Небяспечныя сімвалы і іх значэнні |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
30.01.2015 12:45 |
Многія хрысціяне акружаюць сябе рознымі антыхрысціянскімі або наўпрост сатаністычнымі сімваламі, нават не ведаючы пра гэта. Пастараемся прыгадаць найбольш распаўсюджаныя ў сучаснай поп-культуры сімвалы і разабрацца ў іх значэнні. Шматлікія вернікі не ўсведамляюць, што ідуць прымаць св. Камунію з сімвалам, напрыклад, «царквы сатаны» на кашулі. Моладзь здзіўляецца, калі тлумачыш, што тыя ці іншыя модныя значкі з’яўляюцца сімвалам барацьбы з Хрыстом і Касцёлам, знакам пакланення д’яблу.
Пярсцёнак атлантаў Гэта найчасцей металічны пярсцёнак з вылітымі выявамі прамавугольных геаметрычных фігур. Знак уяўляе сабой тры размешчаныя па цэнтры прамавугольнікі. На даўжэйшых баках гэтых фігур знаходзяцца адпаведна па тры меншыя прамавугольнікі, а таксама раўнабедраныя трохкутнікі, якія завяршаюць усю кампазіцыю. Сучасная мода на пярсцёнак атлантаў звязаная з актыўнай дзейнасцю эзатэрыкаў у рэчышчы шырока прапагандаванай ідэалогіі New Age (Новая Эпоха), якая імкнецца аб’яднаць усе вераванні, рэлігіі, магію, падпарадкаваўшы іх нейкаму пан-эзатэрызму, магізму, пакланенню сілам прыроды. Магічная практыка і ідалапаклонства — найцяжэйшыя формы богаадступніцтва. У такой сітуацыі чалавек перастае верыць у дастатковасць моцы і дзеяння Бога, а аддаецца моцы «таемных» сілаў, знакам чаго з’яўляецца нашэнне адпаведнага сімвала. У выніку на практыцы чалавек адварочваецца ад Створцы, пакланяючыся стварэнню.
Пацыфік (крыж Нерона; Курыная лапа; Зламаны крыж) Адзін з найбольш папулярных знакаў у сучасным свеце. Ён уяўляе сабой акружнасць, раздзеленую лініяй, якая праходзіць праз сярэдзіну да цэнтра круга, дзе разгаліноўваецца на дзве лініі, што адыходзяць у бакі і ўтвараюць прамы вугал. Даследчыкі сцвярджаюць, што пацыфік прыйшоў да нас са старажытнай Індыі. Крыж, разарваны ў выглядзе перавернутай літары «Y» (Ом, Аум), мае глыбокае эзатэрычнае значэнне. Гэты сакральны для індуізму, будызму і браманізму знак сімвалізуе Брахму, Вішну і Шыву як боскае ўвасабленне прапачаткаў: творчага, захаваўчага і знішчаючага. Менавіта з Ома пачынаюцца многія маленні і закляцці. Shandor LaVley, творца сучаснай сатаністычнай царквы (Church of Satan), пачаў выкарыстоўваць гэты сімвал у абрадах чорнай імшы, оргій, а таксама для дэкарацыі алтара д’ябла. Ён сцвярджаў, што «знак міру» заўсёды быў улюбёным знакам сатаністаў. Рытуал прыняцця новых членаў у гэтую супольнасць прадугледжвае публічнае зламанне крыжа на знак разарвання ўсіх повязяў з хрысціянствам. Пасля гэтага паламаны крыж вешаюць на шыю навабранца на знак паяднання з сатаною. У гісторыі Еўропы падобны знак можна знайсці сярод сімвалаў старажытных кельтаў, сярод сімвалаў рунічнага пісьма. Знак крыжа, заламанага ўверх, сімвалізаваў чалавека, а заламанага ўніз — быў знакам перакрэслівання чалавека. У сярэднявечных крыніцах гэты сімвал называўся курынай лапай або ступнёй ведзьмы. Гэты знак аздабляў таксама мусульманскія харугвы падчас іх нападу на хрысціянскую Іспанію ў 711 г. Па яго просьбе ў 1950-я гады адвакат Gerald Holtom павінен быў вынайсці знак, які стаў бы сімвалам усіх амерыканскіх левых (сацыялістычных) змагароў за мір. Гольтам выкарыстаў менавіта крыж Нерона. Пасля гэтага амерыканскі рух хіпі, шчодра фінансаваны Савецкім Саюзам, пачаў прапаганду гэтага сімвала пад лозунгам: «make love, not war!» (здзяйсняй любоў, а не вайну). Гэты знак пачаў атаясамлівацца з пацыфістамі (рухам за мір) асабліва пасля гучнай дэманстрацыі каля брытанскага цэнтра развіцця атамнай энергетыкі ў Aldermaston у 1958 г. Пацыфісты кажуць, што гэты сімвал азначае кампазіцыю літар «N» і «D» як лозунг барацьбы за нуклеарнае раззбраенне (nuclear disarmament), а круг сімвалізуе свет. Хіпі бачылі ў гэтым знаку ружу або кулак, які ломіць зброю. LaVey быў гуру для многіх хіпі як змагар за сексуальную свабоду, крайні геданізм (спажывецкасць) і анархізм. Наогул кожнаму хрысціяніну варта ведаць, што перавернуты і зламаны крыж лічыцца сімвалам веры ў паражэнне хрысціянства. Гэта знак крайняй пагарды і адкідвання Хрыста.
Крыж з какардай (Анк, Онк) Гэты знак настолькі падобны на хрысціянскі крыж, што многія памылкова прымаюць яго за знак Хрыста-Збавіцеля. Насамрэч Анк бярэ свой пачатак у старажытным Егіпце, дзе гэты іерогліф лічыўся сімвалам жыцця, пладароднасці і рэінкарнацыі. Гэта сімвал бога Ра (бога Сонца), пакланенне якому выражалася ў сексуальных оргіях — знаку плоднасці (сонца як крыніца плоднасці). Таму часта Анк называецца «крыжам жыцця». Анк таксама з’яўляецца сімвалам сексуальнай разбэшчанасці і пагарды да дзявоцтва. Многія сучасныя акультныя групы выкарыстоўваюць яго як талісман. Анк распаўсюджваецца праз карты Тарота, моду на выявы з егіпецкіх пірамід і мумій, як сімвал на вокладцы альбомаў некаторых рок музыкантаў. Для хрысціян гэты знак непрымальны. Гэтая сімволіка несумяшчальная з хрысціянскай верай і мараллю.
Перавернуты крыж (крыж поўдня) Сімвал пагарды да Бога і хрысціянскага вучэння. Пераварочванне — гэта класічны спосаб высмейвання Хрыстовага Крыжа. Такім чынам сатаністы адкідваюць Збаўленчую справу Езуса. Крыніцы гэтага сімвала можна знайсці ў язычніцтве. Аднак сатаністы запазычылі яго ад вядомага ў 18 ст. гурта антымаралістаў «Hell-Fire-Club». Гэты сімвал часта носяць шанавальнікі злога духа. Крыж поўдня часта красуецца на шыях некаторых рок- або поп-музыкантаў (напр., Madonna, Mick Jagger, Ozzy Osborne, Danzid і інш.), а таксама шырока выкарыстоўваецца акультным хэві-метал. Гэты сімвал абсалютна несумяшчальны з верай хрысціяніна, для якога знак Крыжа з распяццем — гэта памятка і вызнанне веры ў Хрыста як адзінага Збавіцеля і Адкупіцеля.
Інь і Ян (Ying Yang) Гэта старажытнакітайскі сімвал, які азначае метафізічны (абсалютны) дуалізм рэчаіснасці. Раздваенне на чорную і белую часткі, раздзеленыя нібы перавернутай літарай «S», азначае супрацьлегласць першаэлементаў сусвету, якія розняцца, але пры гэтым узаемадапаўняюцца, даходзячы да адзінства. Паводле тааізму, чорны элемент (інь) сімвалізуе жаноцкасць, пасіўнасць рэчаіснасці, а белы (ян) — яе мужчынскасць, дамінантнасць. Інь і Ян лічацца дзвюма энергіямі, якія кружацца вакол двух палюсоў, пераходзячы адно ў другое. У гэтай зменлівасці супрацьлеглых элементаў сусвету бачыцца няспынная крыніца руху, жыцця, плоднасці, зменаў. Дабро і зло — гэта толькі вібрацыі аднаго і таго ж поля. Гэтае вучэнне добра вядомае ў гісторыі як неаплатанізм і яго адгалінаванні. Яшчэ ў старажытнахрысціянскія часы было напісана шмат літаратуры, якая і тэалагічна, і філасофскі абвяргала гэтае вучэнне. Аднак у наш час, па прычыне тэалагічнай бязграматнасці людзей і іррацыянальнага падыходу да веры, знаходзіцца шмат прыхільнікаў такога погляду. Для хрысціяніна абсалютна непрымальная вера ў поўны дуалізм (раздваенне) рэчаіснасці. Існуе толькі адзін абсалютны (абавязковы) элемент — Бог, а сатана — гэта ўсяго толькі стварэнне, элемент другасны, неабавязковы. Вучэнне аб дуалізме поўнае практычных парадоксаў, якія несумяшчальныя з хрысціянствам і з мараллю ўвогуле. Напрыклад, з дуалізма выводзіцца згода на абавязковую неабходнасць зла (!), вечнай вайны, прыняцце наканаванасці (лёсу), бачанне мэты не ў дабры, а ў кампрамісе са злом (сінтэз) і г.д. Кс. Андрэй Рылка Часопіс «Дыялог». Працяг будзе
|
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|