Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пакаяцца — але як? (працяг)
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
04.03.2009 21:26

Таямніца паяднання чалавека з Богам праз сакрамэнт пакаяння — гэта пяціступеньчаты працэс, падчас якога адбываецца духоўна-маральнае аздараўленне асобы. У папярэднім артыкуле мы абмеркавалі першы этап пакаяння — рахунак сумлення.

Пакаянне распачынаецца з аб’ектыўнай самаацэнкі маральнага стану асобы, з усведамлення наяўнасці граху. Гэта фундаментальна важная, але недастатковая ўмова атрымання Божага прабачэння. Гэты этап з’яўляецца толькі падрыхтоўкай да другога кроку на шляху рэанімацыі душы — асуджэння граху.

Другая ўмова пакаяння — жаль за грахі.

Існуе шмат людзей, якія разумеюць, што паступаюць дрэнна, што ў сваё жыццё дапусцілі зло. Але зусім няшмат людзей, перакананых у тым, што грэх быў і ёсць найбольшай перашкодай да іх шчаслівага жыцця. «Так, я грэшны, але ж такое жыццё. Я зусім не шкадую, што зграшыў, бо так трэба было. Добра, што тады паступіў дрэнна», — такімі ці падобнымі выразамі характарызуецца чалавек, які не шкадуе за здзейснены грэх.

Гэта тая катэгорыя людзей, які перакананыя, што не ўсе грахі дрэнныя, што зло бывае добрым! Такія «веруючыя» не вераць, што тыя ці іншыя грахі ў іх жыцці былі трагічнымі памылкамі, якія сапсавалі іх жыццё.

«Так, было зло, але яно ж нядрэннае, бо мне трэба было зграшыць», — скажа чалавек, які прыходзіць да споведзі не для таго, каб перапрашаць Пана Бога, але каб апраўдаць сваю непаслухмянасць Яго запаведзям. Сваё маральнае самазабойства такі грэшнік гатовы назваць жыццёвай неабходнасцю, перакладваючы віну за свой грэх на іншых людзей, на нейкае абстрактнае паняцце свету, жыцця, а ў выніку — на самаго Бога!

Наколькі ж няпроста святарам дапамагчы на споведзі чалавеку, які не верыць у тое, што зло — гэта зло, няправільнасць, ненармальнасць. Такі чалавек свядома ці несвядома не хоча згадзіцца з тым, што толькі дабро — гэта нармальна і натуральна для чалавека.

Сапраўдная споведзь не магчыма без шчырага жалю верніка за тое зло, якім ён нішчыў сваё (і іншых) жыццё. Жаль з грахі — гэта ўсведамленне таго, што здзейсненае зло сапраўды атручвала жыццё, гэта агіда да граху як крыніцы жыццёвых бедаў і непрыемнасцяў, муру паміж Богам і чалавекам. Толькі той здольны шчыра прасіць прабачэння, хто разумее, за што канкрэтна павінен перапрашаць. Немагчыма ўявіць сапраўдную споведзь без раскаяння, без жалю за здзейснены грэх, без просьбы да Пана Бога аб прабачэнні і аздараўленні мінулага.

Працэс пакаяння прадугледжвае не толькі свядомасць прысутнасці граху ў нашым жыцці (першы этап), але і ўсведамленне яго знішчальнага дзеяння ў мінулым. Натуральным вынікам гэтага павінен стаць жаль за здзейсненае зло (другі этап пакаяння). Адкрыццё свайго мінулага на аздараўленне Божай ласкай робіць магчымым чарговы, трэці, крок на шляху пакаяння — цвёрдае пастанаўленне выправіцца.

Умова трэцяя — цвёрдае пастанаўленне выправіцца.


Для сур’ёзна веруючага чалавека не складае вялікай праблемы рахунак сумлення і жаль за здзейсненае зло. Але са шчырым пастанаўленнем супрацьстаяць граху могуць узнікнуць цяжкасці. «У мяне нічога не атрымаецца! Я ведаю, што пайду далей грашыць!» — упэўнены веруючы ў бяссіллі Бога і ўсясіллі зла. Такі чалавек ужо наперад не пакідае Пану Богу шанцаў на дапамогу, каб прынамсі паспрабаваць змагацца са злом або мінімалізаваць яго ўплыў.

«Не, я ведаю, што нічога не атрымаецца!» — не будзе супакойвацца недаверлівая свядомасць грэшніка. Наколькі ж няпроста Богу (а тым больш святару) праламацца праз упартасць такога недаверу, спрабуючы растлумачыць «пакутніку», што сакарамэнт пакаяння — гэта не толькі ачышчэнне мінулага, але гэта і напаўненне на будучыню ласкай, звышнатуральнай моцай на жыццё без граху.

Калі на першым і другім этапе пакаяння акцэнт рабіўся перадусім на свядомасць дабра і зла, то на трэцім этапе ўсё залежыць ад веры. Каб сказаць Пану Богу: «Я пастараюся больш не паўтараць дадзены грэх», неабходна верыць у тое, што нягледзячы на чалавечую слабасць, Пан дасць патрэбныя ласкі, умацоўваючы слабасць розуму і волі. Няма большага ворага сапраўднай веры, як песімізм — патаемны брат веры ва ўсясілле зла.

Немагчыма пагадзіць хрысціянства, веру ва ўсемагутнасць Божай Любові і верай ва ўсемагутнасць зла і грэшнае бяссілле чалавека. Хрыстус дае кожнаму ахрышчанаму ласку перамогі. Споведзь без упэўненасці ў Божай дапамозе ператварылася б у песімістычную справаздачу за здзейсненыя ў мінулым няўдачы. Сэнс споведзі ў тым, што чалавек упэўнены ва усемагутнасці любячага Бога, ад якога чакае ратунку. Без надзеі на выпраўленне не мае сэнсу ні вера, ні споведзь.

Належыць таксама заўважыць, што намер больш не грашыць павінен быць цвёрды. А цвёрдасць намеру — гэта не агульныя абяцанні ці бурныя эмоцыі. Пастанаўленне выправіцца выражаецца ў імкненні не дапусціць на будучае тых думак, словаў і ўчынкаў, якія прывялі да граху.

Усведамляючы ў малітоўным сумоўі з Богам наяўнасць грахоў, названых па імені (першы этап), асудзіўшы кожны грэх як знішчальную атруту (другі этап), належыць усвядоміць канкрэтныя прычыны грахоў і прасіць Бога аб умацаванні ў пастанаўленні не дапусціць іх паўтарэння (трэці этап). Зрабіўшы гэтыя тры важныя крокі на шляху пакаяння, хрысціянін толькі тады можа зрабіць чарговы і найважнейшы крок — прыступіць да шчырай споведзі перад Богам і святаром.

Працяг будзе.
Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.