Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новае абвінавачванне Папы. З якой мэтай?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
23.11.2010 13:02

У прастору мас-медыя запушчана яшчэ адна «качка» пра тое, нібы Папа змяніў «сваё меркаванне» адносна дапушчальнасці прэзерватываў і кантрацэпцыі. Сфабрыкаваная кімсьці «навіна» і прадказальны антыкаталіцкі каментарый шырока перадрукоўваецца нават афіцыйнымі інтэрнэт-парталамі многіх інфармагенцтваў.

«Гарачая навіна» звязана з выхадам у аўторак, 23 лістапада, новай кнігі Бэнэдыкта XVI «Святло свету. Папа, Касцёл і знакі часу». Кніга ўяўляе сабой разгорнутае інтэрв’ю з Папам на тэмы, якія хвалююць сучасны свет. Інтэрв’ю ў Пантыфіка ўзяў вядомы нямецкі пісьменнік і журналіст Пэтэр Сівалд.

Анансіруючы выхад кнігі адразу ў васьмі моўных версіях, ватыканскае выданне «L’Osservatore Romano» (21.11.2010) надрукавала ўрыўкі з кнігі. Менавіта тэндэнцыйная інтэрпрэтацыя гэтых урыўкаў і дала падставу для «сенсацыйных» вывадаў.

Урывак на сексуальную тэматыку, з якога робяць сенсацыю, выглядае так: «Засяроджванне ўвагі толькі на прэзерватыве азначае баналізацыю сексуальнасці, а гэтая баналізацыя з’яўляецца небяспечнай прычынай, з-за якой так шмат асобаў ужо не бачыць у сексуальнасці выразу сваёй любові, але толькі своеасаблівы наркотык, які самі ўжываюць. Таму барацьба з баналізацыяй сексуальнасці — гэта частка велізарнага намагання, каб сексуальнасць ацэньвалася пазітыўна і магла аказваць свой пазітыўны ўплыў на чалавечую істоту як цэласнасць. Могуць узнікаць паасобныя зразумелыя выпадкі, напрыклад, калі прэзерватыў выкарыстоўвае прастытутка, і гэта можа быць першым крокам у кірунку маралізацыі, першае ўзрушэнне адказнасці, каб развіць новую свядомасць факту, што не ўсё дазволена і нельга рабіць усяго, што жадаеш. Аднак гэта не праўдзівы спосаб пераадолення ВІЧ. Сапраўды, існуе неабходнасць гуманізацыі сексуальнасці» (пераклад з: http://www.vatican.va/news_services/or/or_quo/text.html).

Вядома, што асобы, якія не ведаюць каталіцкага веравучэння, могуць па-рознаму зразумець фрагмент, вырваны з кантэксту разважанняў Бэнэдыкта XVI. У дадзеным фрагменце Папа не гаворыць аб нейкай легалізацыі ці дапушчальнасці кантрацэпцыі. Гаворка ідзе аб тым, што цэнтральнай праблемай сучасніка ў сексуальнай сферы з’яўляецца бяздумная ўседазволенасць, адсутнасць межаў дапушчальнага. І калі сексуальна разбэшчаны чалавек (напрыклад, прастытутка) пачынае выкарыстоўваць прэзерватыў, то для яго гэта ўжо пачатак абмежавання сваёй разбэшчанасці. У такой сітуацыі гэтая асоба можа пачаць усведамляць, што ў сексе не ўсё дазволена, што трэба абмяжоўвацца дзеля чагосьці больш важнага. Гэта нагода задумацца, але гэта не выхад. Прэзерватыў — гэта «не праўдзівы спосаб пераадолення ВІЧ». Гэта падман, гэта імкненне вырашаць праблему, не закранаючы яе сутнасці.

Як бачым, гаворка ідзе зусім не аб дапушчальнасці прэзерватываў. Сутнасць выказвання Папы ў тым, што сучаснаму чалавеку варта ўсвядоміць неабходнасць панавання над сексуальнай актыўнасцю і разглядаць яе ў кантэксце цэлага чалавека.

На жаль, некаторыя выданні груба перайначылі выказванні Папы. Напрыклад, слова «прастытутка» замянілі на «мужчына-прастытутка». І пасля замены паняццяў пачалі фарміраваць адпаведныя інтэрпрэтацыі і інсінуацыі.

І апошняе, на што неабходна звярнуць увагу. Многія парталы, пішучы аб вышэйузгаданым, падаюць гэта як змену ў меркаванні Папы, што, паводле іх, раўназначна змене ў каталіцкай маральнай дактрыне. Але праўда ў тым, што дактрына Касцёла не залежыць ад меркавання яе паасобных членаў (свецкіх ці духоўных). У Каталіцкім Касцёле існуе кардынальная розніца паміж дактрынай, якая абавязвае кожнага католіка, і (суб’ектыўнымі) меркаваннямі, якія не маюць ніякай абавязваючай моцы. І калі нехта падае чыёсьці меркаванне як пазіцыю Касцёла, то гэта сведчыць толькі аб неадукаванасці дадзенай асобы.

Шкада, што дагэтуль сур’ёзныя выданні апускаюцца на ўзровень «жоўтай прэсы» і ідуць на яўную хлусню. У вусны Папы ўкладваюцца словы, якіх ён не гаварыў, канструіруюцца вывады, якія зусім не вынікаюць з цытатаў. Застаецца толькі паспачуваць наіўным чытачам, іх бескрытычнай веры маральна здэградаваным журналістам, якія хлусню падаюць як праўду. Хочацца верыць, што яшчэ існуе маральная журналістыка, дзе кожны адказвае за свае словы.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.