Камп’ютарная эра: магчымасці і адказнасць |
Усяго патроху |
31.07.2012 12:35 |
Адным з найвялікшых дасягненняў апошняга часу, безумоўна, з’яўляецца камп’ютар, а таксама ўся «інфраструктура», створаная на яго падставе. Найбольш вядомы кампанент гэтай «інфраструктуры» — сусветная сетка Інтэрнэт. Людзі хутка заўважылі патэнцыял камп’ютара і яго магчымасці, якія можна выкарыстоўваць у розных галінах дзейнасці чалавека: прамысловасці, гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, адпачынку. Менавіта дзякуючы вынаходніцтвам у галіне інфармацыйных тэхналогій, у жыцці грамадства адбыліся вялікія змены за адносна невялікі прамежак часу. Новыя тэхналогіі далі людзям магчымасць вельмі хутка атрымліваць інфармацыю, без значных высілкаў і з розных крыніцаў. Таксама паўстала магчымасць перадачы інфармацыі другому чалавеку з мінімальнымі высілкамі і без страты для ўладальніка. Істотнымі рысамі працы сучасных камп’ютараў з’яўляюцца хуткасць апрацоўкі інфармацыі, хуткасць перадачы, а таксама вельмі малыя выдаткі на яе дубліраванне. Гэта значыць, што распаўсюджванне таго, што ўжо створана, можа здзяйсняцца амаль што дарма. На першы погляд, гэта здаецца абсалютна пазітыўнай магчымасцю. Аднак такія тэхналогіі ствараюць новыя, дагэтуль невядомыя складанасці. Кожная рэч, якою валодае чалавек, з’яўляецца ўласнасцю. Прадметы ўласнасці можна падзяліць на матэрыяльныя і нематэрыяльныя. Да матэрыяльных можна аднесці асабістыя рэчы, дом, зямлю, на якой пабудаваны дом, машыну. Да нематэрыяльнай уласнасці адносяцца, між іншым, прадукты інтэлектуальнай працы: навуковыя даследаванні, музыка, праграмнае абсталяванне, фільмы і да т.п. Дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, мы ўсё часцей і часцей у нашым паўсядзённым жыцці сустракаемся з інтэлектуальнай уласнасцю. Яна мае свайго прадуцэнта, які патраціў сілы, час і сродкі на яе вытворчасць. У сувязі з гэтым паўстае заканамернае пытанне: ці памятае сучасны чалавек аб тым, што ўладальнік інтэлектуальнага прадукта, якім ён карыстаецца, мае права на заслужаную ўзнагароду? Асабліва для хрысціяніна відавочна, што карыстанне без дазволу або прысвойванне чужых рэчаў несумленна і грахоўна. Значыць, мы абавязаныя ў сумленні клапаціцца аб тым, каб вытворца рэчаў, над якімі ён працаваў і якімі мы карыстаемся, мог разлічваць на справядлівую ўзнагароду. Разглядаючы ўзаемадзеянне чалавека з рэчамі, на якія распаўсюджваецца права інтэлектуальнай уласнасці, можна акрэсліць дзве магчымасці. Першая — гэта прысваенне сабе права ўласнасці на нейкія рэчы. Другая — гэта карыстанне ўласнасцю. У першым выпадку дзеянні чалавека з’яўляюцца прамым парушэннем права на ўласнасць і іх можна лічыць крадзяжом. Прыкладам такой сітуацыі можна лічыць выкарыстанне ў навуковай працы вынаходніцтваў іншага даследчыка без яго дазволу ці спасылак на яго працу. З хрысціянскага пункту гледжання, крадзеж — гэта грэх. І сфера інтэлектуальнай уласнасці тут не выключэнне. У другім выпадку ўсё больш складана. Безумоўна, можна лічыць парушэннем права на ўласнасць сітуацыю, калі выкарыстанне прадмета інтэлектуальнай ўласнасці нясе шкоду ўладальніку правоў. Прыкладам можа быць перапродаж копій нейкіх інтэлектуальных прадуктаў (музыкі, фільмаў), створаных уладальнікам правоў. Таксама супярэчлівай з’яўляецца сітуацыя, калі ўладальнік правоў не атрымлівае належнай узнагароды за працу. Прыкладам можа быць пампаванне музыкі або праграмнага абсталявання з Інтэрнэта. Тут паўстае пытанне аб межах права на ўласнасць і права на ўзнагароду за працу і за карыстанне. Ці заўсёды ўзнагарода з’яўляецца адэкватнай працы, якую зрабіў уладальнік правоў? Што вызначае межы правоў і адэкватнай узнагароды? Відавочна, што гэта ўжо сцісла маральная праблема. Для хрысціяніна яна будзе рэгулявацца Божымі запаведзямі, перасцярогай перад грахамі (сквапнасцю, скупасцю і г.д), а таксама заклікам да развіцця цнотаў (справядлівасці, шчодрасці і г.д.). Асабліва часта з праблемай інтэлектуальнай уласнасці мы сутыкаемся ў Інтэрнэце. Вялікая колькасць інфармацыі, музыкі, праграм, фільмаў дасягальная задарма. Карыстаючыся імі, чалавек павінен усведамляць, што гэта цягне за сабой маральныя (і не толькі) наступствы. Гэта значыць, належыць браць пад увагу тыя ўмовы, на аснове якіх распаўсюджваецца інфармацыя, праграмы, музыка і інш. Таксама варта звяртаць увагу на праграмнае абсталяванне камп’ютара, якім карыстаецца асоба. Часам кошт праграм можа перавышаць кошт самога камп’ютара. Напісанне праграмы — гэта таксама праца, якая павінна быць справядліва ўзнагароджаная. Калі карыстальнік не мае магчымасці аплачваць паслугі, то ён павінен выбраць іншы — бясплатны варыянт. У многіх выпадках існуюць дармовыя праграмы, якія па сваёй функцыянальнасці могуць быць выкарыстаны замест платных. Аналізуючы вышэйнапісанае, можна казаць, што з’яўленне камп’ютара прынесла не толькі вельмі вялікія магчымасці, але і велізарную адказнасць. Больш за тое, на дадзены момант не існуе сродкаў ці метадаў, якія маглі б запэўніць маральна бесклапотнае карыстанне з даступнай інфармацыі. Гэта значыць, што на сумленні карыстальніка ляжыць вялікая адказнасць. Тым больш хрысціяніну, пры кожным кантакце з інтэлектуальнай уласнасцю, варта задумвацца аб магчымых маральных наступствах, ад якіх залежаць адносіны як з іншымі людзьмі, так і з Богам. Аляксандр Лычкоўскі |