Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Усмешка св. Максімільяна
Усяго патроху
14.08.2012 16:28

Айцец Максімільян Кольбэ ніколі не быў гумарыстам або жартаўніком, аднак пачуццё гумару ў яго было. Тыя, хто ведаў яго асабіста, узгадваюць яго мілую, дабрадушную ўсмешку. Выраз яго твару быў экранам, на якім адбівалася францішканская душа, напоўненая Богам. Усміхацца да Бога, людзей і свету было закладзена ў традыцыі францішканскага закону, у той жа самы час імкнучыся, каб усміхнуліся і яны.

Гэтыя ідэі а. Максімільян выразіў коратка ў словах: «цярпець, працаваць, любіць і радавацца». У гумары ён меў свае правілы. Лічыў, што «смех у асобаў законных павінен быць вельмі ўмераны. Залішняя весялосць, ці так званы смех упустую, — сведчанне духоўнай пасткі і прыводзіць душу да бесклапотнасці, абцяжарваючы засяроджанне на малітве і разважанні. Адсюль яшчэ адна перашкода да з’яднання з Богам. Законніка павінна характарызаваць святая радасць Божая, усё ў аднолькавай ступені павінна быць у межах законнай сціпласці… Усё, што не прыводзіць да любові Беззаганнага Зачацця, — гэта хітры трук сатаны».

Забаўная гісторыя здарылася з а. Максімільянам, бо яшчэ пры жыцці ён змог прачытаць свой некралог. У чэрвені 1921 года, невядома якім чынам, дайшло да Рыма паведамленне пра смерць а. Максімільяна Кольбэ. Ніхто не падазраваў, што паведамленне можа быць непраўдзівым, бо ўсе ведалі пра яго слабое здароўе. Рэктар калегіі, у якой вучыўся а. Максімільян, згодна са звычаем паклапаціўся аб тым, каб была адпраўлена пахавальная Імша за святой памяці айца Максімільяна Кольбэ і быў зроблены запіс у кнізе памерлых. Калі высветлілася, што а. Максімільян жывы, у кнізе памерлых фальшывы надпіс быў закрэслены.

Праз шмат гадоў, калі а. Максімільян гасцяваў у калегіі, яму паказалі гэты запіс. Святы шчыра заўсміхаўся: невядома толькі, ці з уласнага пахавання, ці з прачытанага надпісу. Пасля, аднак, пакінуў калегію, пазваў усіх выпускнікоў да вялікай залы і цалкам сур’ёзна сказаў: «Я слабы, старэю, таму магу хутка памерці(…). Таму, браты, калі дойдзе да вас паведамленне пра маю смерць, ведайце, што згодна з маім завяшчаннем вы будзеце маімі наступнікамі. Да гэтага ўсе мы працавалі для Беззаганнай, калі ж я памру, тады вы павінны будзеце працаваць без абмежаванняў ажно да пралівання крыві, калі да гэтага дойдзе, і павінны будзеце пашыраць Рыцарства Беззаганнай ажно да краю зямлі. Таму гэта наша святое заданне, воля Маці Божай, каб мы, браты меншыя канвентуальныя, якія калісьці абаранілі яе Беззаганнае Зачацце, цяпер таксама пашыралі яе культ. Гэта запавет, які я вам пакідаю».

(…) Калісьці святы пачуў ад аднаго з айцоў: «Макс, дайце сабе адпачыць з гэтым Рыцарам, у вас сухоты, хто ведае, колькі вам яшчэ засталося, хто ж потым будзе гэтым займацца?» Айцец Максімільян адказаў: «Майстрам з’яўляецца той, хто намалюе абраз фарбамі, а калі мятлой можна зрабіць тое самае, то яшчэ большым майстрам будзе. Беззаганная можа гэта зрабіць. Яна знойдзе для сябе адпаведны інструмент, калі захоча. Прыйдзе час, што ў выдавецтве будзе працаваць 100 братоў і 20 айцоў».

Старэйшыя законнікі з Непакалянага ўзгадваюць, што любімым жартам а. Максімільяна, які ён часта паўтараў, была абсурдная гісторыя пра двух сабак, якія «так моцна адзін аднаго кусалі, што ў рэшце рэшт ад іх засталося толькі два хвасты».

Падчас трагічнага дня 17 верасня 1939 года, калі ўсіх законнікаў акупанты пасадзілі ў грузавыя машыны і транспарціравалі да лагера ў Амтыц, а. Максімільян з усмешкай сказаў субратам: «Вось жа нам пашанцавала — як ніколі. Здзіўляецеся таму, што кажу? Нам пашанцавала, таму што задарма едзем на місіі. Колькі трэба намаганняў і грошай, каб патрапіць туды, куды нас вязуць».

Паводле wiara.pl
Пераклад з польскай І. Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.