Учынaк міласэрнасці для цела бліжняга: пахаваць памерлых |
Усяго патроху |
22.03.2016 00:00 |
У сярэдзіне ХХ ст. у пячоры Шанідар у Іраку вучоныя-археолагі адкрылі незвычайнае пахаванне неандэртальцаў, якія там жылі каля 70 тысяч гадоў таму. Сярод шматлікіх парэшткаў яны адкрылі парэшткі аднаго цела, якое было пры пахаванні ўсыпана кветкамі. Гэта было сапраўды фантастычнае адкрыццё. Аказваецца, яшчэ нават да з’яўлення сучаснага чалавека (“homo sapiens”) сярод дагістарычных пра-людзей ужо ўзнікала жаданне правесці пахаванне прыгожа, зрабіць яго адметным. Праз ушанаванне цела памерлага ўшаноўвалася яго асоба і памяць аб ёй. Культура пахавання памерлых мае глыбокія і вельмі старажытныя карані. Людзі самых розных рэлігій і культур ва ўсе часы падсвядома адчувалі неабходнасць ушанаваць чалавека і месца яго пахавання. Яны нібыта прадчувалі, што за ўсім гэтым крыецца нейкая вельмі важная таямніца, якая для іх застаецца схаванай. Хрысціянства прынесла неверагоднае па сваёй велічы і прыгажосці разуменне важнасці чалавечага цела і неабходнасці вялікай пашаны да яго як пры жыцці, так і пасля смерці. “Caro salutis est cardo” (“цела – гэта аснова збаўлення”), – пісаў святы Тэртуліян у ІІ ст. (De resurrection carnis, 8, 2). Хрысціянства разглядае чалавека як непадзельную еднасць душы і цела. Няма чалавека без цела. Таму разбіццё гэтага адзінства і знішчэнне цела прыводзіць да смерці. Чалавек памірае. Каб яго вярнуць, ягонай несмяротнай душы неабходна даць цела. Таму Бог яго ўваскрашае, каб даць магчымасць паўстаць з мёртвых. Сам факт таго, што Бог стаў чалавекам (уцелавіўся), нарадзіла тэалогію цела, захапленне таямніцай узвышэння (абагаўлення) чалавечай прыроды і цялеснасці ў Хрысце. Сын Божы аддаў жыццё за людзей і адкупіў іх праз Муку, Смерць і Уваскрасенне ў чалавечым целе. Ён застаўся сярод вернікаў у сакрамэнце Эўхарыстыі, каб напаўняць іх ласкамі праз прыняцце Яго Цела і Крыві. Вялікая тэалогія годнасці цела не магла не адбіцца на выглядзе хрысціянскага пахавання і могілак. Зыходзячы з такой веры, чалавек не мог здзеквацца над іншым целам, за якое Езус аддаў жыццё. Не мог хрысціянін пакінуць цела на зганьбаванне драпежнікамі, на зневажанне. Наадварот, каб падкрэсліць веліч і годнасць, якою Хрыстус надзяліў нашае цела, хрысціяне дбаюць аб годным пахаванні. А месца пахавання імкнуцца адзначыць так, каб заахвоціць іншых да малітвы аб яго збаўленні. Нездарма на каталіцкай магіле заўсёды можна знайсці крыж, нейкі святы вобраз, цытату з Бібліі або проста малітву. Кс. Андрэй Рылка |