Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сорам: полымя, якое спальвае душу
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
09.09.2011 12:20

«Як жа табе не сорамна!..» Часта чуем гэтую фразу з вуснаў матуляў у дачыненні да дзяцей. Бацькі-хрысціяне часамі дадаюць да гэтага: «Як табе не сорамна, Бог глядзіць на цябе, а ты... (такі брудны, так дрэнна сябе паводзіш, такі гультай, у цябе такая дрэнная памяць і г.д.)». Сорам становіцца, такім чынам, адным з найбольш значных стымулаў выхавання, у тым ліку выхавання хрысціянскага. Што ж гэта за эмоцыя, і якія наступствы можа мець выхаванне на яе аснове?

Святое Пісанне дакладна ўказвае момант, у які ў існаванні чалавецтва з’яўляецца сорам: першародны грэх. Да яго Адам і Ева «не саромеліся» (пар. Быц 2, 25). З’еўшы забаронены плод, яны пачалі саромецца адно аднаго, а таксама — Бога. Гэтае пачуццё прывяло да таго, што першыя людзі «схаваліся» адзін ад аднаго (змайстравалі адзенне) і ад Бога (адышлі за дрэвы). Сорам, такім чынам, з’яўляецца натуральным наступствам граху. Больш за тое. Менавіта сорам, уздзейнічаючы на параненыя душы першых людзей, перашкаджае ім пакаяцца і вымушае перакладаць віну з аднаго на другога. Сорам, такім чынам, быццам бы «хавае» людзей ад Бога, «закрывае» перад Ягоным позіркам, робіць Ягоны погляд непераносным для душы.

Менавіта такое бачанне сораму праходзіць праз увесь Стары Запавет, у розных кнігах і аўтараў. У сорам можна «апрануцца» (пар. Ёв 8, 22), ён — на тварах людзей (пар. Пс 43,16, Эзх 7, 18, Дан 9, 7), ён «агортвае» твар і ўсяго чалавека (пар. Пс 43, 16, Пс 108, 29). Сорам — гэта стан, у якім можна застацца, а можна выйсці з яго (пар. Іс 65, 14, Іс 50, 7).

Цікава, дарэчы, што Хрыстус кажа аб сораме толькі адзін раз: «Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: „Саступі яму месца“. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца» (Лк 14, 8–9). Прычына гэтага — пытанне да тэолагаў, але, на мой асабісты погляд, справа ў тым, што ў Старым Запавеце валадарыць Закон Майсееў, скіраваны на выкананне вонкавых правілаў паводзін. Хрыстус жа прынёс у свет не Закон, а Любоў, якая пераўзыходзіць сорам.

Такім чынам, сорам робіць непераносным для чалавека позірк Бога, закрывае твар чалавека ад Яго, а таксама — ад людзей навокал. Але што азначае аддаленне ад Бога? Ён — выток усялякага жыцця, а значыць, жыць вонкі Яго — немагчыма. Сорам як бы знішчае, спальвае душу.

Менавіта гэтыя два моманты адлюстраваны ў сучаснай псіхалагічнай навуцы.

Сорам не даецца чалавеку ад нараджэння. Гэта «парная» эмоцыя, парай для якой з’яўляецца агіда з боку іншага чалавека. Агіда можа не гучаць у словах і не быць яўнай у дзеяннях чалавека. Дастаткова позірку, амаль непрыкметнага руху (быццам штосьці аддаляем ад сябе), каб яе перадаць. Таму з дзяцінства перад намі з’яўляюцца тыя вочы, якія глядзяць на нас з пагардай і агідай. Пад іх позіркам дзіця, а пазней і дарослы чалавек адчувае сябе брудным, агідным, імкнецца схавацца, як бы перастаць існаваць. Таму калі нам сорамна, мы імкнёмся, напрыклад, схаваць твар у далонях ці хаця б апусціць вочы — прамы позірк для нас непераносны.

Калі дзіця часта саромелі, у тым ліку з маніпулятыўнымі мэтамі, то да падлеткавага ўзросту «вочы насупраць», аб якіх мы толькі што распавялі, быццам «перасяляюцца» ў ягоную галаву. Яму ўжо няма патрэбы рэальна бачыць агіду ў позірку кагосьці іншага, каб адчуваць сорам: гэты позірк ужо ў ім самім. Таму псіхолагі кажуць, што сорам як бы разрывае чалавека — творыць унутры яго дзве асобы: адну — агрэсіўную, якая грэбуе, адпіхвае ад сябе, адчувае агіду, і другая — брудная, агідная, кепская, якая імкнецца толькі да аднаго — схавацца як мага далей ад спальваючага позірку «агрэсара». Таму для падлеткаў характэрна высокая ступень сарамлівасці, пільная ўвага да сваёй знешнасці, вышукванне недахопаў, хваравіта завышаныя рэакцыі на чыесьці позіркі ці словы, інтанацыі, часта надуманыя: «чаму ён так злосна на мяне паглядзеў?», «чула, як яна са мной размаўляла?» — такія фразы тыповыя для падлеткаў.

Калі гэтая сарамлівасць і павышаная ўспрымальнасць не будуць перажыты натуральнымі шляхамі, сітуацыя можа пагоршыцца яшчэ больш: тыя дзве ўнутраныя асобы — «агрэсар» і «ахвяра» — з’яднаюцца ў адну, і тады чалавеку нават не трэба будзе надумваць нейкія позіркі ці словы іншых — ён і так будзе «ведаць», што ён нікчэмны, агідны, што ніхто не захоча з ім мець стасункі, што ён нічога не варты і значыць не болей, чым бруд. Чалавек у такім стане пачынае цкаваць сябе самога, пераследаваць, прыніжаць... Відавочна, што такія адносіны да сябе робяць амаль немагчымымі добрыя стасункі гэтага чалавека з іншымі, а таксама з Богам, які, як яму падаецца, таксама глядзіць на яго з агідай і не можа любіць такую нікчэмнасць. Таму вынікам такога паталагічнага пачуцця сораму часта становіцца роспач — упэўненасць, што «я не магу быць збаўлены, Бог мяне не любіць і любіць не можа, Ён ніколі не прабачыць мае грахі, і я патраплю ў пекла». Таксама і людзі «ніколі мяне не прымуць, я ўсім агідны, я не варты ніякіх добрых адносінаў, я заўжды буду самотны, бо толькі тое я і заслугоўваю».

Як бачым, такія звыклыя і простыя словы «як табе не сорамна», калі часта ўжываць іх пры выхаванні дзіцяці, могуць мець вельмі цяжкія наступствы. Гэта, аднак, не азначае, што зараз дзецям трэба ўсё дазволіць, абы толькі яны не пазналі сораму. Нюанс тут у тым, што сорам адносіцца да ўсёй чалавечай асобы: «я — дрэнны». Пры выхаванні ж варта звяртаць увагу дзіцяці на нейкі канкрэтны выпадак: «ты добры, але вось тут ты зрабіў дрэнны ўчынак». Тады ў эмацыянальнай сферы гаворка ідзе ўжо не аб сораме, а аб пачуцці віны і аб адказнасці, пра якія мы распавядзём у наступных артыкулах. Звяртанне да канкрэтнага ўчынку канкрэтызуе і «лакалізуе» сітуацыю: «я маю сваю чалавечую годнасць, я добры, але гэты канкрэтны мой учынак быў кепскі. Я прымаю адказнасць за яго, шкадую, што так адбылося, і намагаюся выправіць тое, што магчыма». З хрысціянскага пункту гледжання гэта азначае: «Бог мяне любіць, нягледзячы на мае грахі». Згадзіцеся, з такой устаноўкай жыць значна лягчэй!

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.