Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы
перыяд. Слова «вігілія» лацінскага паходжання і азначае чуванне. З
даўніх часоў у Касцёле існуе звычай: дзень перад вялікай урачыстасцю
вернікі захоўваюць строгі пост і ўсю ноч чакаюць гэтага свята, молячыся
разам. Выключна рэлігійны характар мае і вігілійная вячэра ў сем’ях. Глыбокае перажыванне гэтага вечара яднае сем’і і застаецца найлепшым успамінам на ўсё жыццё. Варта перажыць гэты вечар найбольш духоўна, бо разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, адраджаемся духоўна мы самі...
У цэнтры памяшкання ўстанаўліваюцца (калі гэта магчыма) яселькі з Дзіцяткам Езусам. На стале рассцілаецца крыху сена – як напамін аб убостве бэтлеемскага грота, дзе Марыя паклала нованароджанага Хрыста на сена ў яслі. Стол засцілаецца белым абрусам. Можна ўпрыгожыць яго яловымі лапкамі са свечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатка і разгорнутая кніга Евангелля.
На стол падаюцца посныя стравы і безалкагольныя напоі. Калі загарыцца першая зорка на небе – сімвал Бэтлеемскай зоркі – сям’я збіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы. 1. Запальванне свечкі
Бацька ці маці запальвае свечку, гаворачы пры гэтым: «Святло Хрыста».
Усе адказваюць: «Дзякуй Богу».
Уводзіны:
Дзве тысячы гадоў таму назад на свет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні як безабароннае Дзіця. Аб гэтым нам гаворыць Евангелле. Стоячы, давайце паслухаем з верай словы Евангелля, якое апісвае гэтую самую радасную для ўсіх людзей падзею Нараджэння Божага Сына, Eзуса Хрыста.
2. Чытанне Евангелля
3 Евангелля паводле Лукі:
«Сталася ў тыя дні: Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях. І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 1-14).
Можна заспяваць калядную песню. 3. Супольныя просьбы
Адзін з членаў сям’і чытае просьбы.
Божа, у гэтую ўрачыстую хвіліну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі Ты паслаў нам свайго Сына, Eзуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу.
— Дай нашай сям’і дар любові, згоды і супакою. Цябе просім… — У гэтую святую ноч адары супакоем нашых суседзяў, сяброў і знаёмых. Цябе просім… — Суцеш і ўмацуй Добрай Навіной усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных і галодных на ўсім свеце. Цябе просім… — Адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы нашых памерлых блізкіх і знаёмых (можна ўзгадаць імёны). Цябе просім…
Усе моляцца: «Ойча наш...»
Xто-небудзь з сям’і:
«Пане Езу Хрыстэ, які сённяшняй ноччу прыйшоў на свет, нарадзіўшыся ад Найсвяцейшай Марыі ў бэтлеемскім гроце, Ты прынёс супакой усяму свету і асвяціў сямейнае жыццё, застанься ў нашай сям’і і злучы яе Тваёй любоўю, а слова Тваё з усім багаццем няхай будзе ў нас, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн». 4. Дзяленне аплаткай
Галава сям’і пачынае дзяліцца аплаткай з наступнымі ці іншымі словамі:
«Цяпер у духу любові і прабачэння давайце падзелімся аплаткаю – хлебам любові, раскрываючы нашыя сэрцы на ўзаемную любоў. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, будуць заўсёды мець добрыя намеры і будуць шчаслівыя, здаровыя, сардэчныя і ўзрадаваныя».
Цяпер усе члены сям’і дзеляцца аплаткай, выказваючы пры гэтым пажаданні адзін аднаму, спажываюць вігілійную вячэру, а пасля, спяваючы калядныя спевы, чакаюць «пастэркі» – урачыстай святой Імшы.
|