Свабода выбару ці наканаванасць? |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
28.04.2011 11:28 |
Аналізуючы шматлікія размовы з рознымі асобамі, пошту і каментарыі на блогах, заўважаю, што ёсць адна тэма, якая прасяквае ўсе тэксты і размовы. Гэта праблема адносін паміж свабодай чалавека, Божым Провідам і папулярным у наш час пытаннем аб прадвызначэнні. Ці можна коратка і задавальняюча растлумачыць тое, што ўжо тысячы гадоў імкнецца тлумачыць людзям Святое Пісанне і вучэнне Касцёла? Як сучаснаму чалавеку растлумачыць, чаму людзі грашаць, чаму Бог дазваляе нарадзіцца чалавеку, калі ведае, што ён скончыць у пекле? Або што сказаць тым, хто не можа зразумець, чаму Бог, які ўсё ведае, дазваляе жахі гэтага свету? Няўжо светам кіруе сляпы лёс? Здаецца, няма вычарпальных і поўнасцю задавальняючых адказаў на гэтыя пытанні. Аднак варта не пераставаць шукаць адказаў. Спачатку заўважым, што людзі грашаць, бо могуць грашыць (маюць вольную волю, свабодна распараджаюцца магчымасцю рабіць дабро і зло). Грашаць людзі таму, што не ведаюць сапраўднага дабра і не жадаюць яго пазнаць, хаця ёсць такая магчымасць (Біблія, Касцёл, сумленне, іншыя людзі і г.д.). Праблему ускладняе тое, што па натуры кожны чалавек жадае толькі дабра. Таму за кожным грахом стаіць памылковае перакананне, што чалавек робіць добра (нават відавочнае зло ён называе неабходнасцю дзеля дабра (!)). Каб не рабіць зло, людзі павінны былі б заўсёды выбіраць толькі дабро. А каб выбіраць дабро, належала б вельмі ўважліва і няспынна слухаць Бога, адмовіцца ад пыхі, адкрываць Божы лад. Бо свет настолькі складаны, што чалавек сам не можа паступаць беспамылкова. Мы не здольныя самі па сабе заўсёды рабіць правільны выбар, выбіраць рэальнае дабро. Адсюль застаецца адзіная магчымасць: даверыцца Таму, хто не толькі ўсё ведае, але жадае нам дапамагчы правільна распараджацца магчымасцю выбіраць. Узнікае таксама пытанне: калі Бог усё ведае і жадае дапамагчы нам выбіраць, а чалавек, робячы няправільны выбар, можа сябе знішчыць, то ці не лепей было б увогуле людзям не даваць магчымасці выбіраць? З пункту гледжання граху, прасцей было б запраграміраваць нас на няздольнасць да зла. Але для Бога свабода чалавека важнейшая, чым рызыка граху. Бо сэнс стварэння чалавека ў тым, каб ён быў істотай падобнай да Бога (разумнай і вольнай), што дало б магчымасць любіць. Мэта і сэнс нашага існавання (прызначэнне чалавека) — адкрыць любоў Бога, захапіцца Ім і палюбіць у адказ. А свабода — гэта абавязковая ўмова дасканалай любові паміж разумнымі істотамі. Бог задумаў адзіны ўнікальны від стварэнняў (чалавека), які мог бы ўсвядоміць (пазнаць) любоў Бога і на яе адказаць такой жа (свядомай і вольнай) любоўю. Без свабоды няма дасканалай любові. Без яднання ў любові з Богам свабода чалавека ператвараецца ў пякельнасць бессэнсоўнага блукання, абсурд турмы пад назвай «планета Зямля». У такой сітуацыі лепей было б не нараджацца людзям на свет. Рызыка дару свабоды таксама ў тым, што людзі могуць яго выкарыстаць не па прызначэнні. Але гэта ўжо праблема чалавечага капрызу, злой волі. Бог дае кожнаму магчымасць. Ён ведае ўсё не толькі пра тое, як мы паступім, але і пра тое, як прыгожа мы можам пражыць жыццё (усе магчымыя варыянты жыццёвага шляху і той адзін — найлепшы). Але Ён, шануючы наш выбар, не ўмешваецца. Умяшанне Бога магчымае толькі тады, калі чалавек Яго пакліча, папросіць Яго парады, кіравання ў нейкай сітуацыі. Свабодная асоба можа запрасіць Бога на сваю (дадзеную ёй) «тэрыторыю», дазваляючы Яму дапамагаць правільна выбіраць. Гэта і будзе дзеянне Божага Провіду. Калі ж чалавек не кліча Бога на дапамогу, то застаецца сам-насам са сваёй свабодай у свеце, якога не ведае, і з выбарамі, наступстваў якіх не можа прадбачыць. Калі б Бог не выходзіў з чалавекам на кантакт і калі б не было Провіду, то свабода была б нашым пракляццем. Гэта выглядала б жудасна. Канструктар назіраў бы зверху, выжыве яго стварэнне ці не выжыве. Але Бог-Любоў — гэта не нейкі далёкі і абыякавы канструктар. Ён, наадварот, прагне вельмі цесна ўдзельнічаць у жыцці чалавека, яго выбарах, дзяліць усе яго перажыванні. Ён жадае, каб Яго няспынна запрашалі, дазвалялі дзейнічаць у жыцці вольнай асобы. І тады нават жыццёвыя памылкі чалавека Ён здольны выправіць і пакіраваць так, каб у канчатковым выніку гэты зямны шлях закончыўся Небам — дасканалым жыццём з Богам. Варта таксама не забываць, што свет, які мы ведаем, не быў задуманы Богам у такім выглядзе. Грэшны (недасканалы) свет — гэта наступства першароднага граху. Першыя людзі пажадалі жыць «як багі». Ім захацелася поўнасцю распараджацца свабодай выбару і вызначаць, што ёсць дабро, а што зло. І Бог даў людзям такую магчымасць. Мы жывём у свеце, у якім Бог не ўмешваецца ў жыццё чалавека, не перашкаджае яму быць богам у сваім асяроддзі. Атрымліваецца, што людзі захацелі жыць у дрэнным свеце, а пасля абвінавацілі Бога ў тым, што яны выбралі і чаго Ён не хацеў для іх. Наш грэшны свет — гэта драма не толькі для чалавека, але і для Бога, які ўсё ведае, бачыць і жадае дапамагчы чалавеку. Яму даводзіцца ісці на такія «выкрунтасы», каб накіраваць у бок Неба жыццёвыя дарогі тых, хто, заблукаўшы, Яго аб гэтым просіць! Пра гэта расказвае Біблія, сведчыць гісторыя хрысціянства. На фоне нашых разважанняў варта сцвердзіць, што сляпы лёс — гэта фікцыя, твор чалавечай свядомасці ў стане безвыходнасці. Няма ніякай запраграмаванасці (наканаванасці) чалавечых жыццяў, няма прадвызначэння. Гэта супярэчыць факту свабоды і немеханічнасці (матэматычнай няправільнасці) дзеянняў чалавека. Кожны наш выбар поўнасцю змяняе кірунак падзей. Пры гэтым належыць адрозніваць тое, што ВЕДАЕ Бог пра ўсе нашы рэальныя і магчымыя дзеянні, ад таго, што Ён РОБІЦЬ. Калі Бог-Любоў дае нейкаму чалавеку жыццё (магчымасць існаваць), значыць, ёсць рэальны шанец на тое, што гэты чалавек скончыць у Небе. А нават калі той скончыць у пекле, нягледзячы на тысячы магчымасцяў павярнуць у бок Раю, то гэта не значыць, што яго зямное жыццё не мела сэнсу. Нават найгоршы грэшнік свядома ці несвядома можа зрабіць шмат дабра, паспрыяць іншаму чалавеку адвярнуцца ад зла. Ёсць шмат вельмі станоўчых варыянтаў. Пазнаючы Евангелле, чалавек перастае абурацца на Бога, а пачынае захапляцца тым, як Ён піша сваю гісторыю Збаўлення на крывых лініях чалавечых жыццяў. Варта няспынна клікаць Яго кіравання, інтэнсіўнага дзеяння на кожны дзень жыцця. А ўсведамляючы Яго дзейсную прысутнасць, належыць няспынна кіравацца Яго канкрэтным вучэннем (запісаным у Бібліі і растлумачаным у вучыцельскіх тэкстах Касцёла). Тады можна смела ісці па жыцці, ведаючы, што нават нашыя памылкі Яго Провід здольны выправіць, каб усё спрыяла нашаму ўпэўненаму шляху да Нябеснага Валадарства. Бо там поўнасцю будзе рэалізаваны свет, задуманы Богам ад пачатку. А тут, пакуль што, мы маем свет грахоўнага капрызу чалавека, які захацеў пабыць сам для сябе богам. Той, хто не апамятаецца, скончыць у пекле. Хто адмовіцца ад згубнага і ненатуральнага для чалавека «сіндрому бога» і пачне слухацца Жывога і Адзінага Бога, будзе выратаваны ад вечнага самагубства. А пакуль што, жывучы ў гэтым грэшным свеце, мы маем вялікую магчымасць не толькі выратаваць сябе, але і дапамагчы іншым людзям выратавацца ад пагібелі і пашыраць у гэтым свеце прастору Божага Валадарства. кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|