіцэраў-нацыяналістаў на жыццё лідара нацыстаў Адольфа Гітлера, Конрад Адэнаўэр патрапіў у канцлагер. Адпушчаны з-за хваробы апанент нацыстаў зноў быў арыштаваны, аднак з-за нейкай шчаслівай выпадковасці зноў быў вызвалены. Пасля вайны Адэнаўэр вярнуўся ў родны горад і прысвяціў жыццё адбудаванню новай цямецкай партыі — Хрысціянскага Дэмакратычнага Саюзу (ХДС), дзе большасць будуць складаць католікі, аднак сяброўства будзе адкрытае і для пратэстантаў. Дасведчаны палітык лічыў, што партыя такім чынам зможа сабраць болей галасоў і будзе надзейным бар'ерам супраць радыкальных сіл. Нармалізацыя сувязяў пасляваеннай Нямеччыны з адроджаным Ізраілем. Конрад Адэнаўэр з прэм'ерам Ізраіля Давідам Бен-Гурыёнам. У 1949 годзе ў Заходняй Нямеччыне (усходняя частка краіны патрапіла пад кантроль камуністычнай Масквы) адбыліся першыя агульнанацыянальныя выбары, і на гэтых выбарах перамог ХДС. Ідэяй новага канцлера — Адэнаўэра — было залячыць раны паміж Нямеччынай і іншымі краінамі Заходняй Еўропы, увайсці ў НАТО, каб супрацьстаяць ваеннаму ціску з боку СССР. «Для нас існуе толькі адзін шлях, каб захаваць палітычную свабоду, асабістую свабоду, бяспеку, лад жыцця, які фармаваўся стагоддзямі і які заснаваны на хрысціянскіх і гуманістычных ідэях... Мы павінны рашуча і цвёрда супраціўляцца любому далейшаму ціску з Усходу», — заявіў палітык, які абвесціў стварэнне новай нямецкай арміі. Адначасова канцлер, якому ўжо было амаль 80 год, абараняў незалежнасць і эканамічны патэнцыял Нямеччыны, бо суседзі ўсё яшчэ баяліся, што краіна зноў стане магутнай мілітарысцкай дзяржавай. У 1951 годзе канцлер дамогся заключэння з Францыяй дамовы аб стварэнні Еўрапейскай супольнасці вугля і сталі — арганізацыі, якая стала грунтам далейшай інтэграцыі на кантыненце і зрабіла амаль неверагоднай новую вайну паміж Нямеччынай і Францыяй. Новая Нямеччына павінна быць заснавана на хрысціянскіх прынцыпах, а дзяржава больш ніколі не павінна быць дамінуючай уладай над чалавечай асобай, казаў Адэнаўэр. Палітык у касцёле. «Празмерная сацыялістычнасць эканамічнай структуры аддае зашмат улады ў руках дзяржавы, і мы ведаем, як гэта небяспечна для народу... Абагаўленне дзяржавы і неабмежаванае пашырэнне яе правоў, якое заснаванае на матэрыялістычным светапоглядзе, досвед якога мы ўжо мелі ў мінулым, ніколі больш не павінны перамагчы», — адзначаў палітык, які за свой вялікі ўзрост і досьвед атрымаў ад сучайчыннікаў мянушку «Стары», як і наш князь XVI-га стагоддзя Жыгімонт Стары. Гэтыя ягоныя словы вельмі нагадваюць важныя дакументы Касцёла, якія былі апублікаваныя падчас жыцця Конрада Адэнаўэра — энцыкліку Папы Льва XIII «Rerum Novarum» і энцыкліку Папы Пія ХІ «Mit Brennender Sorge». У першай з іх Пантыфік звяртаецца да эканамічных пытанняў і піша, што сацыялізм не можа быць асновай сацыяльнай справядлівасці: «Каб вылячыць гэтыя заганы, сацыялісты разлічваючы на зайдрасць бедных багатым, прапануюць знішчыць прыватную ўласнасць і патрабуюць, каб асабістая маёмасць стала агульнай і знаходзілася пад ведамам дзяржавы ці мясцовых уладаў... Аднак прапановы гэтыя настолькі нягодныя, што, калі выканаць іх, працоўныя б сталі першымі ахвярамі». У энцыкліцы «Mit Brennender Sorge», якая скіраваная супраць нацызму, Папа Пій ХІ з іншага боку крытыкуе абагаўленне дзяржаўнай улады: «Хто ўзводзіць расу, ці народ, ці дзяржаву ці нейкую асаблівую форму дзяржавы, ці маючых уладу, ці нейкую іншую фундаментальную каштоўнасць чалавечага грамадства — якімі б не былі неабходнымі і ганаровымі іх функцыі ў свецкіх справах — хто ўзводзіць гэтыя паняцці вышэй годнасці, якая ім належыць, і абагаўляе іх да ступені ідалапаклонства, той вычварае і знявечвае сусветны парадак, задуманы і ўтвораны Богам». Сустрэча з Папам Янам XXIII. Адмаўляючы сацыялізм, св. Папа Рымскі Ян Павел ІІ і зараз Папа Францішак таксама адзначаюць заганы неабмежаванага капіталізму. Толькі ў кантэксце Евангелля і любові да бліжняга эканамічная свабода сапраўды цалкам служыць людзям. Такія ж ідэі пашыраў і Конрад Адэнаўэр, які здолеў пабудаваць пасляваенную Нямеччыну на ідэях эканамічнай свабоды і сацыяльнай справядлівасці. У выніку ў 1950-я гады ў Нямеччыне адбыўся эканамічны цуд, і не толькі павялічылася багацце вялікіх кампаній, але і звычайныя працоўныя ўбачылі, як амаль ў 2 разы за 10 год вырас іхны дабрабыт. Чалавек году, які даў зламанаму нямецкаму дубу новае жыццё. Падсумоўваючы свой досвед у палітыцы, Конрад Адэнаўэр неяк распавёў: «Прафесійная палітыка — не надта зручная рэч для хрысціяніна. Гэта як ставіць шэст у ваду. З-за праламлення святла ў вадзе самы просты шэст будзе здавацца крывым». «[Галоўная бітва нашага часу] — гэта змаганне паміж хрысціянствам і матэрыялізмам», — адзначаў ён. «І гэты канфлікт існуе таксама ў дэмакратычных краінах. Сучасны свет, у якім мы жывем, з кіно, радыё і тэлебачэннем, вядзе да стварэння масавага грамадства, а "чалавек масы" заўсёды схіляецца ў бок матэрыялізму. Каб ураўнаважыць гэта, нам патрэбныя ва ўсіх краінах хрысціянскія партыі, якія не толькі напаўняюць палітычнае, сацыяльнае і эканамічнае жыццё хрысціянскім духам, але і перш за ўсё ствараюць найбольш важныя ўмовы для існавання індывідуума як хрысціяніна», — прароча казаў хрысціянскі палітык, які пакінуў пасаду старшыні ўраду Заходняй Нямеччыны, калі яму споўнілася 87 год. Аляксандр Гелагаеў |