Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Светач веры і мужнасці ў часы дыктатуры — кс. Ежы Папялушка
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
19.10.2015 13:23

19 кастрычніка Касцёл згадвае благаслаўлёнага мучаніка ксяндза Ежы Папялушку, які быў забіты камуністычнымі агентамі за тое, што вучыў людзей хрысціянскім паводзінам не толькі ў асабістым, але і ў грамадскім жыцці.

Касцёл стагоддзямі вучыць вернікаў, што нельга быць хрысціянінам напалову, нельга адначасова маліцца і верыць дома і ў храме, але падманваць, красці ці мірыцца з хлуснёй і прыгнётам на працы ці на вуліцы.

Асабліва гэтая ідэя стала актуальнай у краінах, якія апынуліся пад уладай дыктатарскіх рэжымаў, як камуністычных, гэтак і нацысцкіх. Аднак калі нацызм быў пераможаны ў 1945 годзе, Усходняя Еўропа заставалася пад уладай камуністаў, пакуль у 1991 годзе не распаўся Савецкі Саюз.

У суседняй з Беларуссю Польшчы камуністы захоўвалі ўладу да 1989 года. У краіне адсутнічала свабода прэсы, тэлебачанне перадавала толькі камуністычную прапаганду, выбары былі чыста фармальнымі, абмяжоўвалася свабода сходаў і веравызнання. Тыя, хто спрабаваў адкрыта выказаць пратэст, гублялі працу, траплялі ў турмы, а часам і гінулі. Польшча перажывала ўсё больш глыбокія эканамічныя праблемы.

Ксёндз Ежы ў 1980 годзе быў 33-гадовым святаром, які стаў служыць у Варшаве. Ён вучыў людзей быць сапраўднымі хрысціянамі ва ўсіх сферах свайго жыцця, падтрымліваў іх маральны дух, калі дзяржаўныя СМІ пашыралі хлусню, што ўсе незадаволеныя камуністамі — агенты ЗША.

Ягоным дэвізам сталі словы апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром» (Рым 12, 21).


Блізкімі яму былі таксама словы Папы Яна Паўла ІІ, якія той сказаў у 1980 годзе, працытаваўшы падчас візіту ў яшчэ камуністычную Польшчу евангельскія словы Хрыста: «Не бойцеся».

Ксёндз Ежы, які ў сям'і размаўляў на падляскім дыялекце беларускай мовы, дапамагаў пакутуючым ад рэпрэсій камуністаў, складаў і прамаўляў гаміліі, на якія збіраліся тысячы чалавек, каб паслухаць слова надзеі і ўмацавацца ў веры насуперак атэістычнай прапагандзе.

Ён казаў пра тое, што свабода — неад'емнае права дзяцей Божых, а сапраўднае шчасце іх у тым, каб жыць у згодзе з Божымі запаведзямі і быць змагарамі за праўду.

Супраць ксяндза, як і супраць самога Папы Яна Паўла, пачалі працаваць камуністычныя спецслужбы і прадажныя дзяржаўныя журналісты — іх мэтай было сфабрыкаваць і распаўсюдзіць хлусню пра быццам бы існаваўшыя сувязі з замежнымі спецслужбамі, а таксама падарваць іх маральны аўтарытэт.

Усе гэтыя намаганні былі марнымі.

Аднак калі Папа Ян Павел быў для камуністаў недасяжны, то ксёндз Папялушка — быў зусім побач. 13 кастрычніка адбылася першая, няўдалая, спроба агентаў Службы Бяспекі забіць святара.

19 кастрычніка ксёндз Ежы прыбыў па запрашэнні Душпастырства працоўных у Быгдашч. Вечарам, калі ён на машыне вяртаўся ў Варшаву, афіцэры спецслужб спынілі і захапілі святара. Яны доўга збівалі і катавалі яго, а потым мёртвае цела выкінулі ў раку. Зараз імёны і чыны забойцаў, а таксама тых, хто аддаваў загад, вядомыя.

На пахаванне ксяндза Ежы прыйшлі тысячы людзей.

Ужо 5 лістапада людзі пачалі пісаць лісты і прасіць Касцёл пачаць працэс беатыфікацыі мучаніка. Афіцыйны працэс пасля доўгіх гадоў падрыхтоўкі пачаўся ў 1997 годзе, а ў 2010 годзе ксёндз Ежы быў абвешчаны благаслаўлёным.

Зараз ідзе працэс кананізацыі.


Быгдашч. Адзін з першых помнікаў кс. Ежы быў пастаўлены тут у 1985 годзе, нягледзячы на вялікія перашкоды з боку ўладаў.

Святы ксёндз Ежы, маліся за беларускіх хрысціян і ўсіх хрысціян свету, каб мы былі такімі ж смелымі ў абароне свабоды і годнасці дзяцей Божых, якім быў ты!

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева

06.03 12:06Навіна пра пахаванні дзяцей у каталіцкім прытулку Ірландыі — маніпуляцыя. Чаму важна правяраць інфармацыю?
02.09 10:0010 цытат пра Маці Тэрэзу ад людзей, якія з ёй сустракаліся
10.08 09:00Татуіроўкі, Стары Запавет і хрысціянскі розум. Ці варта католікам рабіць тату?
02.08 13:32Тры прычыны, чаму «Вікінгі» — самы цікавы тэлесерыял для верніка
28.06 09:00Мастацтва публічнай палемікі і святы Тамаш Аквінскі
20.06 10:00Конрад Адэнаўэр: католік, які стварыў дэмакратычную Германію
05.04 00:01Апостал хрысціянскага патрыятызму: благаслаўлёны кардынал Клеменс фон Гален
16.03 17:54Дзень cвятога Патрыка — свята радасці і хрысціянскага патрыятызму
27.01 00:00Еўропа і мігранты: паміж «Кёльнам» і добрым самаранінам
13.01 16:08Бацькоўства, адказнасць, гонар — каталіцкі біскуп з ЗША звярнуўся з кароткім фільмам да мужчын