Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Таямніца Найсвяцейшай Тройцы: думкі ўслых
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
20.06.2011 12:39

Разважаючы над таямніцай Бога Адзінага ў Трох Асобах, я раптам задумаўся над тым, колькі ўсё ж такі ў нас — хрысціянаў, тэолагаў, пастыраў — пыхі, самаўпэўненасці ў сваіх ведах пра Бога. Праўда, што мы, па-людску, пасля столькіх вякоў багапазнання ведаем вельмі многа. Праўда, што Бог адкрыў пра сябе вельмі многа. Усе гэтыя скарбы адкрываем у Пісанні, Традыцыі.

Аднак нельга забывацца пра найважнейшую метадалагічную аснову тэалогіі: нашае пазнанне Бога аналагічнае. Гэта значыць, што чалавек пазнае Бога толькі праз падабенства, параўноўваючы нейкія Яго прыкметы са сваімі, чалавечымі. Мы бачым Яго настолькі, наколькі дазваляюць нашыя абмежаваныя магчымасці. А калі ўлічыць усе нашыя чалавечыя, а тым больш індывідуальныя блакіроўкі, фільтры, рамкі, што застанецца? Як мы бачым Бога як Айца, як Сына, як Духа пасля нашых досведаў бацькоўства, сыноўства, духаў..? На колькі бедныя тыя хрысціяне, якія абапіраюць сваю веру, свае ўяўленні пра Бога на ўласных псіхалагічных праекцыях.

У той жа час, якія багатыя тыя, хто тэсціруе свой досвед на праверанай дактрыне Пісання і Традыцыі. Наколькі проста, глыбока і геніяльна гучаць думкі святых на фоне мудраванняў вучоных! Бог адкрываецца не тым, хто Яго спрабуе «разабраць на запчасткі», а тым, хто Яго шукае з любові. Якое жахлівае і выкрыўленае было б пазнанне Бога, калі б Ім займаліся толькі тэхнікі! І якое ж вялікае багацце мае хрысціянская супольнасць у багапазнаўчым вопыце святых!

Кс. Андрэй Рылка


tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.