Сёння мы працягнем размову аб адрозненнях паміж мужчынамі і жанчынамі і аб тым уздзеянні, якое гэтыя адрозненні аказваюць на нашае жыццё, у тым ліку — жыццё ў сям’і.
Ці цікавіліся вы калі-небудзь пытаннем аб тым, з якой нагоды найчасцей сварацца сужэнцы? Падавалася б, адказаў вельмі шмат: і побытавыя праблемы, і пытанні выхавання дзяцей, і арганізацыя адносінаў з іншымі людзьмі, у тым ліку — з бацькамі мужа і жонкі, іх сябрамі і сяброўкамі і г. д. Не на апошнім месцы могуць таксама стаяць «сцэны» рэўнасці, падазронасці, непаразумення.
Аднак, калі больш пільна зазірнуць у сітуацыю і папрасіць удзельнікаў сваркі адказаць, за што яны злуюцца на сваю «палавіну», то сярод шматлікіх адказаў можна заўважыць адзін лейтматыў: «Я злуюся, таму што ён (яна) мяне не разумее (часам кажуць: „не хоча зразумець“)». Інакш кажучы: «Я злуюся, таму што ты думаеш, разважаеш і бачыш свет інакш, чым я». А гэта, у сваю чаргу, азначае: «Я злуюся, таму што ты — гэта не я». І хаця на рацыянальным узроўні мы выдатна разумеем, што іншы чалавек, а тым больш чалавек іншага полу, не можа мець дакладна такія ж схемы і спосабы мыслення, як мы самі, полымя сямейнага канфлікту вельмі часта распальваецца воклічам адчаю: «Зла не хапае, ЯК МОЖНА НЕ РАЗУМЕЦЬ ТАКІХ ВІДАВОЧНЫХ РЭЧАЎ?!»
Мэтай гэтага і папярэдняга артыкулаў з’яўляецца спроба паказаць вам, дарагія чытачы, а таксама нагадаць і сабе, што няма на свеце відавочных рэчаў. Тое, што відавочна для жанчыны, зусім не абавязкова настолькі ж відавочна для мужчыны, і наадварот.
Мужчына і жанчына па-рознаму ўспрымаюць тое, што навокал, аднак гэта зусім не падстава для неразумных жартачак пра «жаночую» і «нармальную» логіку. Як жаночае, так і мужчынскае ўспрыманне сітуацыі — як фізіялагічнае, так і псіхалагічнае, — мае свае плюсы і мінусы. Мужчына і жанчына розныя, але аднолькава вартыя. Можа, менавіта таму Пан Бог з’яднаў іх у адно і благаславіў сужэнскі саюз.
Фізіялагічныя асаблівасці мужчынскага і жаночага ўспрымання з’яўляюцца прадметам шматлікіх падрабязных даследаванняў, кніг і тэлеперадач. Вельмі сістэмна і абагульнена гэтую тэму развівала, у тым ліку, праваслаўная манахіня Ніна Крыгіна.
У сваім артыкуле я звярну ўвагу на сітуацыі, якія выклікаюць найбольш вострыя канфлікты ў сямейным жыцці.
Пачнём з самага простага, паўсядзённага і нават смешнага: часта жанчын раздражняе тое, што мужчына не можа знайсці рэчаў, якія ляжаць «на самым бачным месцы». Корані ж гэтай «бяды» крыюцца ў асаблівасцях мужчынскага зроку, які называецца «тунэльным»: мужчына добра бачыць прама наперад (як у тунэлі) і як бы «сканіруе» па частках тое, на што глядзіць. У жанчыны ж вельмі добра развіты бакавы зрок, яна глядзіць «ушыр». Таму пра жанчын псіхолагі часта жартуюць: «Калі жанчына не глядзіць, гэта не азначае, што яна не бачыць». Такім чынам, калі жанчына адразу бачыць вялікую прастору і патрэбную рэч у ёй, то мужчыну патрэбен час, каб яе заўважыць. З гэтай жа прычыны мужчыны, як правіла, абыякава ставяцца да розных дэталяў інтэр’ера, дробных элементаў адзення і г. д. Яны проста іх не заўважаюць, успрымаючы ў прадмеце тое галоўнае, што ў ім ёсць. Таму сапраўдным катаваннем для мужчын становяцца, напрыклад, мерапрыемствы кшталту паходу ў краму з тканінамі, каб «набыць занавескі ў залю». Шматлікія, розныя па фактуры, колеру і малюнку тканіны, якія адрозніваюцца менавіта дробнымі дэталямі, выбіваюць глебу з-пад ягоных ног. І пытанні кшталту «якая лепей: гэтая ў кветачку, тая шчыльная ці тая ружовенькая, што мы бачылі у тым аддзеле?» для яго абсалютна невырашальныя.
Ад зроку пяройдзем да слыху. Як узаемадзейнічаюць мужчыны і жанчыны ў гэтай сферы?
Трэба памятаць, што, у адрозненні ад жанчын, мужчынам цяжка ўспрымаць інфармацыю адначасова з некалькіх крыніц. Таму і ўзнікае анекдатычны вобраз «мужа на канапе з газетай», для якога іншае ў свеце, падаецца, наогул не існуе. Часта гэта правакуе крыўду ў жанчыны, калі ў адказ на яе паўгадзінную эмацыянальную гаворку чуецца нерашучае: «А?..»
Маўленне — яшчэ адна сфера розніцы паміж двума паламі. Шырока вядома, што жанчына за дзень вымаўляе амаль у два разы больш слоў, чым мужчына. Але справа зусім не ў жаночай «балбатлівасці». Аказваецца, мужчыны і жанчыны вельмі па-рознаму вырашаюць праблемы. Мужчына, калі павінен вырашыць нейкае пытанне, часцей за ўсё замыкаецца ў сабе, замаўкае і ўнутрана аналізуе сітуацыю, каб знайсці рашэнне. Джон Грэй у сваёй кнізе «Мужчыны з Марсу, жанчыны з Венеры» называе гэты стан «мужчынскай пячорай»: мужчына нібы хаваецца ў «пячору» сваіх думак і разважанняў і шукае адказ на паўстаўшае пытанне.
Для жанчыны ж важным крокам да вырашэння праблемы з’яўляецца яе абмеркаванне — эмацыянальна, з дэталямі і ўсімі нюансамі. Таму так папулярны сярод жанчын гадзінныя размовы з сяброўкамі па тэлефоне, якія прыводзяць мужчын у ступар: «Аб чым можна столькі размаўляць?!» Важна, што галоўнай мэтай такіх размоваў з’яўляецца не вырашэнне самой праблемы, а зніжэнне эмацыянальнага напружання, з ёю звязанага. Сяброўка, як правіла, не прапаноўвае варыянтаў вырашэння сітуацыі — яна толькі эмацыйны слухач: «Няўжо?! Ды што ты кажаш?! Вушам не веру! А што далей?» Гэтых і падобных фраз дастаткова, каб эмацыянальны стрэс знізіўся, а тады жанчына ўжо можа прымаць рашэнні.
Мужчыны таксама часам абмяркоўваюць між сабою нейкія праблемы, аднак іх падыход кардынальна адрозніваецца: яны якраз прапануюць спосаб вырашэння праблемы: «Схадзі туды, паразмаўляй з тым, зрабі гэта — і ўсё будзе добра».
Менавіта таму часам непаразуменнямі заканчваюцца сітуацыі, калі жанчына пачынае «выгаворвацца» мужчыну, напрыклад, мужу. Ён чуе: «Любы, я так стомлена сябе адчуваю…» — І прапануе вырашэнне: «Дык адпачні». Праблема, падаецца, вырашана. А жанчына крыўдзіцца: «Ты ніколі са мною не размаўляеш і не слухаеш мяне»… Пытанне: навошта ж размаўляць, калі ты стамілася? Лепей паспі…
Усё вышэйсказанае, хоць і крыху смешнае, дазваляе нам зрабіць некалькі вельмі важных высноваў.
Па-першае. Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі, як і міжасабовыя адносіны наогул, павінны быць заснаваны на адным галоўным падмурку: ПАВАЗЕ. Мы розныя, як у фізіялагічным, так і псіхалагічным плане. Але мы РОЎНЫЯ. Я маю на ўвазе не тую роўнасць, якую прапагандуюць фемінісцкія рухі: у іх вуснах роўнасць — гэта якраз сінонім аднолькавасці. Я ж кажу аб роўнай ГОДНАСЦІ мужчыны і жанчыны як стварэння Божага. З Кнігі Быцця мы памятаем, што ўсё, што стварыў Бог, было добрым. І менавіта на гэтым будуецца чалавечая павага да ўсіх людзей, незалежна ад полу.
Па-другое. Ва ўладзе чалавека, які мае розум, так пабудаваць адносіны з прадстаўніком іншага полу, каб, улічваючы свае і яго асаблівасці, зрабіць іх найменш траўматычнымі, каб яны дарылі радасць і паразуменне. Варта памятаць: «няма відавочных рэчаў». Варта старацца зірнуць на сітуацыю не толькі са сваёй «вежы», але паспрабаваць успрыняць і іншы пункт гледжання. Мне падаецца, што гэта добрая практыка такой хрысціянскай цноты, як пакора.
Па-трэцяе. Калі змяняецца бачанне і разуменне сітуацыі — змяняецца і сама сітуацыя. Знаходзяцца новыя выхады, якія раней проста не былі бачнымі. І тады нават простыя, але балючыя сітуацыі са штодзённасці развязваюцца «на вачах»: пачакаць, пакуль муж адкладзе газету… Выслухаць жонку, не стараючыся даваць парадаў… Схадзіць у краму з тканінамі з сяброўкай…
Гэта простыя рэчы, але калі яны, пабудаваныя на павазе, на захапленні хараством Божага стварэння, якое зусім не падобна да мяне, стала ўваходзяць у нашае жыццё, то яно і мы самі змяняемся да лепшага — набліжаемся да Бога, а значыць становімся і ў большай ступені людзьмі.
Наталля Станкевіч
|