Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікодная радасць сустрэчы з уваскрослым Хрыстом
Усяго патроху
27.03.2016 00:05

Асвячэнне велікодных страваў, удзел у пасхальных набажэнствах, супольны пасілак у коле сям’і, сустрэчы з таямніцай, ад вякоў прадказанай і заўсёды новай, — гэта толькі некаторыя элементы святкавання найвялікшай хрысціянскай урачыстасці Уваскрасення Пана. Належным чынам перажыты Вялікдзень уплывае на ўсё жыццё хрысціяніна і ператварае яго ў пастаяннае радаснае праслаўленне Бога.

Звычайнае, адкрытае нанова

Падчас Вялікага посту 2016 года партал Catholic.by прэзентаваў праект «Сімвалы Вялікага посту», які разам з іншымі публікацыямі дапамагаў чытачам-вернікам лепш падрыхтавацца да плённага перажывання найвялікшага свята хрысціян — Пасхі. Цікавым мог бы стаць падобны праект у адносінах да знакаў і сімвалаў Уваскрасення Пана і велікоднага перыяду.  

Падобныя ініцыятывы вельмі карысныя, паколькі чалавек, не толькі сучасны, настолькі перапоўнены інфармацыяй, што селектыўна прымае не заўсёды тое, што каштоўнае і найважнейшае. Падобную з’яву можна назіраць і ў сферы веры і духоўнага жыцця. Дапамогай можа стаць прачытаны тэкст, размова з іншай асобай, пачутае казанне або слова, якія неаднойчы адкрываюць на вельмі вялікую, глыбокую таямніцу, якую паказвае рэчаіснасць знакаў і сімвалаў.

Многія людзі могуць падзяліцца вопытам адкрыцця навізны і незвычайнасці ў тым, што часта сустракалі, бачылі, праходзілі міма, размаўлялі пра гэта ці чыталі. Хтосьці параіў спыніцца на хвілінку, паглядзець з іншага боку або крыху даўжэй, што, у сваю чаргу, дапамагло ў здзіўленні, захапленні, скіраванні думак і сэрца ў глыбіню сутнасці дадзенай з’явы.

У цэнтры таямніцы

Ва ўрачыстасці Уваскрасення Пана, гледзячы на тое, што знешняе, і праз удзел у літургіі, магчыма ўвайсці ў збаўчую таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Прычым, уваход, пра які ідзе гаварка, рэальны, праўдзівы і прызначаны для ўсіх. Са старажытнасці велікодны час займае цэнтральнае месца ў святкаванні хрысціян.

На працягу 50 дзён адзначаецца праўда пра вялікую любоў Бога да чалавека, Яго бязмежную міласэрнасць, збаўчую перамогу Божага Сына над смерцю, пеклам і шатанам, якая прынесла тым, хто жыве ў Хрысце, адкупленне, дар вечнага жыцця, вызваленне ад граху і вечнага асуджэння.

Цуд уваскрасення Езуса Хрыста — гэта, безумоўна, найвялікшая падзея ў гісторыі чалавецтва. Сваім уваскрасеннем Езус, які стаў чалавекам дзеля збаўлення чалавека, пацвердзіў, што менавіта Ён ёсць сапраўдным Месіяй і Сынам Божым, што ў сваю чаргу з’яўляецца для хрысціян крыніцай і матывам веры, надзеі, любові, а таксама радасці.

Радасць сустрэчы з жывым Хрыстом


У літургіі Пасхальнай вігіліі, якая цэлебруецца ўначы з суботы на нядзелю, пасля працэсійнага ўнясення ў святыню пасхала, запаленага ад новапасвячанага агню, спяваецца Абвяшчэнне Пасхі — старажытны гімн, які пачынаецца словамі Exsultet iam angelic aturba caelorum (Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў у небе).

Узгаданы спеў як пахвала пасхальнай ахвяры Хрыста заклікае да радасці жыхароў неба і зямлі і кажа пра асноўныя яе матывы. Паказваючы ўзнёсласць Божай справы адкуплення, Касцёл словамі гімна ўзвялічвае Бога за гісторыю збаўлення, уваскрасенне Хрыста, сакрамэнт хросту і вызваленне ад граху. Паколькі спеў выконваецца пры запаленым пасхале, то і словы, і само святло яшчэ мацней выражаюць пасхальную таямніцу і радасць усіх ахрышчаных, якія сустракаюцца з Хрыстом.

Ужо сам пасхал паказвае на агонь, які вёў народ Ізраэля падчас выйсця з егіпецкай няволі, а таксама сімвалізуе Хрыста — сапраўднае святло свету, — які прыходзіць да сваіх, каб збавіць. Працэсія з пасхалам выражае пераход праз Чырвонае мора і ў сучаснасці дарогу веры кожнага хрысціяніна, якую асвятляе Хрыстус.

Велікодны спеў Аллелюя, які выконваецца вельмі ўрачыста падчас літургіі і як частка іншых пасхальных спеваў, таксама кіруе думкі і сэрцы вернікаў да праслаўлення Бога ў радасці сустрэчы. Святы Аўгустын заахвочваў, каб на зямлі спяваць гімны хвалы дзеля ўмацавання ў радасным імненні да неба, каб не паддацца маркоце. «Спявай і ідзі», — казаў святы.

Менавіта ў дарозе, зямным вандраванні, сярод падзей штодзённасці, праслаўленне Бога, радасны спеў у сэрцы і на вуснах, спрыяе асабістаму ўзрастанню ў радасці дзялення верай, надзеяй і любоўю з іншымі.

Аднак, каб сапраўды перажыць у праўдзівай радасці ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста і ўсё жыццё, неабходна ведаць сапраўдны сэнс Вялікадня. Далёка не ўсе веруючыя разумеюць і, што найважнейшае, удзельнічаюць у таямніцы Хрыста. Нельга звесці Пасху да «веснавога свята», забываючы, што менавіта Хрыстус — гэта праўдзівая вясна, якая не прамінае, што жыццё ў Хрысце мацнейшае за смерць.

Радасць, занесеная іншым

Хрысціянская пасхальная радасць выражаецца таксама ў форме святочных віншаванняў, змест якіх вынікае з праўдзівай веры ў прысутнасць жывога Хрыста тут і цяпер.

Словы вітання ў велікодную раніцу і на працягу ўсёй урачыстасці «Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос» хоць вельмі простыя, але выражаюць асноўную праўду хрысціянскай веры, на якой, як на моцным фундаменце, грунтуецца жыццё Містычнага Цела Хрыста, г. зн. усёй супольнасці Касцёла.

Кажучы словы «Хрыстус уваскрос!», веруючы дзеліцца пасхальнай радасцю з іншымі і дае сведчанне, што прычынай радасці з’яўляецца менавіта асабістая сустрэча з Уваскрослым, які не асуджае, але надзяляе любоўю, надзеяй, прабачэннем і новым жыццём.

Дзяленне радасцю ўваскрасення — гэта таксама дзеянне Духа Святога ў веруючай асобе. Паслухмянасць Духу Святому дапамагае не толькі з радасцю, але і з моцаю казаць: «Езус — гэта Пан, які ўваскрос».

Евангелле — школа радасці

Людзі ўсіх пакаленняў, часоў, народаў патрабуюць і шукаюць радаці, як у сваіх сэрцах, так і вакол сябе. Можна сказаць, што хрысціяне па сваёй натуры, у анталагічным вымярэнні з’яўляюцца носьбітамі радасці, якая вынікае з адкрыцця свайго паклікання ў Хрысце. Той, хто пазнае сябе ў перспектыве вечнасці з Богам, ззяе аўтэнтычнай радасцю, а ў яго вачах можна ўбачычь подых лагоднага ветру, які сведчыць пра прысутнасць Бога.

У адгартацыі Evangelii gaudium Папа Францішак прыгадвае, што сэрца чалавека, які сустрэў Езуса, напоўнена радасцю Евангелля. Папа як прарок сучаснасці заахвочвае вернікаў да асабовых адносін з Богам і пераконвае, што яны магчымыя. Евангельскія апісанні сустрэч з Уваскрослым паказваюць радасць і гатоўнасць на ўсё з боку тых, хто ўбачыў Пана.

Святы Айцец Францішак з болем заўважае таксама, што ёсць людзі, якія застаюцца ў Вялікім посце, не заўважаючы ўваскрасення. Нельга думаць, што Папа заклікае да нейкай знешняй весялосці. Гэтага было б мала, ды і не надоўга б хапіла. Прыклады жыцця святых пацвярджаюць праўду пра моц Духа Святога, які ўсё жыццё чалавека, з’яднанага з Богам, перамяняе ў радаснае святкаванне, часам са слязьмі, аднак з надзеяй на Хрыста.

Многія людзі задаюцца пытаннем: як і дзе сустрэць уваскрослага Езуса? Адказ дае Святое Пісанне, жыццё супольнасці Касцёла і асабісты вопыт многіх сведкаў духоўнасці. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы Deus caritas est напісаў, што пачаткам хрысціянскага жыцця з’яўляецца не этычнае рашэнне ці нейкая ідэя, але сустрэча з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву, сустрэча з Любоўю.

Вялікдзень вядзе да такой сустрэчы, а спазнаць яе можа той, хто набліжаецца да Бога — Любові — праз удзел у сакрамэнтальным жыцці Касцёла (асабліва споведзі і Эўхарыстыі), малітве, сустрэчы з Хрыстом у братах і служэнні ім. Евангелле ставіць правільныя акцэнты на крыніцу радасці, перадаючы словы Хрыста, каб радавацца, што імёны Яго вучняў запісаны ў нябёсах.

Радасць з Марыяй

Малітва марыйнай антыфоны Regina caeli, якую Касцёл спявае ў велікодны перыяд, заканчваецца словамі малітвы аб вечнай радасці: Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

А. Аркадзь Куляха OCD


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.