Маці, вера якой перамагла |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
13.10.2012 21:16 |
Хто яны, вялікія людзі? З чаго пачыналася святасць святых? Часта пры гаворцы пра нейкую легендарную або святую асобу ўзгадваюць іх дасягненні або гераічнасць. Але не так часта гаворыцца пра тое, што ў пачатках іх велічы або святасці была нейкая асоба, якая паўплывала на ўсё іх жыццё. Гісторыя жанчыны, пра якую пойдзе тут гаворка, захапляе сваёй неверагоднай сілай духа. Адначасова яе жыццёвая драма нагадвае лёсы многіх беларускіх жонак і маці. Няверуючы муж. Праблемы з верай і мараллю дзяцей… Як яна справілася з жорсткімі выпрабаваннямі лёсу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба проста пазнаёміцца з яе жыццём. Яе імя — Моніка. Яна была хрысціянкай родам з Тагасты (афрыканская правінцыя Рымскай Імперыі). Жыла ў IV ст. Пад ціскам бацькоў выйшла замуж за язычніка. Яе муж меў вельмі агрэсіўны характар. Ён часта выбухаў злосцю, калі жонка заводзіла гаворку пра хрышчэнне яго ці дзяцей. Ад самага пачатку сужэнскага жыцця жанчына жыла ў пастаянным канфлікце паміж патрабаваннямі бязбожнага мужа і жаданнем быць добрай хрысціянкай. Нягледзячы на нянавісць мужа да яе веры, Моніка ахрысціла сваіх дзяцей і старалася выхаваць іх добрымі католікамі. Яна навучыла дзяцей асновам веры і малітвам. Адказваючы любоўю на злосныя зачэпкі мужа, яна здолела зрабіць немагчымае — адкрыць яго на Езуса, на тую таямнічую крыніцу яе лагоднасці і любові. Але радасць хрысціянскага сужэнства працягвалася нядоўга. Неўзабаве пасля прыняцця хросту муж памёр. Моніка мела тады 39 гадоў. Не паспеўшы нацешыцца выратаваннем мужа, ёй прыйшлося застацца адной з трыма падрастаючымі дзецьмі. Неспадзявана маладую маці чакала яшчэ адно гора. Яе старэйшы сын — Аўгустын — не толькі пайшоў па ранейшых слядах бацькі, але пачаў апускацца яшчэ глыбей у прорву граху. Шукаючы адукацыю і добрую працу, ён пачаў ездзіць па свеце, не адмаўляючы сабе ні ў якіх забавах і грэшных сувязях. Калі ў Аўгустына з’явіліся сур’ёзныя адносіны з нейкай жанчынай і нарадзілася дзіця, у Монікі ўзнікла надзея, што ўсё можа паправіцца. Аднак малады чалавек, маючы добрую адукацыю і заробак, не пажадаў браць шлюб і займацца выхаваннем уласнага сына. Сын Монікі, узорнай хрысціянкі, жонкі і маці, стаў прыкладам ганьбы. Да маральных перажыванняў жанчыны далучыліся духоўныя пакуты: Аўгустын уцягнуўся ў небяспечную секту маніхейцаў. Трэба было ратаваць сына, які хуткімі тэмпамі ляцеў у пякельную бездань. Ужо немаладая Моніка пакінула дом, нажыты дабытак і паехала ратаваць сына. З няспыннай малітвай і глыбокім перакананнем у моц Божай міласэрнасці жанчына ездзіла за Аўгустынам у Карфаген, Рым, пасля ў Мілан. Яна ператварылася ў ягоную малітоўную цень, у другога анёла-ахоўніка. Пасля доўгіх гадоў малітваў і засцярогаў нязломная вера маці прынесла доўгачаканы плён. Аўгустын, перажываючы расчараванні ў секце маніхейцаў, пасля доўгіх гадоў блукання вырашыў пайсці ў касцёл. Слухаючы казанні міланскага біскупа Амброзія, а пасля асабіста размаўляючы з ім, сын Монікі нанава адкрыў для сябе глыбіню і праўдзівасць каталіцкага веравызнання. З неверагодным запалам і перакананнем Аўгустын вярнуўся да веры, якую маці пераказвала яму ў дзяцінстве. Самаадданая малітва і любоў маці перамагла. Моніка дачакалася навяртання сына. У 387 годзе ў доме на ўзбярэжжы Тырэнскага мора два сыны кленчылі ў малітве ля ложа паміраючай маці. Пазіраючы на іх стомленымі, але шчаслівымі вачыма, жанчына слабым голасам прашаптала апошнія словы: «Прашу вас толькі аб адным, каб усюды, дзе будзеце, памяталі пра мяне пры алтарах Пана». Моніка прайшла праз шматгадовую геену лютасцяў мужа і вымаліла ў Бога яго навяртанне. Радасць сапраўднага кахання і веры мужа была перарваная яго заўчаснай смерцю. А пасля горкую чашу яе сужэнскіх пакутаў працягнуў крыжовы шлях ужо мацярынскага змагання за душу сына. Моніка не проста вымаліла ў Бога навяртанне для сына. Аўгустын стаў вялікім святым, біскупам, філосафам і тэолагам. Творамі і хрысціянскай мудрасцю яе сына ўжо больш за тысячу гадоў захапляюцца веруючыя і няверуючыя. І толькі нямногія ведаюць пра тое, што веліч святога Аўгустына бярэ свой пачатак у палымяным сэрцы і малітве святой Монікі — маці, вера якой перамагла. Кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|