Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разважанні аб сексуальнасці
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
01.12.2011 06:13

Працягваючы размову аб асаблівасцях мужчын і жанчын, напэўна, нельга абмінуць такую «далікатную» тэму, як мужчынская і жаночая сексуальнасць. Сёння мы звернемся менавіта да гэтага пытання.

Пачнём з таго, што кажа аб праявах сексуальнасці Божае слова. Некаторыя, чытаючы аб першародным граху, робяць выснову, што ён быў неяк звязаны з парушэннем забароны на сексуальныя зносіны. Аднак на мой погляд (гэта маё асабістае меркаванне!) — гэта толькі спроба прыраўняць гісторыю збаўлення да нашага чалавечага ўспрымання, прымусіць Бога «панізіцца» да нас, замест таго, каб нашу чалавечую натуру старацца ўзняць да Яго. Насамрэч жа Бог сказаў людзям словы, якія сталі шырока вядомымі нават сярод няверуючых: «І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю…» (Быц 1, 28). Зразумела, гэтыя словы маюць вельмі глыбокі сэнс, у тым ліку і духоўны. Аднак і цялеснага тлумачэння, на маю думку, нельга адмовіць.

Потым жа, на працягу Старога і Новага Запаветаў, можна заўважыць даволі яскравае супрацьпастаўленне сексуальных зносін па-за шлюбным саюзам як пажадлівасці (гл. Эзх 23) — і адносінаў мужа і жонкі. Зразумела, што пажадлівасць ёсць грахом, за які былі, у тым ліку, знішчаны Садом і Гамора. У дачыненні ж да шлюбу мы бачым, што ён уключаны ў складаную сістэму каштоўнасцяў, наверсе якой стаіць цнатлівасць як найбольш дасканалае следаванне Божаму прыкладу. Аднак шлюбнае жыццё, неабходнае хаця б для фізічнага выжывання чалавецтва, таксама не закрывае шляху да святасці і выступае як Божае пакліканне большасці людзей (у адрозненне ад святароў і законнікаў, якія склалі шлюб чыстасці). Апостал Павел кажа: «Бо жадаю, каб усе людзі былі, як і я; але кожны мае свой дар ад Бога, адзін так, а другі інакш. Бясшлюбным жа і ўдовам кажу: добра ім заставацца, як я. Але калі не могуць устрымацца, няхай уступаюць у шлюб; бо лепш уступіць у шлюб, чым распаляцца» (1 Кар 7, 7–10). Адпаведна з гэтым Апостал таксама раздзяляе розныя ўзроўні каштоўнасцяў, якія існуюць у сужэнскім жыцці. На першым месцы стаяць патрэбы духоўныя: пост і малітва, дзеля якіх сужэнцы могуць на некаторы час «ухіліцца» адно ад аднаго, каб затым ізноў быць разам, бо занадта доўгае устрыманне можа быць падставай для нячыстых спакусаў (Пар. 1 Кар 7, 5).

Шлюбныя адносіны, такім чынам, супрацьпастаўляюцца пажадлівасці і нячыстасці: «Шлюб ува ўсіх няхай будзе чыстым і ложак беззаганны; распуснікаў жа і пралюбадзеяў судзіць Бог» (Гбр 13, 4).

Зыходзячы з гэтага, сексуальнасць прадстаўляецца як вельмі складаная з’ява, якая ляжыць на «скрыжаванні» трох «вымярэнняў» існавання чалавека: фізіялагічнага, сацыяльнага і культурнага, куды аднясём сістэму каштоўнасцяў. Як істота біялагічная, цялесная, кожны чалавек, незалежна ад полу, мае органы размнажэння, а таксама інстынкты, якія штурхаюць яго да працягвання роду. Гэтыя інстынкты, фарміруючыся, у тым ліку, пад уздзеяннем гармонаў, спачатку прадстаўляюць сабою быццам паток вады, які разліваецца па ўсіх напрамках, і толькі сацыяльнае асяроддзе і прынятыя ў ім нормы і звычаі надаюць гэтаму патоку кірунак, у тым ліку праз сістэму забаронаў (можна прыгадаць старажытныя табу — напрыклад, на зносіны паміж блізкімі сваякамі ці перад паляваннем). Засвойваючы гэтыя нормы, чалавек як бы «прысвойвае» іх, робіць часткаю сваёй унутранай прасторы, фарміруючы такім чынам уласную сістэму каштоўнасцяў і ўяўленняў аб тым, што добра, што дрэнна, што дапушчальна, а што — не. Для хрысціянаў, зразумела, падмуркам гэтай сістэмы каштоўнасцяў з’яўляюцца Божыя запаведзі і вучэнне Касцёла.

Як жа фарміруецца сексуальнасць?

Адказваючы на пытанні маладых мам на адным з псіхалагічных форумаў, я сутыкнулася з тым, што вельмі шмат бацькоў занепакоены праявамі так званай «дзіцячай сексуальнасці». Адна з удзельніц, напрыклад, звярнулася да кансультантаў у паніцы: «Мой сынок, двухгадовага ўзросту, дакранаецца да сваіх палавых органаў, і, падаецца, яму гэта падабаецца! Няўжо ён ужо ў гэтым узросце такі разбэшчаны?!»
 
Адказ на гэтае пытанне, безумоўна, можа быць толькі адмоўным: дзіцятка ў такім узросце не можа быць разбэшчаным. Уся справа, насамрэч, у тэрміналогіі. Калі Фрейд першым загаварыў аб дзіцячай сексуальнасці, ён меў на ўвазе не «сексуальнасць», а цялесную «ўзбуджальнасць» дзіцятка. «Узбуджальнасць» пры гэтым не носіць сексуальнага адцення. Напрыклад, калі мама гладзіць немаўлятка ці робіць яму масажык, то дзіця ўсю энергію сваіх пачуццяў, прыемных адчуванняў як бы «пералівае» ў скуру, якая становіцца эмацыйна заражанай, узбуджанай. Гэта і ёсць той «протасексуальны паток», аб якім мы казалі напачатку. Ён не сканцэнтраваны ні ў якім органе цела і не мае канкрэтнага адрасату. І толькі праз шмат гадоў, у падлеткавым узросце, калі да справы падключыцца гарманальная сістэма, гэтае ўзбуджэнне набудзе характар менавіта дарослай сексуальнасці. У дзяцінстве ж дакрананне да палавых органаў часта з’яўляецца спосабам самазаспакойвання і можа ўказваць на нейкую трывогу ці страхі ў дзіцяці. Дарэчы, калі тая мама перастала канцэнтраваць увагу на незвычайных паводзінах сына і непакоіцца з-за іх, яны зніклі самі па сабе.

Другая мама задала іншае пытанне, таксама вельмі важнае для нашай размовы: «Маёй дачцы 2 гады, і яна не любіць свайго тату. Калі запытаешся ў яе: „ці ты любіш тату?“, яна настойліва адказвае: „не!“ Таксама яна трохі яго баіцца, не жадае заставацца сам-насам з ім». Здавалася б — сур’ёзная праблема ў адносінах! Аднак, упэўніўшыся, што бацька не крыўдзіць малую, кансультанты прыйшлі да высновы: усё нармальна, проста для развіцця адносінаў паміж дачкой і татам яшчэ не прыйшоў час. «Гадзінай ікс» для гэтага лічыцца трохгадовы ўзрост. Прыкладна тады дзіцятка канчаткова выходзіць з сімбіёзу з мамай і пачынае актыўна вывучаць навакольны свет і людзей, якія ў ім знаходзяцца. У тым ліку ўвага дзіцятка канцэнтруецца на тату. Чым жа так важны тата? Справа ў наступным. Дзіцятка павінна, з аднаго боку, навучыцца быць хлопчыкам ці дзяўчынкай, а з іншага — адчуць сябе прадстаўніком таго ці іншага полу. Вучыцца дзіцятка ў дарослага аднаго з ім полу: дзяўчынка глядзіць, як паводзіць сябе мама — і засвойвае нормы жаночых паводзінаў, асновы жаночага характару; хлопчык жа «капіруе» свайго бацьку.

Аднак гэта тэорыя. Але каб адчуць сябе хлопчыкам ці дзяўчынкай, дзіцятку патрэбны дарослы супрацьлеглага полу. Дзяўчынцы трэба не толькі засвоіць жаноцкія рысы характару і паводзінаў, але і «адпрацаваць» іх на кімсьці, хто не падобны да яе — на мужчыне, на тату. Таму дзяўчынцы неабходна быць «таткавай прынцэсай» — адчуць сябе ацэненай, прынятай і любімай менавіта ў сваёй жаноцкасці. Хлопчыкі ж становяцца «мамінымі рыцарамі»: «я мужчына, таму дапамагу маме, напрыклад, саступлю ёй месца ў транспарце і буду мужна стаяць побач». А мама павінна прыняць гэтыя праявы мужнасці, высока ацаніць іх: «Які ты добры мамін памочнік! Як па-мужчынску зрабіў!»
 
Менавіта сыходзячы з ролі бацькоў у фармаванні палавой прыналежнасці дзіцяці (Отто Кернберг назваў яе пола-ролевай ідэнтычнасцю), можна сказаць, што сапраўднай бядой нашага грамадства з’яўляюцца няпоўныя сем’і, найчасцей сем’і без бацькі. Вырасшыя ў такі сем’ях дзяўчынкі ў дарослым узросце зноў і зноў шукаюць у знаёмых мужчынах бацьку — таго, для каго можна было б стацца той «таткавай прынцэсай», хто б клапаціўся, абараняў, заспакойваў… Аднак дзяцінства прайшло, а спробы пабудаваць на такім падмурку адносіны паміж дарослымі людзьмі часцей за ўсё заканчваюцца, на жаль, няўдала.

Хлопчык жа ў няпоўнай сям’і пазбаўляецца прыкладу мужнасці, а паколькі фармаваць свае паводзіны неяк трэба, ён капіруе тых, хто побач — маму, бабулю… Засвойвае іх рэакцыі, спосабы рэагавання, погляды на жыццё. Пасталеўшы, ён не ведае, як павінен паводзіць сябе мужчына, адчувае сябе «слабым і маленькім» перад вялізным светам, а таксама шукае пачуцця абароненасці, упэўненасці, «цвёрдага пляча». Пошукі гэтыя могуць заканчвацца алкагалізмам, наркаманіяй (як уцёк ад рэальнасці), агрэсіўнымі, сацыапатычнымі паводзінамі і злачынствамі («Я не слабы, не маленькі! Гэта не я баюся, гэта ВЫ мяне бойцеся!») ці, калі ў справу ў нейкі момант умяшаюцца ўсё тыя ж гармоны, — гомасексуалізмам — таксама спробай знайсці сабе бацьку. Але дзяцінства скончылася, і ў дадатак да «бацькі» ідзе разбэшчанасць і вычварэнства.

Перыяд ад 4–5 да 10–11 год лічыцца перыядам «зацішша» ў сексуальнай сферы. Першапачатковае ўяўленне аб мужнасці і жаноцкасці ў дзіцяці сфармавалася, і цяпер яно прабывае ў спакоі, які парушаецца пубертатам. Гэта перыяд «гарманальнага выбуху», калі целы хлопчыка і дзяўчынкі пераўтвараюцца ў целы хлопца і дзяўчыны. І менавіта на гэтым этапе асноўную ролю ў фармаванні «напрамку» для патоку сексуальнасці пачынае адыгрываць культура і звязаныя з ёю каштоўнасці, якія былі засвоены дзіцём раней. Гэта час іх «праверкі на трываласць». Справа ў тым, што «гарманальны выбух» тычыцца не толькі сексуальнасці. Змяняецца голас, знешні выгляд, пачынаецца хуткі рост, змяняюцца прапорцыі цела… Таму на гэтым этапе вельмі важна, (асабліва бацькам, бо СМІ робяць прама супрацьлеглае) не засяроджваць увагу менавіта на сексуальным аспекце. Гэта не азначае, што гэтую тэму трэба «замаўчаць» — падлетак даведаецца пра ўсё сам і, магчыма, у самым непрыстойным варыянце. Таму варта, падкрэсліваючы змены ў ягоным целе, засяродзіць увагу на культурным і сацыяльным момантах выхавання: «Ты вельмі пасталеў (-ла), і хутка будзеш дарослым юнаком (дарослай дзяўчынай). Гэта вельмі важны момант, пачынаецца нешта зусім новае, і таму табе трэба ведаць аб тых небяспеках, якія можа гэта новае прынесці». Варта паразмаўляць з падлеткам аб Божых запаведзях, аб адказным стаўленні да свайго цела і да іншых людзей.

Кранаючы тэму дарослай мужчынскай і жаночай сексуальнасці, трэба звярнуць увагу на тое, каб не ўпасці ў крайнасці. Свет штурхае нас да адной з іх: «сексуальнасць (чытай: разбэшчанасць) — гэта супер, гэта модна, і без гэтага нельга абысціся!»; аднак ёсць і іншы бок медалю: антысексуальнасць, калі любыя праявы мужнасці ці жаноцкасці расцэньваюцца як недапушчальныя, а сам секс — як нешта бруднае, злое. Гэты падыход асабліва распаўсюджаны ў некаторых пратэстанцкіх рухах. Варта памятаць, што сам Бог стварыў мужчыну і жанчыну рознымі і сказаў: «пладзіцеся і размнажайцеся». Гэтыя словы можна разумець у розных кантэкстах, але і фізічнае размнажэнне нельга адсюль адкінуць. Здаровая, чыстая сексуальнасць, якая рэалізуецца ў сужэнскім саюзе, з’яўляецца, такім чынам, імкненнем да жыцця, супрацоўніцтвам з Богам у тым, каб гэтае жыццё працягвалася.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.