Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гараскоп ці малітоўнік?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
14.01.2009 03:52

«Святочнае гаданне ў краязнаўчым музеі», «Паваражыць за 3820 рублёў!» — такімі і падобнымі загалоўкамі ў першыя калядныя дні некаторыя беларускія газеты прапагандавалі антыхрысціянскія звычаі варажбы і гадання.

Арганізатары мерапрыемстваў спяшаліся апраўдаць свае сеансы магіі звычайнай гульнёй у старадаўнюю калядную варажбу. Але ці варта ўвогуле адраджаць дэструктыўныя абрады гульні з дэманічнымі сіламі, трагічныя наступствы якіх, здаецца, самі інструктары магіі, не разумеюць? Адказ відавочны. Хацелася б, аднак, звярнуць увагу на небяспечнасць магічных практык для тых, хто сам паддаецца прапагандзе магіі і акультызму. 

Прычыны, паводле якіх некаторыя хрысціяне звяртаюцца да магіі, знахарства, гадання, бываюць вельмі розныя. Некаторыя ахвяры злога духа кіруюцца звычайнай цікавасцю, гульнёй. Але многія людзі схіляюцца на такі крок, перажываючы сур’ёзныя жыццёвыя праблемы, вызваленне ад якіх бачаць у «чарах». У такой сітуацыі чалавек так сканцэнтраваны на сваіх патрэбах і перажываннях, што забывае, з кім мае дачыненне і да чаго прывядзе кантакт з дэманічнымі сіламі.

Найбольш трагічным у магічных практыках з'яўляецца нявера чалавека ў тое, што Бог сапраўды можа ЎСЁ. Бог ведае і жадае дапамагчы свайму дзіцяці, але не хоча дзейнічаць супраць яго волі. Касцёл быў заснаваны Панам менавіта для таго, каб забяспечыць чалавека ўсімі патрэбнымі сродкамі выратавання ад усіх існуючых формаў зла. Асоба, якая не хоча адкрыцца на тыя канкрэтныя скарбы Божай ласкі, прысутныя і даступныя ў Касцёле, ідзе не да Стварыцеля, але да стварэння. Знахар выдае сябе за збавіцеля, прэтэндуючы на ролю Хрыста.

Некаторыя чарадзеі нават адкрыта прызнаюцца, што маюць таямнічую моц ад нейкага духа. І нават калі яны з усіх бакоў абставяць сябе хрысціянскімі дэкарацыямі, то аблічча антыхрыста ў спосабе дзеяння схаваць не ўдаецца. Таямнічасць, цьмянасць, усялякія табу — камуфляж сатаны. Божы спосаб дзеяння заўсёды адкрыты, празрысты, разумны. Зло ж заўсёды маскіруецца пад дабро. Маг змушае чалавека да сляпога выканання рытуальных дзеянняў, пра наступствы якіх«пацыент» нічога  не ведае. Чалавек у магіі — сляпы раб. Тут няма нават і ценю Хрыстовага вучэння аб годнасці чалавека, яго свабодзе і разумнасці. 

У выпадку варажбы і гаданняў людзі не толькі адкідваюць Бога і Яго Провід, але вераць у тое, што жыццём чалавека кіруе нейкая сляпая наканаванасць. Лёс асобы падаецца як нейкі прапісаны механізм, нязменная інструкцыя якога вядомая чарадзею. Але кім напісаны гэты план і кім створаны механізм? Богам? Але Бог кажа, што чалавек абсалютна свабодны ў распараджэнні дарам свайго жыцця. Дык хто стаіць за тым планам, пра які расказвае гадалка або які «паказваюць» карты, маятнік, кававая гушча і г. д.?

Калі гэта не Бог і не чалавек, то застаецца толькі адно стварэнне — злы дух. Псіхалагічны аспект гаданняў і гараскопаў небяспечны не толькі магчымым самаўнушэннем, але і адкрытасцю свядомасці чалавека на дзеянне няведамых яму сіл, якія жадаюць кантраляваць яго жыццё. Момант веры ў лёсавырашальную моц патаемных сіл адкрывае поле дзейнасці для злога духа. У чалавеку, які кажа, што не верыць у гаданні і гараскопы, але ўсё ж такі звяртаецца да іх, у любы момант можа ўзнікнуць вера ў напісанае, што адкрывае яго свядомасць на маніпуляцыю і зняволенне дэманічнымі сіламі.

Шматвяковая практыка Касцёла паказвае, што праз самыя нявінныя і несвядомыя формы магіі і акультызму людзі станавіліся ахвярамі злых духаў. Сатана не пытаецца ў чалавека, калі і як прыходзіць. Зло выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб праз бяздумнасць і гульню, абмяжоўваючы чалавечую разумнасць і свабоду, ператварыць жыццё чалавека ў пекла.

Касцёл, заснаваны Хрыстом на зямлі, як адзіны прытулак для жадаючых збаўлення, не перастае перасцерагаць ад небяспекі гульні са злом. У шматлікасці Божых дароў Касцёл прапаноўвае сур’ёзную і канкрэтную дапамогу ў свеце, які часта ў імя дабра схіляе чалавека да зла і ў імя свабоды заклікае стаць рабом.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.