У чым зло акультызму і магіі? (ч.2) |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
11.06.2012 03:11 |
Як заспакоіць духоўны голад? Некаторым людзям наіўна здаецца, што, калі яны адкідваюць Бога і перастаюць клапаціцца аб сваёй душы, то іх духоўнае жыццё «завісае», у ім нічога не адбываецца. Гэта як у гульні малога дзіцяці, якое заплюшчвае вочы і кажа, што свет перастаў існаваць, бо яно яго не бачыць. А пачне існаваць тады, калі яно адкрые вочы. Розніца толькі ў тым, што дзіця гуляе, а дарослай асобе прыходзіцца прымаць лёсавызначальныя рашэнні. І нават калі чалавек чагосьці не бачыць і не думае пра яго, гэта зусім не азначае, што тое «нешта» перастала існаваць. Яшчэ не так даўно атэісты верылі ў тое, што знішчэнне рэлігіі прывядзе да знікнення духоўных патрэбаў у людзей. Яны верылі, што звышнатуральныя патрэбы перашкаджаюць сканцэнтравацца на будаўніцтве «зямнога раю». Пазней аказалася, што духоўнае жыццё чалавека не церпіць пустаты. Тады выхалашчаным з рэлігіі людзям запрапанавалі кампенсаваць духоўныя патрэбы матэрыяльнымі. Урэшце аказалася, што як бы чалавек не задавольваў сваё цела, яму ніколі не ўдасца заспакоіць духоўны голад. Колькасць не здольная кампенсаваць якасць. Тады на дапамогу зацятым праціўнікам рэлігіі прыйшла парадаксальная дапаможніца — магія. Сучасныя секулярныя грамадствы, адкідваючы рэлігію, з небывалай апантанасцю пагружаюцца ў магію і акультызм. Яшчэ нядаўна антыхрысціянская прапаганда кпіла з вызнаўцаў Хрыста, што яны вераць у міфы пра звышнатуральнасць, ведзьмаў, духаў. А сёння тыя, хто яшчэ ўчора высмейваў рэлігію, з глыбокай верай звяртаюцца да магіі. Яны чытаюць гараскопы, вераць гадалкам, аддаюць велізарныя грошы на экстрасенсаў, гамеапатаў, «бабак». З трымценнем яны абвешваюцца татэмамі і амулетамі, каб нейкі прадмет (!) даў ім шчасце і грошы. Асобы, якія не ведаюць Бога, імкнуцца наталіць голад душы любой духоўнай інфармацыяй. Ім на дапамогу адразу прыходзіць рынак, які спраўна рэагуе на попыт, прапаноўваючы «духоўныя» паслугі: гараскопы, фільмы пра злых духаў, магічныя шоу з выкліканнем патаемных сілаў, гаданні, прадказанні. Спажыўцоў акультызму наладоўваюць страхамі, пачуццём безаабароннасці перад наканаванасцю. Той жа рынак адразу прапаноўвае ратунак ад чараў — мацнейшыя чары. Ведзьмары ў смокінгах і белых халатах абяцаюць не толькі перамагчы сурокі, пракляцці, цяжкі лёс, але нават дапамогуць стаць «звышчалавекам» (індыга, экстрасэнсам, ведзьмай, адкрыць «трэцяе вока»). Яны заахвочваюць «бараніць» сваё шчасце пры дапамозе амулетаў, татуіровак, масак, фігурак, заклінанняў і г.д. Звычайны абывацель, падагрэты поп-культурай, з трымценнем пахіляецца перад ведзьмай-супергероем, магам-збавіцелем, валадарамі патаемных сілаў. Калі адкінуць эмацыйную мішуру, псіхаманіпуляцыі і рацыянальна прааналізаваць, хто і навошта так моцна фінансуе прапаганду акультызму, то адкрыецца старая праўда пра адвечнага ворага чалавецтва. Канчатковым вынікам гульні з патаемнымі сіламі становіцца падпарадкаванне чалавека злому духу, а праз яго — пашырэнне прасторы пекла ў гэтым свеце. Як распазнаць падман злога духа? Сярод шматлікіх акультных практык, праз якія сатана намагаецца ўвайсці ў жыццё сучаснага чалавека, узгадаем найбольш адыёзныя, у дэманічнасці якіх хрысціяне могуць сумнявацца. Як гэта ні парадаксальна, але існуе немалая група людзей, на якіх сатана дзейнічае праз сны. Часта гэта выглядае як сустрэча з памерлымі сваякамі. Неаднаразова святарам прыходзіцца ратаваць людзей ад «бабак», якія практыкуюць чары, нібыта пераказаныя ім у сне іх памерлай мамай, бабуляй, дзедам. Здаецца, не трэба тлумачыць хрысціянам, што дэман можа прыняць нават воблік святога, толькі б нейкая асоба пачала выконваць яго распараджэнні. Таму трэба глядзець не на воблік, а на тое, да чаго заклікае дадзеная асоба. Калі гэта нешта падазронае, спрэчнае з Бібліяй і вучэннем Касцёла або ствараючае альтэрнатыву Божым сродкам збаўлення, значыць, за справай стаіць злы дух. Яшчэ адной цяжкай формай дэманічнага зняволення можа быць наіўная практыка варажбы, гаданняў, прадказванняў будучыні. Свядома ці не, але розныя фальклёрныя гурткі ў межах абрадавых гульняў і клопату аб даўніх традыцыях могуць выклікаць дэманаў і вучыць дзяцей акультным практыкам (напрыклад, купальская ці калядная варажба). Кожны сур’ёзны хрысціянін дыстанцыруецца сам і не дапускае сваіх дзяцей да гульняў з духамі. Гэта прамое парушэнне першай Божай запаведзі і стварэнне ідэальных умоваў для кантакту з дэманам. Чарговым слабым пунктам, які імкнецца выкарыстаць злы дух, каб зняволіць чалавека, можа быць сітуацыя цяжкай хваробы або жыццёвая драма. У выпадку вялікага гора, калі ўрачы нічым не могуць дапамагчы, узнікае вялікая спакуса шукаць ратунку не ў Бога, але ў знахараў, «бабак», гамеапатаў і да т.п. Хрысціянам варта ведаць пра тое, што як бы ні называлі свае здольнасці розныя аздаравіцелі («біяэнергія», «астральная энергія», «новая медыцына» і г.д.), кожная сіла па-за Богам і фізікай — гэта дэманічная пастка або звычайны падман. Сам факт раптоўнага паляпшэння фізічнага або псіхічнага здароўя з дапамогай патаемных сіл — гэта яшчэ не дастатковая аснова, каб сцвярджаць аздараўленне. Экзарцысты прапаноўваюць некалькі прынцыпаў, паводле якіх правяраецца праўдзівасць аздараўлення:
На самой справе Бог заснаваў Касцёл як асяроддзе збаўчага дзеяння. У ім дае нам сакрамэнты як наймагутнейшыя сродкі збаўлення, дзеяння Яго ласкі. Таму няма нічога больш эфектыўнага, чым дзеянне самога Бога ў Яго сакрамэнтах і іншых харызматычных дарах Касцёла. Працяг будзе. Першую частку артыкула глядзіце тут >>> Кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|