Веру ў цела ўваскрашэнне |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
10.04.2009 18:35 |
Ад пачаткаў гісторыі чалавецтва стаіць перад велізарным і драматычным парадоксам: наколькі прыгожы дар чалавечай цялеснасці, настолькі непазбежна трагічнае яго няўмольнае разлажэнне. Язычніцкі свет шукаў (і шукае) тысячы спосабаў вырашэння «праблемы цела». З аднаго боку, людзям прапаноўваюцца сродкі амаладжэння цела, якія толькі на кароткі час адсоўваюць момант яго разлажэння або хаваюць дэградацыю — з дапамогай касметыкі і пластычных аперацый. З другога ж боку, неэфектыўнасць сродкаў амаладжэння прыводзіць да пагарды старасцю, сарамлівасці і ўцёкаў ад рэальнасці ажно да жадання забіць таго, хто перастаў выглядаць молада і прыгожа (эўтаназія). Прычым гэта робіцца ў некаторых краінах нават на заканадаўчым узроўні! Хрысціянства ад самага пачатку абвяшчала адказ Бога на праблему памірання. Гэта быў адказ не на словах, але на справе — праз факт уваскрасення Хрыста. У гісторыі хрысціянства ніводная праўда веры не сустракалася з такім жорсткім непрыняццем і незразуменнем, як праўда пра ўваскрасенне чалавечага цела. Людзі гатовыя былі згадзіцца з усімі праўдамі веры адносна Бога, бо гэта наўпрост іх не кранала. Нават праўда аб уваскрасенні Хрыста магла быць інтэрпрэтавана так, каб укладалася ў стандарты чалавечай логікі. Але праўда аб тым, што ўваскрасенне Хрыста — гэта праўда і пра маё ўваскрашэнне, здавалася занадта смелай. Каб не кранаць балючай праблемы чалавечага цела, паўставалі спробы «бязбольнай» інтэрпрэтацыі хрысціянства (ерасі маніхейства, монафізітызму і інш.), якія сцвярджалі, што гэта толькі Езус уваскрос, і што Ён, можа, нават не меў «сапраўднага» чалавечага цела. Абвяшчэнне БОЖАГА слова, евангельскага ФАКТУ аб рэальным целе Хрыста і Яго рэальным паўстанні з мёртвых у перамененым (уваскрослым) целе не перастае пужаць тых, хто ўцякае ад рэальнасці. Што ж абвяшчае сапраўднае хрысціянства? Перш за ўсё Касцёл абвяшчае Божую праўду аб тым, што чалавек — гэта не набор клетак і амінакіслотаў (рэдукцыя да фізічнага арганізму), што чалавек — гэта не дух, пасаджаны ў вязніцу цела (рэдукцыя да духа), але чалавек — гэта ўнікальнае і непаўторнае адзінства (compositum) духоўнага і цялеснага элементаў. Факт дэградацыі цела — гэта наступства першароднага граху, бо смерць прыйшла на свет праз грэх (пар. Рым 5, 12). Уваскрасенне Хрыста стала тым зваротным момантам у гісторыі чалавецтва, калі не толькі быў пераможаны сатана, грэх, смерць, але і адкрылася перспектыва ўваскрашэння кожнага чалавека да шчаслівай і нятленнай вечнасці. Наша хрысціянская вера ў паўстанне з мёртвых — гэта рэальная (пацверджаная фактам Хрыстовага ўваскрасення) надзея на тое, што нашае грэшнае цела будзе пераменена пры ўваскрашэнні на новае, свабоднае ад тлення. Пра такое цела вучні Езуса ведалі не з аповедаў і абяцанак. Яны ўласнымі вачыма бачылі і рукамі дакраналіся да ўваскрослага Настаўніка. Святкаванне Уваскрасення Хрыста для кожнага хрысціяніна — гэта не толькі ўспамін, перажыванне «таго, што было». Змёртвыхпаўсталы Езус адкрывае кожнаму чалавеку магчымасць ужо сёння ўваскрасіць паміраючую ад грахоў душу і належным чынам падрыхтавацца да радасці ўваскрашэння цела паводле меры Хрыстовага дару. Кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|