Каталіцкае сужэнства — не толькі духоўныя справы |
Пераклады |
22.03.2017 11:38 |
Ажаніліся, каб «стаць адным целам». Аднак якім чынам адно цела можа выражаць узаемную любоў? Сужэнская любоў узрастае праз сваё высакароднае дзеянне Вельмі прыгожыя словы пра сужэнскую любоў пакінуў Другі Ватыканскі Сабор. Любоў у сужэнстве прадстаўлена ў вымярэнні, якое ахоплівае дабро ўсёй чалавечай асобы. Уключае, безумоўна, эратычны бок, які мае на ўвазе ўзаемнае ахвяраванне не толькі цела, але ўсёй асобы. У гэтым ёсць поўны і комплексны адказ на чалавечую патрэбу, якая не зводзіцца толькі да сексуальных адносін на ўзроўні цела, але ахоплівае ўсю супольнасць асабістага жыцця, якая сыходзіць ад «я з табою», каб дасягнуць «я для цябе».
«Гэтая любоў, выключна чалавечая, скіроўваючыся ад асобы да асобы ў добраахвотным пачуцці, ахоплівае дабро ўсёй асобы. І таму можа надаць асаблівую годнасць цялесным і духоўным праявам, а таксама ўзвысіць іх як неад’емныя і своеасаблівыя адзнакі сужэнскага сяброўства. Гэтую любоў наш Пан пажадаў асаблівым дарам сваёй ласкі і любові аздаравіць, удасканаліць і ўзвысіць. Такая любоў, звязваючы ў адно боскае і чалавечае, вядзе сужэнцаў да добраахвотнага і ўзаемнага аддання адно аднаму, якое выражаецца ў чулых пачуццях і актах, а таксама пранікае ва ўсё іхняе жыццё. Больш за тое, яна сама ўдасканальваецца і ўзрастае праз сваё высакароднае дзеянне. Таму яна значна пераўзыходзіць выключна эратычную цягу, якая, маючы эгаістычную скіраванасць, хутка і з прыкрасцю знікае» (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 49). У гэтым разуменні любоў не з’яўляецца толькі пачуццём ці спантанным хваляваннем душы: яна становіцца прысвячэннем, узаемным дарам, які ахоплівае сексуальнае вымярэнне, але перарастае яго. Любоў паміж мужчынам і жанчынай з’яўляецца — у хрысціянскім разуменні — чымсьці, што выходзіць па-за вымярэнне чалавечае і часовае, бо яна адкрываецца на гарызонты вечнасці і бясконцасці, якія немагчыма ахапіць. Бог асвячае гэты саюз і выносіць яго да годнасці сакрамэнту: такім чынам дзве асобы ўваходзяць у адноўленае жыццё, у аснове якога — ласка, дар.
Любоў сужонкаў, якую вядзе Бог, становіцца знакам трывалага і ўзнёслага саюзу, які існуе паміж Хрыстом і Касцёлам — Яго нявестай (пар. Эф 5, 21−33). Сакрамэнт дапамагае ўмацоўваць любоў паміж мужчынам і жанчынай і чыніць яе здольнай да пераадольвання жыццёвых цяжкасцяў. Такая любоў можа зайсці далей, чым дазваляюць чалавечыя сілы, захоўваючы вернасць нават перад абліччам малой і вялікай здрады, даючы ўсё бескарысліва, становячыся дарам і ахвярай. У канкрэтных сітуацыях той, хто здольны на такую любоў, умее прымаць, прымаць заўсёды, ніколі не замыкаючы дзверы, умее трываць нават у самотнасці і пакінутасці, умее захоўваць надзею і чакаць. Ласка Бога чыніць так, што гэтая любоў здольная ўзнесціся на вышыні, перамагчы слабасць і крохкасць. Можа ісці ў кірунку прысвячэння сябе з любові да іншага чалавека, са свядомасцю, што гэтае пачуццё ніколі не бывае марным, нават калі, з чалавечага пункту гледжання, успрымаецца як паражэнне.
Сужэнская пара можа нарадзіцца да існавання ў той час, калі дзве асобы могуць знайсці ў сабе радасць жыцця, — глыбокую ўнутраную радасць, якая штурхае адно да аднаго, каб яго бескарысна прыняць і кахаць. Але, каб перадаваць радасць жыцця, мы павінны найперш зведаць гэтае пачуццё ў глыбіні саміх сябе! Найглыбейшая ўнутраная радасць нараджаецца ад рэалізацыі сябе, ад усведамлення сваёй асобы і ад развіцця ўласных талентаў. Гэта адзін з тых аспектаў, якія падкрэслівае хрысціянскае пасланне: Хрыстус казаў пра паўнату жыцця...
Зразумела, нельга забываць пра крыж і цярпенні, але Евангелле абвяшчае і радасць, змёртвыхпаўстанне. Езус палюбіў чалавека, яго вольнасць і годнасць. Няпраўда, што Езус палюбіў крыж. Ён палюбіў чалавека, і для таго, каб зрабіць яго вольным, Ён прыняў таксама крыж. Таму крыж з’яўляецца сімвалам моцы, удзелу, узвышэння, а не адрачэння.
Адзін з асноўных аспектаў сужэнскага жыцця звязаны з сексуальнасцю, паказальнікам тоеснасці, які ўпісаны ў чалавечую прыроду. Святы Ян Павел ІІ выказаў гэтае бачанне ў прыгожым выразе: «Цела з’яўляецца эпіфаніяй (аб’яўленне — заўв. рэд.) “я”». Цела паводле палавой прыналежнасці павінна трактавацца як «святыня Духа Святога» (пар. 1 Кар 6, 19). З гэтага пункту гледжання, дар цела прымае асаблівае значэнне як асноўны момант заснавання сужэнскай супольнасці, якая з’яўляецца адзінствам розуму, сэрца і душы. Гэта вельмі ўзнёслае пакліканне, складанае, але магчымае для рэалізацыі. Цела з’яўляецца «сімвалам», знешнім знакам, маніфестацыяй паклікання. Праз цела можна выражаць эмоцыі, пачуцці, стан душы... Яно носіць у сабе след Бога: Ён стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Цела заклікае мужчыну і жанчыну да рэалізацыі іх асноўнага паклікання — даваць жыццё Усё цела прамаўляе: галава, жэсты, пол — усё гэта яго мовы. Яны створаны для сустрэчы, для саюзу, для супольнасці. Пол з’яўляецца асноўным аспектам чалавечай асобы: праз яго кожны выражае сваю індывідуальнасць, сведчыць пра непадзельны саюз, які ўтварае цела і душа. Кожны чалавек пакліканы да любові. Гэтае пакліканне рэалізуецца адначасова з даспяваннем асобы, праз прыняцце каштоўнасці свайго полу, а асабліва праз інтэграцыю гэтага вымярэння і ўключэнне яго ў кантэкст усіх каштоўнасцяў, з якіх складаецца чалавечая істота. Калі цялеснасць і пол іншай асобы прыняты не ў паўнаце, трэба задумацца над сэнсам самога сужэнскага саюзу. Няма поўнай любові да сужонка, калі яна не ўключае таксама яго цела. Розніца палоў арыентавана на саюз і на плоднасць. Менавіта таму яна так глыбока накіравана на дапаўненне з пункту гледжання анатамічнага, псіхалагічнага і духоўнага.
Гісторыя кожнага чалавека з’яўляецца спляценнем мужнасці і жаноцкасці, перанятых са свайго атачэння і на якіх базуюцца культурныя мадэлі, вопыт, схемы адносін, усвядомленыя і неўсвядомленыя каштоўнасці. Пол чалавека, сыходзячы з узаемадапаўнення быцця мужчынам і быцця жанчынай, рэалізуецца ва ўзаемных адносінах — праз адкрыццё і пашану дароў, уласцівых асобе іншага полу. У сэнсе абсалютным нельга сказаць адназначна, што ўласціва асобе аднаго полу, а што асобе другога полу. Аднак немагчыма таксама адмаўляць існаванне розніц, якія, сыходзячы з біялагічнай структуры, характарызуюць мужнасць і жаноцкасць. Адрозненні паводле полу з’яўляюцца нагодай для ўзрастання і для сталення ва ўзаемнай любові і ў адкрытасці на іншага ў абсалютным сэнсе, якім з’яўляецца сам Бог. Гэта значыць, што праз пол «асоба скіроўвае да Асобы». Такім чынам, цела заклікае мужчыну і жанчыну да рэалізацыі іх асноўнага паклікання — даваць жыццё. Бог з’яўляецца рэчаіснасцю саюза і любові. Ствараючы мужчыну і жанчыну на свой вобраз і падабенства, Бог уклаў у іх сэрцы нястомнае імкненне да рознасці. Прысутнасць іншага з яго непадобнасцю і спецыфічнасцю з’яўляецца ласкай, дарам, які дапамагае адкрываць, кім мы ёсць і да чаго імкнёмся. Пераклад Валянціны Грамыка |