Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Радасць ці весялосць?
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
11.10.2011 10:53

Завяршаючы размову аб чалавечых эмоцыях, хацелася б некалькі словаў сказаць і аб «пазітыўных» пачуццях, а менавіта аб радасці і весялосці, тым больш што яны маюць, акрамя псіхалагічнага, вялікае духоўнае значэнне.

Словы «радасць» і «весялосць» часта ўжываюцца побач, напрыклад: «У хаце панавалі радасць і весялосць». З пункту гледжання мовы яны з’яўляюцца сінонімамі. Але ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, якія эмоцыі яны выражаюць і ці падобныя гэтыя эмоцыі адна на адну?

Аказваецца, гэтыя эмоцыі, ці станы душы, вельмі розныя, а ў некаторых выпадках — нават супрацьлеглыя! Асабліва добра гэта бачна з пункту гледжання хрысціянства. Мы ведаем, што хрысціянін павінен быць заўсёды радасным. Некаторыя ўспрымаюць гэта так, што хрысціянін павінен быць заўсёды ўсім задаволеным, а таксама — без перапынку ўсміхацца, жартаваць, быць у добрым настроі, інакш кажучы — весяліцца. Але відавочна, што такі стан немагчымы ці хаця б нездаровы для чалавека. Што б вы падумалі пра кагосьці, хто заўсёды толькі смяецца, жартуе, заўсёды актыўны, «зараджаны» аптымізмам, быццам на крылах лётае? Можна прадказаць, што праз месяц вы будзеце абыходзіць яго бокам.

Атрымліваецца, што хрысціянства патрабуе ад чалавека чагосьці, што яму не характэрна, а можа, нават і шкодна? Не. І вось тут вельмі важна падкрэсліць розніцу паміж радасцю і весялосцю. Паспрабуем спачатку зрабіць гэта на ўзроўні мовы. Фраза «ён мае Божую радасць у сэрцы» гучыць цалкам добра. А калі «ён мае Божую весялосць»? Нешта змянілася, заўважце. Бог і радасць добра дапасуюцца, а вось Бог і весялосць — неяк шурпата...

Вось яшчэ пара. «Ён радасна слухаў словы Хрыста». — Цудоўна.

А калі «ён слухаў словы Хрыста весела»? — Падаецца, што неяк няўважліва і без аніякай пашаны ён іх слухаў...

А вось такія пары: «Я радуюся цярпенням, якія прымаю ў Імя Хрыста» і «Я весялюся з прычыны цярпенняў у Імя Хрыста». Апошняе — ужо зусім бессэнсоўнае.

Гэтыя прыклады дапамагаюць пабачыць, што словы радасць і весялосць абазначаюць вельмі розныя душэўныя станы.

Сапраўдная радасць даецца нам Богам разам з Ягонай любоўю да нас. Мы радуемся, што мы — дзеці Божыя, што Бог паклікаў нас да сябе, што Ён абяцаў, што не пакіне  нас. Радасць, такім чынам, цесна звязана з верай і надзеяй на Пана. Яна можа быць ціхай, не патрабаваць ніякіх актыўных дзеянняў, каб яе выказаць — часам дастаткова толькі позірку, усмешкі, інтанацыі голасу... Да таго ж радасць не выключае магчымасці адчування іншых эмоцый. Можна сумаваць, страціўшы кагосьці з блізкіх — і пры гэтым недзе глыбока радавацца, што чалавек, напрыклад, адышоў у стане Божай ласкі і цяпер прабывае ў Божым Валадарстве.

Весялосць жа заўсёды актыўная, яна дзейнічае. Яе мы адчуваем так, быццам маем не кроў у венах, а газіраваную ваду з бурбалкамі: нас цягне штосьці прадпрыняць, зрабіць.
Відавочна, што гэтае пачуццё зусім не дрэннае: кожнаму чалавеку часам неабходна павесяліцца, патанчыць, пасмяяцца, пажартаваць... Аднак варта звярнуць увагу на тое, што, як ні парадаксальна, у сучасным свеце весялосць знішчае радасць. У грукаце дыскатэк, вечарын, клубаў людзі, асабліва моладзь, губляюць магчымасць кантакту з самімі сабой, пачуць тую радасную ціхую «мелодыю», якую «спявае» ў іх сэрцах радасць. Гэта калі яна яшчэ спявае. А колькі тых, хто з дапамогай штучнай весялосці ўцякае ад уласнага болю, адзіноты, страху і г. д.!

Сапраўдная радасць жа набліжае чалавека да сябе самога, а галоўнае — да Бога.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.