Адной з адметнасцяў каталіцкай духоўнасці з’яўляецца ўшанаванне рэліквій. Звычайна яны маюць выгляд часцінкі рэчаў або цела святога, змешчаных у адмыслова аздобленым саркафагу — рэліквіярыі. Ён можа быць зусім мініяцюрны, а можа мець і вялікія памеры. Людзьмі, якія мала азнаёмлены з каталіцкай духоўнасцю, дэманстрацыя рэліквій святых успрымаецца неадназначна. Адны ўспрымаюць іх як «музейны экспанат», іншыя негатыўна рэагуюць на ўшанаванне ці дэманстрацыю рэліквій, падазраючы католікаў у рэлігійным фетышызме, нездаровым пакланенні парэшткам памерлых. Крытыкі Касцёла часта бяруць на ўзбраенне падобныя «аргументы», прыпісваючы католікам погляды і веру, якія не маюць нічога агульнага з каталіцызмам. Узнікае заканамернае пытанне: што такое культ рэліквій у Касцёле? Адкуль ён узяўся і што на самой справе азначае?
Рэліквіі (лац. reliquiae — астанкі, парэшткі, мошчы) — гэта фізічныя часткі святых, якія захаваліся пасля іх смерці. Найчасцей — гэта косці, а таксама асабістыя рэчы святых. Як прыклад можна ўзгадаць захаваныя ў Беларусі рэліквіі св. Андрэя Баболі, прадстаўленыя часцінкамі яго косці, а таксама вопраткі. У некаторых касцёлах нашай краіны захоўваюцца рэліквіі з часцінкай крыві або вопраткі благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, св. Антонія Падуанскага і іншых святых. Існуюць рэліквіі, якія складаюцца з саркафага з целам святой асобы. Такія рэліквіі захоўваюцца, напрыклад, у Навагрудку, дзе ў крыпце фарнага касцёла знаходзіцца саркафаг благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Ордэну назарэтанак.
Існуюць рэліквіярыі, дзе саркафаг сканструяваны такім чынам, што можна сузіраць цела святой асобы. Такога тыпу саркафаг з нятленным целам св. Андрэя Баболі знаходзіўся ў Беларусі да 1922 года. Цяпер нятленнае цела святога можна сузіраць у ягоным санктуарыі ў Варшаве. У падобных «адкрытых» рэліквіярыях знаходзяцца шанаваныя ў Беларусі святыя: св. Язафат Кунцэвіч, св. а. Піо з П’етрэльчыны, св. Кацярына Лябурэ, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і іншыя. Існуе асобная катэгорыя рэліквій, звязаных з зямным жыццём і Мукай Езуса Хрыста. Самыя вядомыя сярод іх — рэліквіі святога Крыжа, на якім быў укрыжаваны Хрыстус. Яго знайшла святая Алена ў 324 г., што спрыяла пачатку культу хрысціянскіх рэліквій. Не менш вядомая рэліквія — Турынская плашчаніца, у якую было загорнутае цела памерлага Хрыста і з якой Ён уваскрос. Існуюць іншыя рэліквіі падобнага тыпу: напрыклад, хуста з выявай твару Езуса (Авіеда, Іспанія), а таксама разнастайныя рэліквіі і памяткі, звязаныя са Святой Зямлёй (Ізраіль, Палестына) — месцамі і рэчамі, дзе жыў, навучаў і да чаго дакранаўся сам Сын Божы.
Ушанаванне рэліквій бярэ пачатак з першых стагоддзяў хрысціянства, асабліва з IV ст. Гроб з парэшткамі спачатку мучанікаў за веру, а пасля і ўсіх шанаваных як святых часта захоўваўся пад алтаром у касцёле. Гэтую традыцыю, напэўна, спарадзілі радкі з кнігі Апакаліпсіса: «Убачыў я пад алтаром душы забітых дзеля Слова Божага і дзеля сведчання» (Ап 6, 9–11). Тэалогію рэліквій развіваў св. Аўгустын, паводле якога цела святога становіцца адмысловым алтаром Пана.
У часы Сярэднявечча, калі рэлігійнае жыццё глыбока пранікала ў грамадскую свядомасць, культ рэліквій набыў небывалы размах. Шматлікія каралеўскія і шляхецкія сем’і імкнуліся здабыць рэліквіі якога-небудзь шанаванага ў іх родзе святога. Такі попыт на рэліквіі імкнуліся задаволіць увішныя купцы, якія прыдумвалі самыя неверагодныя спосабы здабыцця святых рэчаў. Такім чынам узніклі т.зв. рэліквіі другой катэгорыі — рэчы, якія толькі дакраналіся да сапраўдных рэліквій. Тады ж узнікла нямала фальсіфікатаў — падробленых рэліквій. Гэта прыводзіла да таго, што біскупам або настаяцелям манаскіх супольнасцяў даводзілася арганізоўваць спецыяльныя даследаванні, каб разабрацца, дзе сапраўдныя рэліквіі, а дзе падробка. Сумненні людзей супакойвалі тэолагі, якія даводзілі, што ўшанаванне рэліквій мае інтэнцыянальны характар. Гэта значыць, што Пан Бог дае кожнаму паводле малітоўнага намеру і веры, нават калі вернік моліцца да Пана і просіць аб заступніцтве святога пры сумніўных рэліквіях. Варта зазначыць, што з’яўленне рэліквій другой катэгорыі, а таксама фальсіфікатаў парадаксальна паспрыяла захаванню сапраўдных рэліквій. Пры вялікай колькасці другасных рэліквій найбольш важныя пазбеглі пагрозы быць падзеленымі на сотні маленькіх часцінак для рэліквіярыяў па ўсім свеце.
Існуе нямала шанаваных рэліквій, да якіх вернікі па розных прычынах не могуць даехаць самі, каб у фізічнай (рэліквіярнай) прысутнасці святога ўзнесці да Бога малітву і прасіць умілаванага заступніка аб дапамозе. У такіх сітуацыях існуе магчымасць прывезці святыя рэліквіі да людзей, якія прагнуць пры іх памаліцца. Калі такіх жадаючых шмат і ў розных мясцінах, тады арганізоўваецца ўрачыстая пілігрымка рэліквій, каб яны маглі трапіць усюды, дзе іх чакаюць вернікі. Такое малітоўнае вандраванне рэліквій называецца перэгрынацыяй. У 2013 годзе наша краіна далучаецца да ўдзелу ў перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Рэліквіі гэтай надзвычай папулярнай святой пабывалі ўжо ў шматлікіх краінах свету, дзе пры іх узносіліся маленні да Бога ад мільёнаў вернікаў на розных кантынентах.
Для вернікаў нашай краіны сёлетняя перэгрынацыя рэліквій становіцца добрай нагодай фізічна выказаць сваю ўдзячнасць святой Тэрэзе за яе заступніцтва перад Богам. Адначасова фізічная сустрэча са святой асобай праз пасрэдніцтва яе рэліквій дае магчымасць усвядоміць рэальнасць нашай веры. Дзеянне Бога, жыццё святых — гэта не проста словы, а найперш людзі з цела і крыві, якія жылі сярод нас і здабылі вяршыні святасці. Малітоўнае ўшанаванне рэліквій дапамагае больш рэальна перажыць сустрэчу са святой асобай, якая жыла на гэтым грэшным свеце і перамагла, верна слухаючыся Бога. Таму кожная сустрэча са святым праз пасрэдніцтва рэліквій — гэта нагода аднавіць нашу веру ў моц Божага дзеяння, а таксама ў сумоўе святых, якія і цяпер жывуць, дзейнічаюць і не перастаюць дапамагаць нам сваім няспынным заступніцтвам перад любячым Богам. Кс. Андрэй Рылка Паводле ave-maria.by
|