Калі ў пятніцу захацелася каўбасы… |
Лікбез ад Catholic.by |
28.09.2012 17:02 |
Шаноўныя чытачы, мы працягваем дапамагаць вам і сабе разабрацца з некаторымі, часам банальнымі, пытаннямі нашай веры. З аднымі з іх сустракаюся ледзь не кожную пятніцу, калі католікі павінны захоўваць пост. На тэрыторыі Беларусі пятнічны пост абавязкова павінен быць выражаны як мінімум ва ўстрыманні ад спажывання мясной ежы. Але гэты мінімум выклікае максімум пытанняў: «а мясны пашцет можна?», «а свіную печань?», «а які сэнс у посце, калі свініну замяняем мясам ласося?» Прабачце, дарагія чытачы, што пішу пра гэта акурат у пятніцу… Але ж варта разабрацца. Дапаможа нам у гэтым кс. Андрэй Кеўліч. Пост. Што, як, навошта Адкуль і як даўно ў Каталіцкім Касцёле ўзнікла практыка посту? З якой мэтай? У Касцёле практыка посту існавала заўсёды — сам Хрыстус даў прыклад сваім вучням, падрыхтоўваючыся да місіі прапаведавання, калі на працягу 40 дзён знаходзіўся ў пустыні. Езус Хрыстус, які быў Богам, па сваёй чалавечай прыродзе меў патрэбу ва ўмацаванні, у падрыхтоўцы духоўнай, душэўнай і фізічнай да свайго служэння. Менавіта таму перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці Ён пайшоў у пустыню і там пасціў — нічога не еў і не піў. Пост з’яўляецца магутнай зброяй для рэалізацыі Божых планаў, для навяртання людзей, перамогі над д’яблам. Пост аздараўляе хворых, праганяе злыя думкі, раз’ясняе дух, ачышчае сэрца, асвячае цела, пераносіць чалавека да падножжа Божага трону. Пост таксама дазваляе нам жыць евангельскімі благаслаўленнямі, якія нам даў Езус. Пост і малітва вучаць нас распазнаваць свае слабасці, свой грэх і тое, што мы патрабуем збаўлення. Наша свядомасць, ачышчаная практыкай посту, становіцца пэўнага роду трамплінам, які дазваляе дакрануцца да рукі добрага Бога і даверыцца Яму. Пасціць — трываць у праўдзе, трываць у Богу, бо Ён — Праўда. Якія пасты ёсць у католікаў? Першыя хрысціяне перанялі звычай посту ў яўрэяў, посцячыся па серадах і пятніцах. Сёння Касцёл патрабуе ад вернікаў сціслага (строгага) посту (адзін пасілак да сыта на працягу дня) два разы на год: у Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу. Заахвочвае таксама да адмаўлення ад мясных страваў у кожную пятніцу. Акрамя таго, той, хто рыхтуецца прыняць Найсвяцейшы Сакрамэнт, павінен устрымацца ад усялякай ежы і напояў (за выключэннем вады і лекаў) прынамсці за гадзіну перад св. Камуніяй. Пятнічны пост Чаму пятнічны пост у розных краінах розны? Чаму беларусы павінны ўстрымлівацца ад мяса ў той час, як, напрыклад, католікі Італіі гэтага не робяць? Аб посце ідзе гаворка ў канонах 1249–1253 Кананічнага права. Кан. 1250. Пакутнымі днямі і перыядамі ў паўсюдным Касцёле з’яўляюцца ўсе пятніцы на працягу ўсяго года, а таксама час Вялікага посту. Кан. 1251. Устрыманне ад мяса ці іншых выглядаў ежы паводле прадпісанняў Канферэнцыі Біскупаў варта выконваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, акрамя тых, у якія прыпадае тая ці іншая ўрачыстасць. Устрыманне ж і пост абавязковыя ў Папяльцовую сераду, а таксама ў пятніцу мукі і смерці Пана нашага Езуса Хрыста. Што датычыць практыкі пятнічнага посту ў паасобных краінах, яе рэгулююць пастановы мясцовай Канферэнцыі Біскупаў. Кан. 1253. Канферэнцыя Біскупаў можа дакладней вызначыць парадак выканання посту і ўстрыманняў, а таксама цалкам ці часткова замяніць пост і ўстрыманне іншымі формамі пакаяння, асабліва справамі міласэрнасці і набожнасці. Як павінен выглядаць пятнічны пост у католікаў Беларусі? Пра пятнічны пост узгадваецца ў Статутах Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій: «Велікапосная аскеза хрысціяніна павінна праяўляцца не толькі ва ўстрыманні ад мясной ежы, як ва ўсе пятніцы года (…), але найперш у актыўным слуханні Божага слова, у малітве і ўчынках хрысціянскай міласэрнасці, а таксама ў ахвярным выкананні прафесійных абавязкаў і абавязкаў свайго становішча, а таксама ў прыняцці розных жыццёвых непрыемнасцяў, ва ўстрыманні ад алкаголю, цыгарэтаў ці ўдзелу ў дазволеных забавах». Якія мясныя стравы нельга спажываць? Усе. Ці можа вернік асабіста для сябе замяніць устрыманне ад мяса нечым іншым? Гэта магчыма толькі тады, калі існуе сапраўды важная прычына, якая чыніць немагчымым выкананне практыкі пятнічнага посту. У такім выпадку вернік абавязаны да выканання іншых форм аскезы (больш малітвы, міласэрнасці) — для гэтага трэба звярнуцца да свайго пробашча. Хто вызваляецца ад посту? Пятнічнае ўстрыманне ад мясных страваў абавязвае усіх здаровых людзей з 14 гадоў. Пост у Папяльцовую сераду, Вялікую пятніцу, Вялікую суботу абавязвае усіх здаровых людзей ад 18 да 60 гадоў. Калі ў пятніцу адмяняецца пост? Калі выпадаюць у гэты дзень абавязковыя ўрачыстасці. Ці ёсць сэнс захоўваць пост (у прыватнасці пятнічны), калі ўспрымаеш яго не як ахвяру Богу, а як абмежаванне, устаноўленае Касцёлам? Сэнс ёсць, толькі яго трэба знасці. Ці ёсць сэнс захоўваць правілы дарожнага руху, калі ўспрымаеш іх не як клопат аб бяспецы, але як абмежаванне тваёй асабістай свабоды? Іншыя пасты Ці ёсць абавязак посту ў Адвэнце? Адвэнт — перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў. У перыяд Адвэнту паводле касцёльных прадпісанняў асаблівага абавязковага посту няма (пар. кан. 1250). Тым не менш, каб духоўна падрыхтавацца да прыйсця Пана, мы можам браць сабе за абавязак пэўныя акты пакаяння — толькі ў такім выпадку яны павінны мець характар асабісты. Святлана Жылевіч А што цікавіць вас? Свае заўвагі і пытанні дасылайце на наш рэдакцыйны адрас
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
. |