Сімвалы на абразах святых, або чаму св. Роха малююць з сабакам |
Пераклады |
27.11.2014 11:55 |
Гледзячы на абраз святога, часта можна бачыць на ім нейкія рэчы ці нават
жывёл. Што яны азначаюць? Чаму менавіта гэтыя атрыбуты намаляваны на
абразе таго ці іншага святога? Як малявалі евангелістаў? На абразе святога Марка можна было ўбачыць ільва, які павінен быў нагадваць голас, што гукае ў пустыні. Святому Луку спадарожнічаў вол, ахвярная жывёла, бо гэты евангеліст распачынаў сваё Евангелле з ахвяры Захарыі. Святому Яну на абразах малявалі арла, бо святы, распавядаючы аб Езусе, нібы арол, узносіўся ў паднябессе. Калі святы трымае ў руках маленькі касцёл, то гэта азначае, што ён быў фундатарам нейкага храма або кляштара (благаслаўлёная Кінга — заснавальніца кляштара, святая Ядвіга (на здымку злева) — фундатарка кляштара). Мітра і пастарал азначаюць біскупскую годнасць (святы Войцех, святы Станіслаў). Сімвалам надзеі, якую кожны хрысціянін павінен мець праз усё жыццё, са старажытных часоў быў якар. Карабель служыў вобразам Касцёла, які плыве сярод безданяў і бураў свету, ягнё або рыба служылі вобразамі Хрыста. Яны, дарэчы, былі знакамі, паводле якіх распазнавалі хрысціянаў, асабліва ў часы, калі Хрыстова вера цярпела пераслед, а яе вызнаванне пагражала смерцю. Калі ж хрысціяне атрымалі магчымасць прынародна вызнаваць сваю веру, пачалі паўставаць святыні, а ў іх — абразы і разьбяныя фігуры, збоч ад іх часам размяшчаліся прадметы, што таксама гаварылі аб жыцці або смерці святога. Найчасцей на абразах святых можна сустрэць такі атрыбут, як арэол (светлае кола вакол галавы або вакол усяго цела). Святая Гэлена, Маці Канстанціна Вялікага, у абедзвюх руках трымае крыж Хрыста. Дзякуючы ёй цудоўным чынам знойдзены сапраўдны крыж Збаўцы, які быў закапаны паблізу Галгофы. Рыцар з дзідай, які забівае цмока, — святы Юрый (цмок сімвалізуе спакусы і небяспекі, што пагражаюць усім, асабліва маладым людзям). Выпадковых прадметаў на абразах няма Два вялікія апосталы — святы Пётр і святы Павел — малююцца на абразах зазвычай так: першы — з ключамі ў руках, бо Хрыстус даў яму ўладу ў Касцёле на зямлі і зрабіў яго сваім намеснікам; другі ж — з мячом, бо ім ён быў забіты ў Рыме. Святы, які трымае перад сабой касы крыж у форме літары Х — апостал Андрэй (ён памёр менавіта на такім крыжы). Крыж з галубкай — атрыбут святой Рэгіны, якой у час знаходжання ў вязніцы з’явіўся Хрыстус з крыжам і галубкай, надаючы ёй адвагі дзеля трываласці ў мучэннях. Святога Роха мы заўсёды бачым з сабакам, які ў зубах трымае бохан хлеба, бо хвораму святому ў ягоную самотную пячору сабака прыносіў ежу. Святыя дзевы на абразах зазвычай трымаюць у руках лілію — сімвал чысціні (святая Тэрэза, святая Марыя Гарэцці і г.д.). Святую Апалонію часам малююць з абцугамі і зубам, бо мучыцелі вырывалі ў яе зубы. Ля ног святога Гераніма на абразах ляжыць леў. Як кажа легенда, звер, з лапы якога святы выцягнуў цярніну, пасябраваў з ім. Cвяты Патрык, апостал і апякун Ірландыі, часам адлюстраваны з трыліснікам фінікавай пальмы. Традыцыя кажа, што калі ягоныя слухачы не маглі зразумець таямніцы Святой Тройцы, Патрык сарваў ліст фінікавай пальмы і на гэтым прыкладзе растлумачыў таямніцу веры. Міланскага біскупа, святога Амброзія, можна ўбачыць на абразах з вуллем і пчоламі. Калі ён быў малы, на ягоныя вусны ў сне сеў рой пчол і ніводная не ўкусіла дзіцяці. Апякунку касцёльнай музыкі святую Цэцылію мастакі часта малююць з арфай або арганам. Апекуна пажарнікаў святога Фларыяна можна бачыць з посудам, напоўненым вадой, якая выліваецца на палаючы дом. Святую Клару мы бачым з манстранцыяй у руках: калі захопнікі намагаліся ўварвацца ў кляштар у Асізі, яна выйшла насустрач ім з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і тым самым выратавала горад. Паводле матэрыялаў часопіса «Mały apostoł», 1987 |