Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Калі нас перамагае страх: фобіі, станы неспакою, панічныя атакі, навязлівыя паводзіны
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
07.05.2012 15:22

Сучасную эпоху часам называюць эпохай стрэсу і неспакою. Сапраўды, звесткі аб выбухах, стыхійных бедствах, эканамічных праблемах, новых хваробах і пагрозах эпідэмій паўтараюцца амаль кожны дзень і каго заўгодна могуць абрынуць у стан суму і страху. Страх, неспакой становяцца аднымі з асноўных эмоцый нашага часу.

У сувязі з гэтым перад кожным чалавекам стаіць задача ўнутранай апрацоўкі гэтых эмоцый, іх перажывання такім чынам, каб яны не разбуралі псіхічную прастору. Спосабаў такой апрацоўкі эмоцый можа быць некалькі. Забяспечваюцца яны так званымі абароннымі механізмамі нашай псіхікі. Іх роля заключаецца ў тым, каб не дапусціць да нашай свядомасці тыя эмоцыі,  з якімі мы не зможам справіцца і якія, такім чынам, могуць нас траўміраваць. Адным са спосабаў дзеяння абаронных механізмаў, напрыклад, з’яўляецца страта эмацыйнай чуллівасці. Так, чалавек глядзіць навіны, з якіх даведваецца аб чарговым выбуху ці цунамі, — і не адчувае ніякага (ці амаль ніякага) эмацыйнага водгуку. Розумам ён добра ўсведамляе, што адбылося нешта страшнае, загінулі ці пакутуюць людзі — але псіхіка нібы выдаляе з яго свядомасці эмацыйнае перажыванне: спачуванне, боль, страх і г. д.

Часам — і ўсё больш часта — сустракаюцца, аднак, сітуацыі, калі чалавек не здольны даваць рады сваім страхам і іншым негатыўным пачуццям, у выніку чаго яны пачынаюць дамінаваць у ягоным жыцці. Найбольш распаўсюджанымі праявамі гэтай сітуацыі становяцца станы татальнага (у псіхалагічнай навуцы — генералізаванага) неспакою, панічныя атакі, фобіі і навязлівыя паводзіны. Такія станы звычайна вельмі сур’ёзна пагаршаюць якасць жыцця, застаючыся, найчасцей, абсалютна невытлумачальнымі. Людзей, пакутуючых ад гэтых відаў псіхічных дысфункцый, часта пазбягаюць, лічачы іх вар’ятамі, і тады да пакутаў уласна ад сімптому дадаюцца пакуты, звязаныя з адчужэннем ад грамадства, ад чалавечай супольнасці.

Паколькі ўсё большая колькасць людзей сутыкаецца ў наш час з гэтымі праявамі і пакутуе ад іх, прадстаўляецца неабходным больш грунтоўна разгледзець гэтыя з’явы.

Дж. Холіс у сваёй кнізе «Душевные омуты» разглядае страх у якасці «глыбіннай плыні», якая прысутнічае амаль ва ўсіх паталагічных псіхічных станах чалавека. У той жа час аўтар праводзіць мяжу паміж спалохам, неспакоем і страхам. Ён піша: «Спалох вельмі канкрэтны. Мы можам спалохацца сабакі, калі былі калісьці пакусаны». Неспакой — гэта стан (…), у аснове якога ляжыць адсутнасць у чалавека базавага пачуцця бяспекі. (…) Страх жа існуе ў кожнага з нас і ўзнікае як наступства крохкасці і нестабільнасці чалавечай псіхікі».

Такім чынам, спалох — гэта наша рэакцыя на нейкую знешнюю сітуацыю. Так, нармальна спалохацца незнаёмага чалавека ноччу ў бязлюдным месцы. Спалох, такім чынам, — гэта своеасаблівы сігнал, які праз пасрэдніцтва эмоцыі дасылае наш розум: «Увага! Магчыма небяспека!» Калі ж небяспечная сітуацыя праходзіць — знікае і спалох.

Зусім па-іншаму адчуваюць сябе людзі, апантаныя генералізаваным неспакоем. Калі працягнуць прыклад з чалавекам у падваротні, то дзяўчына, схільная да неспакою, выходзячы з дому раніцай, ужо думае аб тым, што вяртацца давядзецца позна, а значыць, яна можа спаткацца з небяспечным незнаёмцам, і ўвесь дзень не знаходзіць спакою, перажывае і баіцца з гэтай прычыны. Пры гэтым відавочна, што  сустрэча з бандытам можа і не адбыцца. Больш за тое — па законах статыстыкі такое здарэнне малаверагодна. Але ў тым і сутнасць стану татальнага неспакою: ён не мае дачынення да рэальных падзей. Холіс піша, што прычынай узнікнення гэтага стану з’яўляецца адсутнасць базавага пачуцця бяспекі. Што гэта такое? Першым аб пачуцці базавай бяспекі (у іншай тэрміналогіі — пачуцці базавага даверу да свету (жыцця) напісаў Эрык Эрыксан у сваёй кнізе «Дзяцінства і грамадства». Ён казаў аб тым, што ў першыя месяцы пасля нараджэння дзіця яшчэ не ведае адказу на глабальныя пытанні: свет (жыццё) добры ці дрэнны? Злы ці ласкавы? Бяспечны ці небяспечны? Чаго ад яго чакаць — любові, пяшчоты і камфорту ці, наадварот, нянавісці, жорсткасці, фрустрацыі? Адказы на гэтыя пытанні немаўля шукае ў паводзінах маці. Маці для немаўлятка — гэта і ёсць цэлы свет, увасабленне Жыцця. Калі яна клапоціцца аб малым, любіць яго, выпраменьвае ласку і дабрыню, тады і ўвесь свет будзе для дзіцятка добрым і ласкавым. І нават калі ён, пасталеўшы, сустрэнецца з праблемамі і клопатамі — гэтае агульнае пачуццё таго, што свет больш пазітыўны, чым негатыўны, яго не пакіне і будзе тым унутраным рэсурсам, які дапаможа яму пераадолець цяжкасці.

Калі ж маці не дае немаўлятку гэтую пазітыўную «хвалю», калі яна сама, напрыклад, баіцца свету, лічыць яго небяспечным і страшным — той жа імпульс яна перадасць і дзіцятку. І тады, ужо дарослым, ён ці яна будзе непакоіцца літаральна з-за ўсяго, нават калі рэальнай небяспекі не будзе і блізка.

Яшчэ адным вытокам, які спараджае татальны неспакой, з’яўляецца наш унутраны свет. Справа ў тым, што, узаемадзейнічаючы з мамай у самым раннім дзяцінстве, дзіцятка не толькі адказвае для сябе на пытанне «які свет?», але і на пытанне «які я?». А паколькі ўражанні аб сабе і аб свеце ідуць насамрэч з адной крыніцы — адносінаў з маці, — то яны супадаюць: мама пакарміла, змяніла пялюшкі — «свет добры, мама добрая, і я добры»; мама на хвіліну знікла, не задаволіла патрэбы — «свет дрэнны, мама дрэнная, і я таксама дрэнны». Гэтыя вобразы добрага і дрэннага свету, мамы і сябе самога малы нібы «ўпітвае» ў сябе, змяшчае ў сваёй псіхіцы. Спачатку добрае і дрэннае быццам разыходзяцца для яго на два полюсы, якія не датыкаюць адзін аднаго. Толькі шмат пазней дзіця зможа «змяшаць» іх і прыйсці да высновы, што і ён сам, і мама, і свет наогул бываюць як добрымі, так і злымі, могуць часам любіць, часам ненавідзець, часам быць вясёлымі, часам сумнымі і г. д.

Часам, аднак, здараецца сітуацыя, калі асобныя «часткі» дрэннага свету — мамы — мяне самога не змешваюцца з добрымі і так і застаюцца «блукаць» па нашай псіхічнай прасторы, як злодзеі ў падваротні. Такім чынам, пры станах татальнага неспакою можа аказацца і так, што злодзеі насамрэч сядзяць не ў цёмным двары, а ў нашай уласнай галаве.

Станы генералізаванага неспакою, асабліва калі ім паддавацца і падключаць да справы «творчую фантазію» (ці наадварот, імкнуцца падавіць іх, не высвятляючы прычынаў), могуць абвастрацца і прыводзіць да панічных атак і фобій.

Панічная атака — гэта стан, які ахоплівае не толькі нашу псіхіку, але і цела. Ён праяўляецца ў выглядзе вельмі моцнага страху (можна сказаць — жывёльнага жаху), з-за якога могуць млець рукі і ногі, кружыцца галава, пачынаецца тахікардыя, мы пацеем, хістаемся, не можам зразумець, дзе знаходзімся, і можам нават згубіць прытомнасць.

Да таго ж эфекту могуць прыводзіць і фобіі — навязлівыя страхі рэчаў, якія не з’яўляюцца насамрэч небяспечнымі. Найбольш распаўсюджанымі фобіямі з’яўляюцца, напрыклад, клаўстрафобія — страх замкнёных прастораў; агорафобія — страх адкрытых прастораў; ахлафобія — страх натоўпу; арахнафобія — страх павукоў, а таксама, напрыклад, страх вышыні і г. д. Бываюць і вельмі спецыфічныя, індывідуальныя фобіі, якія тычацца асобных людзей.

«Сакрэт» той ці іншай фобіі крыецца ў сімвалічным значэнні прадмета страху. Так, Дж. Холіс піша: «Агорафобія — гэта псіхічнае парушэнне, якое можа выклікаць неразуменне, бо літаральна перакладаецца з грэчаскай мовы як страх рынку. Але характэрнай асаблівасцю рынку з’яўляецца адкрытая тэрыторыя, скапленне людзей, непрадказальнасць сітуацыі ці, інакш кажучы, страта кантролю над ёй…» Такім чынам, адным з магчымых вытокаў агорафобіі можа быць страх страты кантролю, адчуванне сябе безабаронным, бездапаможным перад нейкай сітуацыяй, якая ніяк табе не падпарадкоўваецца.

Аўтар прыводзіць і іншы прыклад: жанчына са страхам вышыні. У яе выпадку гэтая фобія была сімвалічным адлюстраваннем яе страху ісці за сваім пакліканнем (яна мела талент актрысы, але не працавала ў гэтай галіне), і магчымага «ўзрастання», «узнясення» дзякуючы свайму таленту.

Адной са спецыфічных фобій, аб якой мяне прасілі распавесці асобна, з’яўляецца страх дзяцей. Бясспрэчна, гэта адна з тых фобій, якая, асабліва ў рамках псіхааналізу, можа мець шмат сімвалічных тлумачэнняў. Да таго ж, я маю і крыху «клінічнага матэрыялу» па тэме: я ведаю гісторыі трох дзяўчат, якія маюць праблемы ва ўзаемаадносінах з дзецьмі і, у тым ці іншым выглядзе, страх перад імі. У той жа час усе гэтыя сітуацыі розныя. Так, адна дзяўчына (назавем яе Маня) баіцца і не любіць дзяцей, бо лічыць дзяцей неразумнымі, непрадказальнымі, і наогул «кожную хвіліну яны могуць штосьці зрабіць, ці з імі можа штосьці здарыцца, і гэта мне абсалютна незразумела, я не магу гэта кантраляваць». Такім чынам, Маня баіцца, па-першае, таго, што дзеці «могуць штосьці зрабіць» (прычым часцей за ўсё яна баіцца, што дзеці, асабліва немаўляты, прычыняць сабе шкоду — напрыклад, засунуць палец у разетку), а па-другое, што «з імі штосьці здарыцца» — напрыклад, яны захварэюць, папярхнуцца, і яна не зможа нічога з гэтым зрабіць. Калі абагульніць, Маня баіцца таго, што па нейкіх прычынах дзіця можа загінуць.

Другая дзяўчына — Дуся — баіцца дзіцячай агрэсіі. Яна лічыць дзяцей злымі, здольнымі на ўсялякія шкоды.

У трэцяй, Дуні, страх дзяцей праяўляецца як страх цяжарнасці. Разважаючы аб магчымасці стаць мамай, яна адчувае поўную разгубленасць і бездапаможнасць: «Я ж яшчэ сама дзіця! Што я буду рабіць з немаўлём?!»

Каб прывесці да адной роўніцы гэтыя гісторыі, трэба ўспомніць аб тым, што ўнутры кожнага з нас жыве дзіця — дзіця, якім мы калісьці былі. Цяпер, ужо дарослымі, мы так ці іначай ставімся да гэтага дзіцяці. Адносіны нашы да яго фарміраваліся ў дзяцінстве і складаліся з адносінаў нашых бацькоў і больш шырокага атачэння да нас.

Так, напрыклад, бацькі Мані вельмі імкнуліся, каб дачка як мага хутчэй пасталела, была самай разумнай, паводзіла сябе «па-даросламу», гэта значыць сімвалічна «забівалі» яе дзяцінства. Адсюль і страх таго, што з дзецьмі «можа штосьці здарыцца». У той жа час «непрадказальнасць», «неразумнасць» дзяцей можна патлумачыць як страх Мані перад, магчыма, агрэсіўнымі імпульсамі, якія яна маленькай дзяўчынкай мела ў адносінах з бацькамі, а таксама як яе жаданне весці сябе «па-дзіцячаму», «неразумна».

У выпадку Дусі мае месца крыху больш складаны механізм. Агрэсіўнасць дзяцей можа быць адлюстраваннем агрэсіі самой Дусі ў дачыненні да свайго ўнутранага дзіцятка, якая сфарміравалася ў дачыненні да яе ў яе асяроддзі ў дзяцінстве.

Найбольш яскравым можна лічыць прыклад Дуні. Дзеці — гэта моцныя каталізатары нашага дзіцячага досведу. У добрых абставінах гэтае пагружэнне ў дзяцінства дапамагае маці добра разумець сваё немаўлятка, якое яшчэ не ўмее размаўляць, ствараць для яго цёплую, спрыяльную атмасферу. Аднак калі маці мае непрапрацаваныя праблемы дзяцінства, са з’яўленнем дзіцятка яны ізноў набіраюць моц. Калі ж жанчына не дасягнула сталасці, з’яўленне дзіцяці можа стаць для яе сапраўдным выпрабаваннем: «Я ж яшчэ сама дзіця!»

На яшчэ больш глыбокім псіхалагічным узроўні непрыязнасць да дзяцей можа стаць сімвалам непрыняцця сваёй магчымай цяжарнасці і, больш шырока, сваёй жаноцкасці, жаночых функцый, жаноцкага ладу жыцця і увогуле сябе як жанчыны. У той жа час гэта можа быць сімвалам агрэсіі дзяўчыны да яе маці.

Яшчэ адной праявай паталагічнага неспакою і страху з’яўляюцца навязлівыя (кампульсіўныя) паводзіны. Гэтая з’ява ўяўляе сабой адно ці шэраг дзеянняў, якія паўтараюцца і не маюць практычнага значэння. Так, шмат людзей, выходзячы з дому, па некалькі разоў правяраюць, ці зачынілі яны вокны, ці згасілі газ, ці выключылі ваду, ці ўзялі ключы, ці замкнулі дзверы і г. д., а выходзячы з хаты ўсё роўна застаюцца ў стане неспакою, бо не ўпэўнены, што ўсё гэта зрабілі.

Іншым прыкладам можа быць навязлівая (маніякальная) любоў да чысціні. З такім прыкладам я сутыкнулася, наведваючы адзін з дзіцячых дамоў: у адной групе дзеці павінны былі разувацца выключна на пасцеленай мокрай анучы, частаваць іх садавіной, нават памытай, было нельга («а як яе там памылі — невядома!») і г. д.

У аснове кампульсіўных паводзінаў ляжыць жаданне кантролю. Правяраючы па некалькі разоў, ці выключылі мы газ, і асабіста мыючы мытую садавіну, мы спрабуем стварыць ілюзію кантролю над тым, што будзе адбывацца.

Такім чынам, татальны неспакой, навязлівыя паводзіны, фобіі і панічныя атакі вынікаюць з нашага жадання кантролю, якое, у сваю чаргу, з’яўляецца адбіткам дзіцячай ілюзіі ўсемагутнасці, а таксама з нашага расчаравання, калі мы ўпэўніваемся, што гэтага кантролю не маем. Насамрэч, два найбольшыя, глабальныя расчараванні ахопліваюць чалавека, калі ён разумее, па-першае, што ён не ўсемагутны (а гэта значыць, што ён не Бог), і па-другое, калі чалавек усведамляе, што ён смяротны. Відавочна, што веруючаму чалавеку лягчэй пераадолець гэтае расчараванне, бо ён верыць, што, хаця ён сам не ўсемагутны, існуе Усемагутны Пан, які клапоціцца пра яго і які дорыць яму несмяротнасць. Вера, такім чынам, з’яўляецца найбольш глыбокім адказам на нашы страхі. У той жа час да гэтага адказу трэба яшчэ «даплысці», глыбока ўвайсці ў свой псіхічны свет, разгледзець і прааналізаваць больш павярхоўныя прычыны сваіх страхаў, аб якіх мы разважалі вышэй. Трэба дадаць, што псіхалагічнае і духоўнае разуменне праблемы страхаў, на мой погляд, не супярэчыць адно аднаму: псіхалагічны ўзровень з’яўляецца як бы часткай падарожжа да Айца, і гэтая частка павінна быць пройдзена. А паколькі мы накіроўваемся ў нашым падарожжы да Пана, то можам спадзявацца на тое, што Ён сам пройдзе гэты шлях разам з намі і дасць на яго сваё шчодрае благаслаўленне.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.