Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпачыць целам ці душою?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
17.06.2009 19:20
Хрысціянскае вучэнне пра чалавека як адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў мае вельмі сур'ёзныя практычныя наступствы. Атрымліваецца, што не існуе такой фізічнай працы, у якой чалавек не ўдзельнічаў бы псіхічна або духоўна. І наадварот, не існуе такой інтэлектуальнай (больш шырока — духоўнай) працы, якая б не патрабавала ад чалавека нейкіх цялесных дзеянняў. Выходзіць, што кожная праца ў большай ці меншай ступені ахоплівае і цялесную, і духоўную сферу чалавечай асобы.

А як з адпачынкам? Ці існуе чыста цялесны адпачынак, без задзейнічання думак, унутраных перажыванняў, стану душы? Вядома, няма. Незалежна ад нашага ўсведамлення ў кожнай форме адпачынку ўдзельнічае і душа, і цела. Калі, напрыклад, чалавек, плануючы свой адпачынак, думае толькі пра фізічнае здароўе, то гэта гаворыць пра вельмі дрэннае планаванне і прадказвае няўдачу. Чаму? Бо цела ніколі не будзе ў добрым стане, калі ігнараваць псіхічнае або духоўнае жыццё асобы, да якой усе гэтыя сферы належаць.

Ёсць людзі з выдатна здаровым фізічным арганізмам, аднак яны адчуваюць сябе няшчаснымі, бо маюць праблемы ў духоўнай або псіхічнай сферы. Прыкладам могуць быць частыя сітуацыі, калі нейкая асоба выязджае на летні адпачынак, стварае для свайго фізічнага арганізма цудоўныя ўмовы, але зусім не ўлічвае патрэбы душы. У выніку той летні «рай» ператвараецца ў пекла, бо чалавек мучыцца ад думак, страхаў, перажыванняў. І нават спробы замяніць духоўныя патрэбы цялеснымі ўцехамі нічога не прынясуць. Самападман толькі павялічвае праблемы. Пазбегнуць клопатаў можна тады, калі не толькі тэарэтычна, але перш за ўсё на практыцы будзе брацца пад увагу непадзельнасць душы і цела, паводле чаго належыць планаваць і працу, і адпачынак.

Чалавек не можа ўцячы ад духоўнага жыцця, падобна таму, як не можа выскачыць са свайго цела. І адно, і другое азначае смерць. Большая выразнасць фізічнага стану нараджае спакусу сканцэнтравацца толькі на патрэбах цела. Глыбіня і нябачнасць духоўнай сферы нараджае спакусу ігнаравання душы. Пра недапушчальнасць духоўнай абыякавасці сведчыць нават сучасная медыцына, якая ўсё больш увагі надае псіхічным або духоўным прычынам многіх цялесных хвароб. Здароўе цела ў многім залежыць ад здароўя душы. І ў адной і другой сферы адбываюцца складаныя працэсы, якія патрабуюць дагляду, своечасовага аздараўлення. Клопат пра здароўе цела часта дыктуецца тым, што яго праблемы знешнія, бачныя. Але фізічная нябачнасць душы зусім не азначае, што яна не патрабуе ўвагі і лячэння. Калі ж праблемы душы вырываюцца на паверхню (у выглядзе неадэкватных словаў ці паводзін), то гэта становіцца ўжо сігналам вострага «запалення» чалавечага духу. Як вядома, лепш прафілактыка, чым шпіталізацыя. Прыярытэт і бясспрэчная важнасць духоўнай сферы чалавека, якая абумоўлівае яго як чалавека і асобу, гаворыць пра тое, што клопат пра здароўе несмяротнай (неабходнай для вечнасці) душы важнейшы, чым клопат пра смяротнае (часовае) цела.

Якім жа ў святле вышэйсказанага павінен быць летні адпачынак хрысціяніна? Нягледзячы на разнастайнасць індывідуальнасцяў, адзінства сыноў і дочак Бога ў тым, што яны імкнуцца выкарыстаць гэты час на аднаўленне цеснага кантакту з Панам, як адзінага і самага эфектыўнага спосабу рэгенерацыі фізічных і духоўных сіл чалавека. Хрысціянскі адпачынак адрозніваецца належнай увагай да духоўнай сферы. І чым больш духоўна аслаблены і занядбаны чалавек, тым большы акцэнт варта было б паставіць на духоўную частку адпачынку. Калі камусьці падабаецца пасіўная форма летняга адпачынку, то напэўна гэта будуць нейкія формы спакойнага часу з Богам, у адпаведнай атмасферы і ўмовах. Аматары актыўнага адпачынку, напэўна, не прапусцяць шматлікія дынамічныя формы духоўнага ўзбагачэння: рэкалекцыі, пілігрымкі, хрысціянскія лагеры адпачынку. Хрысціяне, якія адправяцца ў замежныя падарожжы і вандроўкі, абавязкова будуць імкнуцца знайсці храм, святара, каб дзяліць адпачынак з Хрыстом эўхарыстычным.

Разнастайнасць форм летняга адпачынку для хрысціяніна — гэта не толькі ўсведамленне таго, што існуюць адпаведна разнастайныя формы яго духоўнага перажывання. Гэта таксама нагода нанава перажыць шматграннасць таямніцы Касцёла. У кругазвароце працоўнай беганіны для многіх кантакт з Касцёлам часта зводзіцца да падтрымкі мінімума духоўнага выжывання праз удзел у набажэнствах і споведзі. Для такіх людзей летні адпачынак — гэта цудоўная нагода адкрыць разнастайнасць і багацце шматлікіх традыцый і форм духоўнага жыцця Касцёла. Ад кожнага паасобнага верніка залежыць, ці сапраўды летні адпачынак стане для яго і ягонай сям'і часам аднаўлення не толькі фізічнага, але і духоўнага жыцця.
Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.