Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вера ў рэінкарнацыю
Усяго патроху
04.01.2013 22:18

Сучасная мода на далёкаўсходнія рэлігіі ў Заходняй Еўропе і ЗША прывяла да таго, што вельмі папулярнай стала вера ў рэінкарнацыю. Заўважым, што нефармальны рух «New Age» («Нью Эйдж» — «Новая эра» — кангламерат ідэй, вучэнняў, акультных практык розных школ, сектаў, арганізацый і груп, ніяк паміж сабой арганізацыйна не звязаных, але чакаючых наступлення акультнай «эпохі Вадалея») не ўяўляецца без такога элементу, як вера ў рэінкарнацыю. Гэта вера ў тое, што пасля смерці чалавека яго душа пераўвасабляецца ў іншае цела.

Пры павярхоўным поглядзе на гэтае вучэнне можа здацца, што яно тлумачыць няроўнае становішча людзей у гэтым свеце: паспяховасць, таленавітасць, прыгажосць, здароўе адных і непаспяховасць, неразумнасць, брыдкасць, хваравітасць — іншых. У адпаведнасці з гэтым вучэннем кожны чалавек сам вызначае свой лёс, сам стварае сваю карму (карма — гэта ўплыў учыненых дзеянняў на характар наяўнага і наступных існаванняў). Жыццём, поўным пакутаў, чалавек выкупляе свае заганы-«антызаслугі» ў мінулых жыццях, а шчаслівым жыццём ён пажынае плёны сваіх маральных заслугаў у гэтых мінулых жыццях. Тэорыя рэінкарнацыі сцвярджае, што працэс нашага ўдасканалення не можа ажыццявіцца за адно зямное жыццё, але павінен працягвацца і пасля смерці нашага сённяшняга цела, у новых целах, у якія будзе паслядоўна пераўвасабляцца наша душа. Пры гэтым шкадаваць пакутуючага чалавека, паводле такой тэорыі, няма за што: калі з ім штосьці адбылося, значыць, ён учыніў нешта дрэннае ў мінулым жыцці і нясе за гэта адказнасць. Таму ўсялякая дабрачыннасць шкодная, бо яна, палягчаючы зямныя пакуты, перашкаджае чалавеку пазбавіцца сваёй дрэннай кармы, якую ён усё роўна вымушаны будзе «адпрацоўваць» у наступным пераўвасабленні.

Усходнія рэлігіі прапануюць розныя варыянты таго, як вырвацца з гэтай жудаснай чарады нараджэнняў і смерцяў і нарэшце дасягнуць мэты — поўнага растварэння свайго «я» ў нірване — значыць у нейкім безасабовым Абсалюце.

Аднак даказаць глыбокую памылковасць тэорыі рэінкарнацыі дастаткова проста.

1) Тэорыя рэінкарнацыі надзвычай прыніжае каштоўнасць чалавечага цела. Яна лічыць толькі душу носьбітам галоўных індывідуальных асаблівасцяў. На самой справе, сучасная навука даказала, што індывідуальныя асаблівасці ў многім вызначаюцца генетычнай спадчыннасцю цела. Іншымі словамі, цела вельмі моцна ўплывае на душу. Таму душа не зможа захаваць сваю ідэнтычнасць, шматразова «ўсяляючыся» ў розныя целы, якія валодаюць вялікай разнастайнасцю асаблівасцяў, зададзеных генетычна. Верагодна, вера ў пераўвасабленне душаў узнікла як гіпотэза для тлумачэння адрознення «лёсаў» людзей і ад няведання механізмаў спадчыннасці.

2) Тэорыя рэінкарнацыі рэзка памяншае адказнасць чалавека за свае ўчынкі, бо ўсяляе падманлівую надзею, што ўсё можна будзе выправіць у наступных пераўвасабленнях.

3) Тэорыя рэінкарнацыі абсалютна несумяшчальная з хрысціянствам, бо яна сцвярджае магчымасць самаадкуплення чалавека, значыць яго магчымасць збавіць самога сябе.

— Перш за ўсё, ідэю рэінкарнацыі адмаўляе Святое Пісанне: «…Людзям патрэбна аднойчы памерці, а пасля суд» (пар. Гбр 9, 27); «Не забывайся пра гэта, бо няма вяртання да зямнога жыцця» (пар. Сір 38, 21); «Няма нам вяртання ад смерці: бо пакладзена пячатка, і ніхто не вяртаецца» (пар. Мдр 2, 5).

— Галоўная ідэя Евангелля — самаўдасканаленне чалавека не толькі сваімі сіламі, але і з дапамогай дару Божай ласкі, які выслужыў Хрыстус («Хрыстус адкупіў нас» (пар. Гал 3, 13), «…Бог паслаў Сына свайго… у Ахвяру за грэх» (пар. Рым 8, 3), «…каб у Ім мы сталі праведнымі перад Богам» (пар. 2 Кар 5, 21). Тэорыя рэінкарнацыі катэгарычна адмаўляе дапамогу Божай ласкі.

— Хрысціянства вучыць, што заслугі чалавека залежаць не толькі ад колькасці і якасці добрых справаў на зямлі. Яны залежаць таксама ад інтэнцый, намаганняў у самаўдасканаленні, ад бескарыслівасці і ступені веры, надзеі і любові ў дачыненні да Бога. Тэорыя рэінкарнацыі супярэчыць гэтаму, сцвярджаючы, што «кармічныя заслугі» могуць быць толькі дзейнаснага характару, і людзі, якія з-за розных абставінаў не могуць здзяйсняць такія заслугі, асуджаны на «дрэнную» камру, што па сутнасці жорстка і бесчалавечна.

— Тэорыя рэінкарнацыі адмаўляе ўсеагульнае ўваскрашэнне памерлых і сцвярджае, што канчатковай мэтай чалавека з’яўляецца пагружэнне душы ў безасабовы Абсалют (нірвану), у якім душа знікае, распушчаецца. Але гэта, па-першае, супярэчыць прыроджанай патрэбе чалавека ў вечнасці свайго «я», а па-другое, не адрозніваецца па сутнасці ад атэістычнай веры ў канчатковае знішчэнне чалавека.

— Настаўнік Касцёла Арыген вылучаў гіпотэзу аб перадіснаванні душаў, але яна была прызнана памылковай V Сусветным Саборам (553 г.) і шматразова — далейшым навучаннем Касцёла.

— Акрамя гэтага, містычны вопыт вялізнай колькасці хрысціянскіх святых на працягу стагоддзяў паказвае, што ніякага пераўвасаблення няма, чалавек трапляе або ў рай, або ў чысцец, або ў пекла. Тое ж пацвярджае і старажытная практыка малітвы праз заступніцтва святых.

Такім чынам, тэорыя рэінкарнацыі кардынальна супярэчыць вучэнню Езуса Хрыста. Яна супярэчыць унікальнай ролі Езуса ў жыцці чалавецтва (легенда аб тым, што Хрыстус нібыта вучыўся ў гуру ў Індыі — ілжывая). А значыць, па сутнасці гэтая тэорыя адмаўляе ўсе вялікія плёны, дасягнутыя ў чалавечай гісторыі ў хрысціянскай цывілізацыі. Бо калі хрысціянства — памылка, то ўсё дасягнутае ім — падман, але гэта супярэчыць рэальнасці, варта толькі паглядзець на культурныя дасягненні хрысціянскага Захаду (асабліва да XVIII cт.) і параўнаць з дасягненнямі «рэінкарнацыйнай культуры».

4) Тэорыя рэінкарнацыі ўхваляе абыякавае стаўленне да абяздоленых, слабых, хворых. Бо, як мы ўжо прыгадвалі, у адпаведнасці з гэтым вучэннем яны выкупляюць грахі сваіх мінулых жыццяў, і таму перашкаджаць ім у гэтым не трэба. У Індыі такая тэорыя нарадзіла і падтрымлівае крайне несправядлівую каставую структуру грамадства, якая шакіруе прыезжых еўрапейцаў сваёй бесчалавечнасцю — калі, напрыклад, людзі з «недатыкальных» кастаў спакойна гніюць і паміраюць проста на тратуарах гарадоў, нікім не заўважаныя, а за неспадзяванае забойства каровы вас могуць пабіць або нават лінчаваць.

5) І, напэўна, самае важнае: тэорыя рэінкарнацыі мае на ўвазе непазбежны шлях чалавецтва ў пекла. З-за слабасці чалавечай прыроды, з-за адсутнасці дапамогі Божай ласкі, якая гэтай тэорыяй адвяргаецца, пераўвасабленне душаў становіцца «нахільнай плоскасцю», па якой людзі, няспынна дэградуючы, «скочваюцца» ў пекла. Бо, як сцвярджае закон кармы, кожны дрэнны ўчынак нараджае пакаранне ў будучым жыцці, а тое жыццё будзе яшчэ больш схіляць да злога, якое ўсё больш абцяжарвае карму і вядзе да большых пакутаў у наступным пераўвасабленні. Бо з кожнай «антызаслугай» здольнасць да заслугаў памяншаецца з-за нарастання ў чалавеку адмоўнага комплексу. Іншымі словамі, тэорыя рэінкарнацыі фактычна абвяшчае непазбежнае фізічнае і маральнае выраджэнне чалавечага роду.

Калі ж пераўвасабленне чалавечых душ разгледзець у адпаведнасці з вучэннем некаторых плыняў індуізму, то недарэчнасць гэтай тэорыі яшчэ большая, бо мае на ўвазе пераўвасабленне нават у целы жывёлаў або насякомых. У такім выпадку вяртанне ў чалавека пасродкам маральных «заслугаў» наогул немагчымае, бо для такой «заслугі» патрэбна свабода выбару (волі), а жывёлы і насякомыя такой свабоды не маюць, бо іх дзеянні інстынктыўныя. І тады ўсе людзі павінны пераўтварыцца ў рэшце рэшт у жывёл ці насякомых…

Мы бачым, што гіпотэза аб пераўвасабленні душаў (тэорыя рэінкарнацыі)

а) несумяшчальная з вучэннем Хрыста, выяўленым у Святым Пісанні і вучэнні Касцёла;
б) зніжае ў людзей імкненне да маральнай дасканаласці;
в) вучыць абыякавасці да пакутаў слабых і хворых, уносячы дысгармонію ў грамадства;
г) супярэчыць навуковым даным (генетыцы) і тым самым крайне прыніжае каштоўнасць і ролю чалавечага цела;
д) спрыяе дэградацыі чалавецтва, «скочванню» яго ў пекла.

Спадзяюся, гэты кароткі разгляд тэорыі рэінкарнацыі і адказ на яе дапаможа нам, хрысціянам, несці і абараняць праўду ў сучасным свеце.

Доктар тэалогіі Генадзь Крыжэўскі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.