Хрысціянства: рэлігія ці мараль? |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі |
13.05.2009 18:56 |
Часам здараецца, што з нібыта добрай хрысціянскай сям’і выходзяць абыякавыя да рэлігіі дзеці. Найчасцейшая прычына гэтага — памылка бацькоў, якія хрысціянскае (рэлігійнае) выхаванне дзяцей зводзяць да выканання нейкага маральнага кодэксу. У выніку пратэст супраць незразумелых маральных патрабаванняў прыводзіць да адкідвання рэлігіі і Бога. Адкрыццё і ўсведамленне непасрэднай сувязі сэнсу і мэты чалавечага жыцця з Богам схіляе чалавека да інтэнсіўных адносінаў са Створцам і Збавіцелем. Замкнёнасць на Бога раўназначна заблакаванасці на разуменне сэнсу і мэты жыцця. І наадварот — інтэнсіфікацыя ўзаемаадносінаў з Богам напаўняе кожнае дзеянне чалавека глыбокім сэнсам і накіроўвае на правільную мэту. Паглыбленне пазнання мэты жыцця чалавека спрыяе адпаведнаму падбору сродкаў дзеля дасягнення гэтай мэты. Гэтыя сродкі спрыяюць рэалізацыі мэты чалавечага жыцця, а таксама абараняюць ад перашкодаў. У практыцы гэтыя сродкі набліжэння чалавека да Бога як мэты выражаюцца ў рэлігійных практыках (прыватных і публічных), а таксама ў прыняцці адпаведнага маральнага кодэксу. Вызваленне з рабства суб’ектывізму пачынаецца тады, калі чалавек адкрываецца на нешта па-за ім. Выхад па-за свае суб’ектыўныя меркаванні і нормы магчымы толькі тады, калі чалавек пачынае разумець, што ёсць рэальная і адзіная мэта яго жыцця, рэалізацыя якой патрабуе змены крытэрыяў паводзінаў. Хрысціянства ў гэтым кірунку заклікае чалавека не проста адкрыцца на нешта звышнатуральнае, але пачаць перажываць усе справы свайго зямнога жыцця ў перспектыве жыцця з Богам. І тут узнікае рэзкі дысананс маральнай матывацыі паміж рознымі хрысціянамі. Адны апіраюць мараль проста на звышнатуральнай дадзенасці («трэба, бо так вучыць вера»), другія — апіраюць мараль на адносінах з Богам («належыць, бо ад гэтага залежыць маё яднанне з Богам»). Такому чалавеку дастаткова, што нехта скажа, што так належыць, і ён будзе слепа выконваць часам забабонныя і шкодныя практыкі. І ўсё гэта будзе апраўдана рэлігійнымі мэтамі. Але ці сляпой рэлігійнасці дастаткова? Ці, можа, гэта зноў хітры завулак таго ж маральнага суб’ектывізму? Менавіта ў такія драматычныя моманты сталення асобы можна заўважыць, што безасабовай рэлігійнасці чалавеку недастаткова. Разумнага чалавека не заспакоіць адказ тыпу: «Трэба, бо гэта правільна і пабожна». Больш мудрыя бацькі перанаправяць матывацыю на Бога: «Належыць так паступаць, бо да гэтага заклікае Бог». Але чаму я павінен слухаць Бога? Як бачым, у канчатковым выніку ўсё будзе ўпірацца ў магчымасць пазнання Пана. Няправільны (мёртвы і далёкі) вобраз Бога нічога не дасць чалавеку, бо гэта толькі мёртвы вобраз, прадукт уяўлення. Такі чалавек не ведае, што Бог — гэта жывая Тройца Асобаў, з якой можна размаўляць, і што Ён ужо шмат сказаў праз Біблію і Традыцыю Касцёла. Прымаючы свой суб’ектыўны (няправільна сфармаваны) вобраз Бога за Бога хрысціянства, чалавек можа замкнуцца на пазнанне сэнсу і мэты жыцця, адкінуць хрысціянскую мараль як нешта бессэнсоўнае. А адсутнасць глыбіннага сэнсу жыцця прыводзіць да дэградацыі асобы (у больш глабальнай перспектыве — грамадства). Усведамленне гэтага ставіць перад хрысціянскімі бацькамі і выхавацелямі вялікае заданне самім няспынна адкрываць Бога і Яго мудрасць. А ўсведамленне таго, што выхавацелі самі яшчэ знаходзяцца ў дарозе, павінна спрыяць выхаванню, якое асноўваецца не на дрэсіроўцы мёртвых схемаў мыслення і паводзінаў, але на паступовым адкрыванні глыбіннага сэнсу і мэты жыцця чалавека як асобы. Кс. Андрэй Рылка |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|