Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: праз імкненне да адзіноты і маўчання набліжацца да святасці
Усяго патроху
09.04.2016 00:00

Многія людзі ў сучасным свеце, асабліва моладзь, баяцца адзіноты і цішыні. Малады чалавек XXI стагоддзя вельмі часта марнуе сваё жыццё, калі засяроджвае ўвагу на рознай непатрэбнай інфармацыі, якая выплывае з інтэрнэта, тэлебачання, а таксама калі слухае дрэнную музыку і нават часам не разумее яе шкоднага ўплыву на стан псіхічнага развіцця чалавека як асобы.

Моладзь заўсёды імкнецца да таго, каб быць у рэжыме «онлайн», пастаянна кантактаваць з сябрамі, замест таго, каб знайсці хоць кароткі час на малітву, засяродзіцца на ўнутраным стане сваёй душы і ў маўчанні заглыбіцца ў духоўныя разважанні над Божым словам. 

Маўчанне – важная частка камунікацыі. Святая сястра Фаўстына Кавальская ў сваім Дзённіку «Міласэрнасць Божая ў маёй душы» распавядае пра каштоўнасць маўчання ў нашым духоўным жыцці і аб імкненні да адзіноты з мэтай больш цесных зносін з Богам на шляху імкнення  да святасці.

Кожны хрысціянін пакліканы да святасці. Святая сястра Фаўстына асабліва падкрэслівае: «Душа не асягне святасці, калі не будзе звяртаць увагі на свой язык» (Дз. 92).

«У жанчын вялікая схільнасць да размоваў; насамрэч, Дух Святы не прамаўляе да рассеянай і гаманкой душы, а прамаўляе праз свае ціхія натхненні да душы засяроджанай, маўклівай. Калі б строга захоўвалася маўчанне, не было б нараканняў, горычы, плётак, не разбуралася б любоў да бліжняга, адным словам, адпала б шмат памылак. Маўклівыя вусны – гэта чыстае золата, яны сведчаць пра ўнутраную святасць» (Дз. 552).

А як жа часта бывае ў нашым жыцці, што, калі чалавек сустракае розныя цяжкасці, перашкоды, выпрабаванні, то пачынае адразу наракаць, чаму ў яго здарылася штосьці непрыемнае, нават эмацыйна рэагуе на сітуацыю, імкнецца апраўдаць сябе, але абвінаваціць іншага. «Язык – малы орган, але ён чыніць вялікія справы» (Дз. 118), – кажа святая сястра Фаўстына.

Між іншым, яна падае нам прыклад са свайго ўласнага жыццёвага досведу: «У хвіліны вялікіх цярпенняў я стараюся маўчаць, бо не давяраю языку, які ў такія моманты схільны гаварыць пра сябе, а ён жа павінен служыць мне для праслаўлення Бога за гэтулькі ўдзеленых мне дабрадзействаў і дароў. Калі ў святой Камуніі прымаю Езуса, я горача прашу Яго, каб Ён меў ласку аздаравіць мой язык, каб я не абражала ім ні Бога, ні бліжніх. Я прагну, каб мой язык нястомна праслаўляў Бога» (Дз. 92).

«Колькі разоў я прымаю святую Камунію, столькі [разоў] прашу, каб Езус пажадаў умацаваць і ачысціць мой язык, каб я не раніла ім бліжніх» (Дз. 375).

«У душэўных або фізічных цярпеннях я стараюся маўчаць, бо тады мой дух набывае сілу, якая сыходзіць з мукі Езуса. Увесь час перад маімі вачыма Яго балеснае Аблічча, зняважанае і знявечанае, Яго Боскае Сэрца, прабітае нашымі грахамі, і асабліва няўдзячнасцю выбраных душаў» (Дз. 487).

На жаль, у сучасным свеце вельмі шмат няўдзячных людзей, якія так і не навучыліся заўважаць Божыя ласкі і дзякаваць усемагутнаму Богу за атрыманыя дары. Чалавек больш прызвычаіўся нечага прасіць у Бога, але падзякаваць часам забывае. Тое, аб чым ён просіць у Бога, не заўжды атрымлівае, таму што сваю волю чалавек ставіць вышэй за Божую, не мае паўнаты даверу да Бога, а часта проста з-за шматслоўя не выслухана ягоная малітва.

Святая сястра Фаўстына акцэнтуе ўвагу: «Каб пачуць голас Божы, трэба захоўваць цішыню ў душы і маўчаць, але не панурым маўчаннем, а цішаю ў душы, гэта значыць засяроджанасцю ў Богу. Можна шмат гаварыць, але не перарваць маўчання і, зноў жа, можна і няшмат гаварыць, але заўсёды парушаць маўчанне. О, якую непапраўную шкоду прыносіць няўменне захоўваць маўчанне. Шмат зла праз гэта прычыняецца бліжнім, але больш за ўсё – уласнай душы.

Паводле майго разумення і досведу, правіла маўчання павінна б быць на першым месцы. Бог не кантактуе з балбатліваю душою, якая, быццам труцень у вуллі, шмат брынчыць, але пры гэтым не вырабляе мёду. Душа-балбатуха па сваёй сутнасці пустая. У ёй няма ані грунтоўных цнотаў, ані блізкасці з Богам. Тут няма мовы пра больш глыбокае жыццё, пра салодкі спакой і цішу, у якой жыве Бог. Душа, якая не спазнала слодычы ўнутранай цішы, неспакойная сама і парушае гэтую цішыню ў іншых» (Дз. 118).   

«Калі б душы хацелі засяродзіцца, Бог тут жа да іх прамовіў бы, бо рассеяннасць заглушае слова Пана» (Дз. 452).

У маўчанні чалавек слухае, лепш пазнае сябе і задумваецца над тым, што сказаць, дазваляе прамаўляць іншаму – тады атрымліваецца сапраўдны дыялог з бліжнім. Чалавек праз сваё маўчанне здольны перадаць свае турботы, радасць і боль.

Таксама маўчанне патрэбна, калі чалавек імкнецца да дыялогу з Богам. «Маўчанне – гэта такая магутная мова, што яна дасягае трону Бога жывога; маўчанне – гэта Яго мова, хоць таемная, але магутная і жывая» (Дз. 888).

«Маўчанне – гэта меч у духоўнай барацьбе; гаваркая душа ніколі не асягне святасці. Гэты меч маўчання адсячэ ўсё, што хацела б да душы прычапіцца. Мы ўражлівыя да слова, і адразу ж, уражлівыя, хочам адказаць і не звяртаем увагі, ці ёсць на тое воля Божая, каб мы гаварылі. Маўклівая душа моцная; ніякія цяжкасці ёй не зашкодзяць, калі яна вытрывае ў маўчанні. Маўклівая душа здольная на самае глыбокае паяднанне з Богам, яна амаль заўсёды жыве пад натхненнем Духа Святога. У маўклівай душы Бог дзейнічае без перашкоды» (Дз. 477).

Аднойчы, калі святая Фаўстына прыйшла для кароткай размовы з Богам, яна пачула ў душы такі голас:

«Дачка Мая, калі Я знаходзіўся перад Ірадам, то выпрошваў для цябе ласку, каб ты ўмела ўзняцца над людскою пагардаю і верна ішла следам за Мною. Маўчы, калі тваёй праўды не хочуць прыняць, бо тады ты больш пераканальна гаворыш» (Дз. 1164).

Далей Пан Езус прамовіў да сястры Фаўстыны: «Ведай, дачка Мая, што калі ты будзеш імкнуцца да дасканаласці, то шмат душаў прывядзеш да святасці, а калі не будзеш імкнуцца да святасці, то з-за гэтага многія душы застануцца недасканалымі. Ведай, што іх дасканаласць будзе залежаць ад тваёй дасканаласці, і большая частка іх адказнасці ляжа на цябе» (Дз. 1165).

Таму вельмі важна ў жыцці распазнаваць сітуацыі, калі трэба маўчаць, а калі трэба гаварыць. Напрыклад, нехта свядома чыніць грэх, а іншы бачыць і разумее, што той грашыць. У такім выпадку застацца абыякавым і нічога не сказаць – гэта недасканаласць. Трэба настаўляць грэшнікаў, але чыніць гэта вельмі далікатна, з любоўю да бліжняга, не асуджаць чалавека, а толькі ягоны грэшны ўчынак магчыма і нават патрэбна асудзіць. Безумоўна, патрэбна праяўляць цярплівасць, маліцца за бліжніх, бо праз гэта выражаецца любоў да Бога і бліжніх.

Святая сястра Фаўстына звяртае ўвагу, што «цярплівасць, малітва і маўчанне… ўмацоўваюць душу. Бываюць хвіліны, калі душа павінна маўчаць і ёй не варта размаўляць са стварэннямі; гэта хвіліны незадаволенасці сабою; душа адчувае сябе слабою, як малое дзіця, тады яна трымаецца толькі сілаю Бога».

Менавіта пра сябе сястра Фаўстына кажа: «У такія хвіліны я жыву выключна вераю, і калі адчую сябе ўзмоцненаю Божаю ласкаю, тады станаўлюся смялейшаю ў размове і зносінах з бліжнімі» (Дз. 944).

«Чым больш я адчуваю, што Бог мяне перайначвае, тым больш прагну паглыбіцца ў маўчанне. Божая любоў здзяйсняе сваю справу ў глыбіні маёй душы, я бачу, што распачынаецца мая місія, якую мне даручыў Пан» (Дз. 682).

Пан Езус даручыў сястры Фаўстыне місію абвяшчэння Яго міласэрнасці ўсяму свету – місію любові, якую можна выразіць наступнымі словамі:

Любоў, укрытая ў маўчанні, у сузіранні, разважанні…
Любоў да бліжніх заўжды ўкрыта ў ціхай унутранай малітве.

І як кажа сама святая Фаўстына: «У хвіліны, калі я знаходжуся паміж небам і зямлёю, я маўчу, бо нават калі я буду гаварыць, хто зразумее мае словы? Вечнасць адкрые многія рэчы, пра якія я цяпер маўчу…» (Дз. 1119).

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.