Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Таямніца хрысціянскіх сімвалаў (частка ІІ)
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
10.11.2011 09:25
З дапамогай сімвалаў людзі могуць выражаць сваё стаўленне да Бога і рэлігіі. Аднак пераважная большасць рэлігійных сімвалаў мае шматзначны характар. У другой частцы артыкула кс. Андрэя Рылкі знаёмімся з такімі сімваламі як рыба, сэрца, ягня, голуб і інш.

Рыба


Стылізаваная выява рыбы, развернутая супраць цячэння (галавой налева). Грэчаскае «іхwіс» (ΙΧΘΥΣ) азначае «рыба» і расшыфроўваецца наступным чынам:
  • • ΙΗΣΟΥΣ (Iēsoûs) — Езус
  • • ΧΡΙΣΤΟΣ (Christós) — Хрыстус
  • • ΘΕΟΥ (Theoû) — Божы
  • • ΥΙΟΣ (Yiós) — Сын
  • • ΣΩΤΗΡ (Sōtér) — Збавіцель

Сімвал шырока выкарыстоўваўся першымі хрысціянамі. Рыба нагадвае пра: апосталаў-рыбакоў, евангельскую сцэну размнажэння рыбы, Эўхарыстыю (з рыбай Езус размнажаў хлеб). Рыба была важным хрысцільным сімвалам (Царква, Касцёл) як «рыбацкая сетка», святар як рыбак, а ахрышчаны як «рыба»). У іканаграфіі можна сустрэць сімвал дзельфіна (Delphinus Salvator ), які нясе на спіне лодку. Гэты знак сімвалізуе Хрыста-Збаўцу («дзельфін»), які нясе праз воды гісторыі супольнасць вернікаў (Царква, Касцёл) як лодка). Таксама выява развернутай супраць цячэння рыбы азначала, што хрысціяне ідуць супраць «цячэння грэшнага свету».

Сэрца

Адзін з найважнейшых органаў, які сімвалізуе любоў. У старажытнасці асацыіраваўся з самымі глыбокімі перажываннямі чалавека. Сімвалізуе цэнтр розуму, волі, памяці, найважнейшых духоўных здольнасцяў чалавека. Біблія часта ўжывае сімвал сэрца як унутранага свету чалавека («Бог глядзіць на сэрца», «зацвярдзелае сэрца фарысеяў» і інш.). Важнае сімвалічнае значэнне мела прабітае дзідай сэрца Хрыста, з якога выплыла кроў і вада, што лічыцца знакам нараджэння Касцёла, а таксама таямніцы Эўхарыстыі.

Развіццё культу Хрыстовых ранаў спрыяла развіццю культу Божага Сэрца. Асаблівую ролю мелі тут прыватныя аб’яўленні св. Маргарыце Алякок у канцы 17 ст. Разам з культам Хрыстовага Сэрца пачаў развівацца культ Сэрца Марыі. Апошні падмацоўваўся евангельскім прароцтвам старца Сімяона, які прадказваў, што Сэрца Марыі пранізаў меч болю (маецца на ўвазе боль сэрца ў сувязі з пакутамі Сына Езуса (пар. Лк 2, 35).

Вясёлка

Выява Хрыста-Суддзі, які сядзіць на вясёлцы, сімвалізуе ўсе народы, а таксама Найсвяцейшую Тройцу (трактоўка св. Базылія Вялікага). Колеры вясёлкі таксама мелі сваё хрысталагічнае значэнне: блакітны — знак нябеснага паходжання Хрыста, чырвоны — Яго Пакуты, зялёны — Яго зямную дзейнасць. Часам у іканаграфіі вясёлка азначае Божую Маці.

Вясёлка таксама выкарыстоўвалася як сімвал Ноя — мост паяднання паміж Богам і людзьмі. Гэты сімвал выкарыстоўваецца ў кнізе Апакаліпсісу (Адкрыццё св. Яна). Вясёлка часам мае выгляд луку (без цецівы і стрэлаў) як сімвал міру, згоды.

Ягня


Гэта адна з найбольш пакорлівых і цярплівых жывёлаў, старажытны сімвал нявіннай і чыстай ахвяры (у Старым Запавеце — рэальнай ахвяры Богу). Старазапаветныя прарокі прадказвалі прыйсце Месіі як ахвярнага ягняці. У Новым Запавеце прарок Ян Хрысціцель, сустрэўшы Езуса, называе Яго Ягнём Божым (пар. Ян 1, 29).

Сімвал ягняці сімвалізуе паслухмянасць Богу. Іканаграфія шырока выкарыстоўвае сімвалы ягняці, авечак, пастыра. Езус паказаны і як Ягня (паслухмяны Богу Айцу) і як Пастыр вернікаў (паслухмяных Божых авечак). Пасхальная сімволіка паказвае Хрыста як пераможнае Ягня (сімвалы ўзятыя з біблейскай кнігі Апакаліпсісу). Евангельская сцэна размовы Хрыста з апосталам Пятром, якому Езус як Пастыр загадвае пасці Яго авечак, стаў імпульсам да таго, каб хрысціянскіх кіраўнікоў называць пастырамі. Адсюль адзін з галоўных атрыбутаў біскупа — пастарал — сімвал пастырскага посаха. Яшчэ адзін важны элемент папскай і арцыбіскупскай улады — палій — абавязкова ткуць з белай воўны асвечаных авечак.

Голуб

Птушкі, як сімвал неба, паветра і святла, з’яўляюцца іканаграфічным вобразам святых, душы якіх лятуць да Неба (св. Схаластыка, св. Тэрэза Авільская і інш.). У Бібліі апісана, што менавіта голуб пасля патопу прынёс Ною аліўкавую галінку, што стала знакам адраджэння свету, новага прымірэння чалавека з Богам. Гэтая птушка лічыцца ўніверсальным сімвалам міру. У старазапаветныя часы голуб выкарыстоўваўся ў ахвярапрынашэнні, таму часам азначае ахвярнасць, мучаніцтва.

Найчасцей сімвал гэтай птушкі выкарыстоўваецца як хрысціянскі знак Святога Духа. Гэта звязана з евангельскай сцэнай хрышчэння Езуса ў Ярдане, калі Дух Святы зышоў на Яго менавіта ў постаці голуба. Таму ў хрысціянскай літургіі ўсё, што звязана з дзеяннем Святога Духа, адлюстроўваецца пры дапамозе сімвала голуба.

Брама

Сімвал уваходу ў Нябеснае Валадарства, у новае жыццё. Нагадвае пра Хрыстовыя выказванні, што Ён — брама. Адсюль асаблівае значэнне ў хрысціянскай традыцыйнай архітэктуры надавалася выкананню дзвярэй (брамы) святыняў.

Кедр

Сімвал вечнасці, сталасці ў веры.

Хлеб

Сімвал Эўхарыстыі, Хрыста, гасціннасці, ахвярнасці.

Воблака

Сімвал таямнічасці, Нябеснага Валадарства, Божай рэчаіснасці, Божага гневу (хмара).

Чэрап

Сімвал прамінальнасці жыцця, смяротнасці чалавека, пакаяння.
Чэрап ля падножжа крыжа — сімвал лагічнага завяршэння гісторыі свету (гісторыі Збаўлення). Падножжа Хрыстовага крыжа — гэта Галгофа (габр. «гара чэрапа»), месца, дзе паводле традыцыі быў пахаваны Адам — першы чалавек.

Альфа і амега

Першая і апошняя літары грэчаскага алфавіту. У біблейскай кнізе Апакаліпсісу так сябе называе Хрыстус. Азначае, што ўсё мае свой пачатак і заканчэнне ў Богу.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.