Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Татуіроўкі, Стары Запавет і хрысціянскі розум. Ці варта католікам рабіць тату?
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
10.08.2016 09:00

Ад невялікіх татуіровак на шчыкалатцы да цэлых карцін на скуры — мужчыны і жанчыны з тату сустракаюцца апошнім часам усё часцей. Калі раней у Беларусі татуіроўкі асацыіраваліся амаль выключна са злачынным мінулым чалавека, які іх мае, то зараз у Мінску праходзяць конкурсы майстроў татуіроўкі, працуе шмат майстэрняў на любы густ. Аднак пры ўсёй папулярнасці — ці не супярэчыць пастаянны малюнак на сваім целе каталіцкай маралі?

«Я ведаю, што адказы на гэтае пытанне паўстаюць вельмі розныя. Адныя людзі лічаць, што рабіць татуіроўкі — заўсёды амаральна. Іншыя думаюць, што маляванне на сваім целе нязменных выяў — нармальны спосаб самавыяўлення», — адзначае каталіцкі журналіст Сэм Гузман.

Наколькі стары Стары Запавет?

Галоўны аргумент праціўнікаў татуіровак — цытата з біблейскай Кнігі Левіт:  «Не рабіце нарэзы на целе вашым у знак жалобы па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры вашай. Я — Пан!»

Гэта выглядае як забарона любых татуіровак, але Касцёл афіцыйна ніколі не забараняў тату. Чаму?

Цалкам магчыма, таму што старазапаветны Закон мае на ўвазе татуіроўкі, якія рабіліся як знак прыхільнасці да таго ці іншага язычніцкага культу і падчас язычніцкіх рытуалаў.


Крымінальныя татуіроўкі.

Да таго ж Евангелле адмяніла для ўсіх хрысціян старазапаветныя законы — у тым жа 19 раздзеле Кнігі Левіт мы знаходзім аналагічныя забароны: на пэўныя фрызуры; на галенне барады; на засяванне палёў рознымі гатункамі насення; на вопратку з тканіны, у якой бавоўна змешана з шоўкам.

Відавочна, што гэтыя забароны мелі значэнне ў тыя часы, калі трэба было адасобіць Абраны народ ад суседніх плямёнаў язычнікаў, каб захаваць адзінабожжа Абрагама ад любога змешвання і забруджвання язычніцкімі ідэямі, стылем жыцця і звычкамі.

Акультныя татуіроўкі.

Усе гэтыя забароны не выконваліся нашымі продкамі ўжо пасля прыняцця хрысціянства, не выконваюцца зараз, і Касцёл ніколі не патрабаваў выкання гэтых старазапаветных законаў.  

Такім чынам, канешне, не варта асуджаць свайго бліжняга-хрысціяніна толькі за тое, што ў яго ёсць татуіроўка.

Амерыканскія матросы робяць татуіроўкі.

Святыня Духа Святога

У энцыкліцы «Laudato Si»  Папа Францішак адзначаў: «Наша цела ставіць нас у непасрэдныя адносіны са стварэннем і іншымі жывымі істотамі. Прыняцце ўласнага цела ў якасці дару Божага неабходна для прыняцця ўсяго свету як дару Айца і супольнага дому».

Адначасова наша цела — святыня Духа Святога, кажа святы апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў: «Ці не ведаеце, што целы вашыя – гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе?»

Патрыятычная беларуская татуіроўка з выявай Максіма Багдановіча і яго вершам.

Такім чынам, католік павінен паважаць і прымаць сваё цела такім, якім яно ёсць — як святыню Духа Святога і дар Божы. Што гэта значыць? Відавочна, кожны разумее па-свойму.

Нудысты сказалі б — гэта значыць, што мы ўсе павінны хадзіць голымі і дэманстраваць свае целы ва ўсёй іх прыгажосці. Іншыя скажуць наадварот — што трэба берагчы цела ад магчымага бруднага погляду, і пажадана, як мусульмане, яшчэ і паранджу на твар павесіць. Прыхільнікі татуіровак скажуць — хіба мы не можам упрыгожваць нашы святыні? Праціўнікі адкажуць — хіба кожнаму дазволена маляваць тое, што захочацца, на мурах касцёлаў?

Паўторым, Касцёл ніколі афіцыйна не выказваўся на тэму татуіровак. Такім чынам кожны католік можа самастойна рабіць свае высновы на гэты конт — ці варта ўпрыгожваць сваю святыню і якім чынам.

Адзін з найбольш распаўсюджаных сімвалаў Вялікага княства Літоўскага — герб «Калюмны».

Можа, прасцей проста ў спартзалу часцей хадзіць? Гарантую, святыня праз некалькі месяцаў можа стаць значна прыгажэйшай і здаравейшай.

Галава — неабходная прылада хрысціяніна

Што да мяне — я наўрад ці калі-небудзь буду рабіць татуіроўкі. Яны мне нагадваюць вопратку, якую немагчыма зняць, а густы ў людзей змяняюцца часцей, чым можна было б падумаць. Дарэчы, гэта датычыцца не толькі вас, але і таго чалавека, з якім вы, можа быць, захочаце стварыць сям'ю. Вашы эстэтычныя густы адносна татуіровак зусім неабавязкова супадуць, і шматабяцальнае знаёмства можа скончыцца нічым пасля першай жа сустрэчы.

Сімвалы, якія маюць субкультурнае і акультнае значэнне.

З гэтай прычыны, нават калі вы ўсё ж вырашылі зрабіць тату, вам прыйдзецца вельмі добра падумаць над зместам. Канешне, свядомы католік не дазволіць сабе зрабіць парнаграфічную, крымінальніцкую ці сатанісцкую татуіроўку, але ці кожны зразумее сэнс таго ці іншага сімвала?

Таксама варта падумаць — а ці не будзе потым гэтае тату (нават самае прыстойнае) замінаць вам у жыцці? Многія дзяржаўныя арганізацыі і шмат якія камерцыйныя кампаніі могуць проста не ўзяць вас на працу, калі з-пад вопраткі будзе бачная татуіроўка. У некаторыя сілавыя структуры на пэўныя пасады вас могуць не ўзяць і тады, калі знойдуць тату нават пад вопраткай.

Дададзім, што некаторыя быццам бы цалкам нявінныя тату могуць азначаць нешта іншае для крымінальнікаў ці прадстаўнікоў пэўных субкультур — і гэта можа быць для вас непрыемным сюрпрызам.

Палітычная сімволіка таксама нясе пэўную небяспеку — у Беларусі вайны няма, дзякуй Богу, але вось падчас вайны ва Украіне многія байцы ўжо на сваім досведзе зразумелі, што з некаторымі татуіроўкамі ў палон лепш не трапляць.

Маленькая гісторыя пра вернасць

Пры ўсіх старазапаветных забаронах на татуіроўкі, вядома, што ў некаторых хрысціянскіх народаў, наадварот, яны рабіліся масава. І Касцёл зноў жа дапускаў гэтую практыку. Чаму?

У католікаў харватаў і баснійцаў падчас турэцкага панавання дзяцей часта адбіралі ў бацькоў — хлопчыкаў прымушалі пераходзіць у іслам, каб потым выхоўваць з іх салдат-янычар, а дзяўчат бралі ў нявольніцтва.

Жанчыны-каталічкі ў Босніі.

Таму хлопцы, дзяўчаты, а таксама дарослыя рабілі сабе татуіроўкі з хрысціянскімі і этнічнымі матывамі, каб пазначыць сваю ідэнтычнасць і паказаць сваю веру, заўсёды памятаць пра яе нават у палоне на чужой зямлі.

Ці будзе татуіроўка для вас такой жа каштоўнай і неабходнай, як для гэтых хрысціян? Ці значыць яна для вас гэтак жа шмат, як для іх?

А можа, гэта толькі мода і жаданне выглядаць крутым, як Міхалок ці Гуркоў? Але я ўпэўнены, што не тату робяць іх крутымі.

Вы ведаеце, хто гэта.

Аляксандр Гелагаеў паводле Сatholicgentleman.net

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева

06.03 12:06Навіна пра пахаванні дзяцей у каталіцкім прытулку Ірландыі — маніпуляцыя. Чаму важна правяраць інфармацыю?
02.09 10:0010 цытат пра Маці Тэрэзу ад людзей, якія з ёй сустракаліся
10.08 09:00Татуіроўкі, Стары Запавет і хрысціянскі розум. Ці варта католікам рабіць тату?
02.08 13:32Тры прычыны, чаму «Вікінгі» — самы цікавы тэлесерыял для верніка
28.06 09:00Мастацтва публічнай палемікі і святы Тамаш Аквінскі
20.06 10:00Конрад Адэнаўэр: католік, які стварыў дэмакратычную Германію
05.04 00:01Апостал хрысціянскага патрыятызму: благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален
16.03 17:54Дзень cвятога Патрыка — свята радасці і хрысціянскага патрыятызму
27.01 00:00Еўропа і мігранты: паміж «Кёльнам» і добрым самаранінам
13.01 16:08Бацькоўства, адказнасць, гонар — каталіцкі біскуп з ЗША звярнуўся з кароткім фільмам да мужчын