Маніпуляцыі: за і супраць |
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч |
14.12.2011 14:39 |
Апошнім часам усё большую моц і ўплыў набіраюць разнастайныя тэхнікі маніпулявання. Мы гаворым аб тым, як сродкі масавай інфармацыі маніпулююць масавай свядомасцю, чытаем рэкламу разнастайных установаў, якія запрашаюць «стаць больш упэўненым у сабе і навучыцца кантраляваць акружаючых», і, нарэшце, свядома ці падсвядома выкарыстоўваем маніпуляцыі ў камунікацыі з нашымі блізкімі і сябрамі. Разважаючы на тэму маніпуляцыі, важна перш за ўсё вызначыцца з адносінамі да гэтай з’явы: маніпуляцыя — гэта добра ці дрэнна? Часамі, калі я, размаўляючы з чалавекам на псіхалагічныя тэмы, называю штосьці маніпуляцыяй — у адказ бачу шчаслівую ўсмешку: «Ну дакладна! Я ж умею дабівацца свайго!»Маё асабістае — як псіхолага і як хрысціянкі — стаўленне да маніпуляцый –– адмоўнае. Варта памятаць, у чым сутнасць гэтай з’явы. Яна ў тым, каб пазбавіць чалавека магчымасці сказаць «не». Памятаеце, у адной з першых нашых размоваў мы казалі, разважаючы аб межах, што чалавек ў адказ на нашу просьбу можа ці згадзіцца, ці адмовіцца, у гэтым заключана свабода. Зразумела, што і мы можам ці згаджацца, ці адмаўляцца на звароты і просьбы іншых людзей. Мэтай жа маніпулятыўных паводзінаў з’яўляецца якраз пазбаўленне нас гэтай свабоды, стварэнне сітуацыі, калі «не» не можа быць сказана, калі пад формаю просьбы, па сутнасці, хаваецца загад. Існуе шмат відаў маніпуляцый у міжасабовай камунікацыі (у гэтай размове я закрану менавіта гэтую сферу, бо яна ахоплівае найбольш вялікую аўдыторыю — гэта тое, з чым мы маем справу кожны дзень), аднак я б хацела разгледзець сам яе механізм. Як узнікае маніпуляцыя? Напэўна, амаль усе вы, шаноўныя чытачы, ведаеце, што інфармацыя ў працэсе камунікацыі між людзьмі перадаецца двума спосабамі — вербальна (пры дапамозе словаў) і невербальна (жэстамі, выразам твару, позіркам і г.д.). Звычайна, калі мы вядзём сумленную камунікацыю, інфармацыя, якая ідзе па гэтых двух каналах, супадае. Напрыклад, мы кажам: «Як я рады цябе бачыць!», пры гэтым усміхаемся, нашыя рукі робяць лёгкі рух, быццам хочам абняць суразмоўцу, — і ён (яна) бачыць невербальнае падцвярджэнне нашых словаў: мы сапраўды рады яго бачыць. Аднак здараюцца сітуацыі, калі гэтыя два каналы разыходзяцца. Уявім сітуацыю, калі фраза «Як я рады цябе бачыць!» вымаўляецца з «каменным» выразам твару ці, напрыклад, з іранічнай, нядобрай усмешкай, ці нашае цела пры гэтым крыху адкідваецца назад, быццам мы хочам аддаліцца ад суразмоўцы. Тады словы кажуць адно: «я рады», а невербаліка паказвае што заўгодна — страх, насцярожанасць, злосць, жаданне кантраляваць, агіду, але толькі не радасць. Такая сітуацыя не толькі непрыемная, але і небяспечная: напрыклад, дзіця, якое расце ў сям’і, дзе такі стыль «рознаканальнай» камунікацыі з’яўляецца пастаянным, можа захварэць на самыя разнастайныя псіхічныя хваробы, у тым ліку на шызафрэнію, бо не ведае, якой крыніцы інфармацыі верыць: вербальнай ці невербальнай. «Падвоеная» камунікацыя можа быць неўсвядомленай, вырастаць з хваравітых схемаў адносінаў чалавека да акружаючых, служыць абаронай. Аднак калі гэты прыём выкарыстоўваецца з мэтай дабіцца чагосьці ад чалавека, ад якога мы не хочам пачуць «не», — тады мы маем справу з маніпуляваннем у чыстым выглядзе. Разгледзім, напрыклад, такую размову паміж мамай і сынам падлеткам: Мама: «Урокі зрабіў?» Сын: «Засталася матэматыка, пайду пагуляю гадзіну, а потым на свежую галаву зраблю яе». Мама (сумна, іранічна): «Ну так, ты ж заўсёды ведаеш, што для цябе лепш!» Мы можам заўважыць, як у гэтым выпадку мама маніпулюе сынам: насамрэч ёй па нейкіх прычынах непрыемна, што ён ідзе на прагулку, не зрабіўшы матэматыку. Але словамі яна кажа супрацьлеглае: «Ты ведаеш, што для цябе лепш». Адносіны яе выдае тон, які, у залежнасці ад сітуацыі, можа азначаць што заўгодна: апеліраваць да пачуцця віны («я столькі працую, не маю ні хвілінкі на адпачынак, а ты тут як кароль: захацеў — пайшоў на прагулку, захацеў — павучыўся»); да сораму («няўжо ты лічыш, што такі дурань, як ты, можа добра разлічыць час?»); выражаць уласны страх і занепакоенасць («я не веру, што пасля прагулкі ты будзеш рабіць матэматыку, я не давяраю тваім словам, што вернешся праз гадзіну») і г.д. Уся гэтая «невербаліка» выліваецца на хлопца яскравым пасылам: «Не хадзі на прагулку, бо мне гэта нязручна, рабі матэматыку!» Іншы прыклад: размаўляюць дзве сяброўкі. Адна кажа: — Вось бы ў кіно схадзіць… У гэтым выпадку першая сяброўка не выражае просьбу наўпрост: яна не кажа, што хоча сёння пайсці ў кіно, але толькі «восб бы схадзіць» і «сёння цікавы фільм». Другая дзяўчына «трапляецца на кручок»: насамрэч яе яшчэ ніхто не запрашаў у кіно, але яна ўжо адчувае, што менавіта яна павінна далучыцца да сяброўкі, і па нейкай прычыне не можа гэтага зрабіць. Далей яна ставіцца перад яшчэ больш складаным выбарам: як падлічыць — САПРАЎДЫ ТАК яна занятая ці не ТАК?.. Да гэтага далучаецца маніпуляцыя на пачуцці віны, якая перадаецца тонам і часткова словамі «мы так даўно не адпачывалі разам..». Як бачым, маніпуляцыі супрацьстаяць таму, што называецца сумленнай камунікацыяй, калі суразмоўцы адкрыта выражаюць свае жаданні, чаканні, просяць аб чымсьці і пакідаюць іншаму чалавеку права адмовіцца гэта выконваць. Варта таксама памятаць, што сам Езус Хрыстус вучыць нас якраз сумленнай камунікацыі: «Няхай словы вашыя будуць: так-так, не-не». Калі ж мы спрабуем адначасова сказаць і «так» і «не» — гэта нішто іншае, як падман, мэтай якога з’яўляецца пазбавіць суразмоўцу свабоднай волі — якасці, дадзенай нам Богам. Што ж рабіць, каб не стаць ахвярай маніпуляцыі? Па-першае, важна пастарацца зразумець, што кажа вам суразмоўца на вербальным і невербальным узроўні, а потым — зрабіць яўным тое, што было схавана. «Ты кажаш, што рады мяне бачыць, але твой твар кажа, што ты злуешся. Ці гэта насамрэч так?» «Ты хочаш, каб я пайшла з табою ў кіно, і што ты будзеш лічыць мяне вінаватай, калі я не пайду. Але я занятая». «Мама, я адчуваю, што табе не падабаецца маё жаданне ісці на прагулку. Скажы шчыра, чаму, і мы зможам гэта абмеркаваць». Па-другое. Маніпулятары часта імкнуцца справакаваць нас на выбух эмоцый. Часамі, напрыклад, калі чалавек злуецца, яму лягчэй прымусіць раззлавацца іншага і праз гэта атрымаць пацвярджэнне, што ён не дарэмна злуецца. Гэты прыём псіхолагі называюць праектыўнай ідэнтыфікацыяй. Напрыклад, пацыентка на прыёме ў псіхатэрапеўта кажа: — Ой, доктар, вы мне так дапамаглі! Я зноў знайшла сэнс жыцця! Вы проста цуд! А на наступнай сустрэчы — супрацьлеглае: — Вы мне ўсё жыццё сапсавалі, ніякай карысці ад вас няма, шарлатан! Доктар пачынае нервавацца і, крыху павышаючы голас, кажа: — Але вы казалі раней нешта зусім іншае! Дык якой з версій мне верыць?! А пацыентка: — Вось! Вы ўжо крычыце на мяне! Я так і ведала, што вы мяне ненавідзіце! Таму вельмі важна памятаць, што не абавязкова трапляць у пастку пачуццяў, на якія правакуе нас маніпулятар. Ведаючы, што менавіта гэтага ён хоча дабіцца, лягчэй не паддавацца на правакацыі. Па-трэцяе, добрым дапаможнікам у барацьбе супраць маніпуляцый з’яўляецца гумар і парадаксальная рэакцыя, з дапамогай якіх таксама раскрываецца сапраўднае пасланне маніпулятара. Будзьма ж пазбягаць маніпуляцый, каб спазнаць радасць сумленнай камунікацыі роўных па сваёй годнасці дзяцей Божых! Наталля Станкевіч |
tt З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару. |