Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень святога Валянціна: «за» і «супраць»
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
14.02.2009 19:00
Дзень святога Валянціна так імкліва і глыбока ўвайшоў у сучасную беларускую культуру, што не заўважыць яго проста немагчыма. Але што мы адзначаем у гэты дзень? Ці можна назваць хрысціянскім Дзень усіх закаханых?


Дзе Хрыстус у гэтым, здавалася б, хрысціянскім, святкаванні? Чаму Касцёл так асцярожна адносіцца да гэтага дня? І хоць прысутнасць у назве імя святога Валянціна для многіх з’яўляецца дастатковым аргументам на карысць хрысціянства, то адсутнасць сакральнага элемента і масавае свецкае шоў нараджае шмат сумненняў.

Большасць шанавальнікаў «валянцінак» найчасцей не задумваюцца над вытокамі і сэнсам гэтага свята. Многім хочацца «проста» павесяліцца. Людзям хочацца проста любіць і быць любімымі. Ці можа быць штосьці дрэннае ў тым, што закаханыя маюць прыгожую нагоду яшчэ раз асаблівым чынам выказаць свае пачуцці, абмяняцца падарункамі? Намеры простыя, добрыя і звычайныя.

Здавалася б, трэба толькі радавацца, што народ мае магчымасць адзначаць свята такога святога пачуцця. Аднак праблема заўважаецца тады, калі ўсведамляеш, што каханне пачынае ператварацца ў сродак бяздумнай весялосці, гулянкі і камерцыі. Такі падыход зусім мінаецца з хрысціянствам.

Найбольш драматычнае ў свецкім святкаванні Дня св. Валянціна — гэта адарванне ўпісанага ў натуру чалавека жадання любіць і дзяліцца любоўю ад яго мэты і сэнсу — Бога. Чалавек адкідвае Бога і ставіць сябе на Яго месца. Сваё зменлівае «хачу» грэшнае стварэнне ператварае ў мэту, дзеля якой гатова апраўдаць любыя сродкі.

Чалавек без Хрыста не разумее, што толькі сапраўднае ўменне дарыць сябе (самаахвярнасць) выражае чалавечае «хачу» (у яго найбольш глыбінным значэнні) любіць і быць любімым. Сатана імкнецца адсячы «хачу» ад «любіць», пакідаючы тупую смагу, якую чалавек адчувае, але не ведае, як яе наталіць.

Бязбожная слепата паміраючай ад смагі душы змушае чалавека ісці на выкарыстанне найгоршых сродкаў дзеля таго, каб хоць неяк наталіць тое «хачу». Але ці варта чалавеку ператвараць сваё жыццё ў пекла, падбіраючы бясконцую колькасць сродкаў, рызыкуючы цэлай Вечнасцю, апынуўшыся ў выніку падманутым і загубленым? Чаму б не звярнуцца да Таго, Хто стаў Уцелаўленнем Любові, — да Езуса? Чаму б у Яго не спытацца, дзе адказ на чалавечае «прагну» і што значыць па-сапраўднаму любіць?

У жыцці з Хрыстом няма патрэбы ісці ўсляпую, перабіраць сродкі, кідацца з крайнасці ў крайнасць. Бог адкрывае чалавеку сапраўдны сэнс Кахання, дзе кожны гатовы бескарысліва дарыць, браць на сябе адказнасць за каханне. Сапраўднае каханне пазбягае фанабэрыі і гучнасці. Сапраўднае каханне любіць, не памятаючы пра сябе. Сапраўднае каханне пазбягае пустых абяцанак, але даказвае свае пачуцці канкрэтнымі дзеяннямі.

Ці пра такое каханне думаюць тыя, хто прадае і купляе сардэчкі і амурчыкі, хто арганізоўвае і ўдзельнічае ў грандыёзных шоў, хто заклікае да паказальных пацалункаў, хто зарабляе грошы на чалавечым жаданні любіць?

Святы Валянцін жыў Любоўю Хрыста, якая дала яму моц і адвагу супрацівіцца ўладзе імператара і нават самой смерці. Толькі Божая Любоў можа быць мацнейшая за страх перад чалавекам і прыродай. Хто і што можа параўнацца з такой Любоўю? Хто можа падаць альтэрнатыву ТАКОЙ Любові?

14 лютага кожны з нас стане перад выбарам. Што я адзначаю: язычніцкія эратычныя гульні, Дзень распуснасці ці Дзень СВЯТОГА Валянціна, Дзень Хрыстовай Любові? І тут не патрэбны лозунгі і абяцанні. Тут патрэбна згоднасць думкі, слова і дзеяння, якія стануць сведчаннем «за» або «супраць» таго, ці сапраўды мы — хрысціяне.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.