Пяць перавагаў, чаму доўга стаяць у чарзе да споведзі карысна |
Пераклады |
28.03.2017 13:40 |
Да Вялікадня засталося менш чым тры тыдні. Святары ўжо даўно папярэджваюць не адцягваць споведзь, каб не спазніцца.
Наступныя два тыдні ў касцёлах будзе назірацца звычайная для гэтага часу карціна — доўгія, звілістыя чэргі да канфесіяналаў. А ў гэтых чэргах будуць стаяць як тыя, хто спавядаецца часта, так і тыя, хто выраз «прынамсі раз на год спавядацца» ўспрымае літаральна. Што ўласціва гэтаму доўгаму стаянню ў чарзе? Нараканні на іншых, стомленыя ногі, боль у паясніцы (асабліва ў высокіх людзей)... Як гэтага пазбегнуць? Прыходзіць да споведзі загадзя, не чакаючы апошнюю нядзелю Вялікага посту. Чытайце па тэме: Калі ж такой магчымасці няма і патрэба ў споведзі прыйшла менавіта цяпер, паспрабуйце паглядзець на гэты доўгі перыяд стаяння і чакання з іншага боку — пазітыўнага. Прапануем вашай увазе артыкул Лоры Хаджэнс, якая навучылася бачыць у доўгай чарзе да канфесіяналу Божы Провід.
Вось пяць пераваг, чаму доўга стаяць у чарзе да споведзі не так і дрэнна:
Я намагаюся прыступаць да сакрамэнту пакаяння часта і заўсёды імкнуся адпаведна падрыхтавацца. Я раблю рахунак сумлення, складаю спіс грахоў. Малюся. Але некалькі гадоў таму, стоячы ў чарзе, я зразумела, што магу правесці гэту гадзіну з яшчэ большай карысцю. Калі я стаяла ў чарзе, у мяне быў час на тое, каб памаліцца за свайго спаведніка. Я прасіла Святога Духа, каб напоўніў яго мудрасцю. Таксама я чытала малітву даверу. Мне здаецца, што плён гэтага сакрамэнту залежыць ад маёй здольнасці паспавядацца добра, згадаўшы ўсе свае грахі і правіны і назваўшы іх. У некаторым сэнсе гэта праўда. Добра прадуманая, старанная споведзь з’яўляецца, без сумненняў, лепшай за споведзь, падрыхтаваную нядбала. Зрэшты, уся Божая ласка — гэта дар: дар, які я павінна прымаць з верай. Пакуль я чакала ў чарзе, я даверыла сваю споведзь Езусу, ведаючы, што Ён павядзе мяне і што Бог будзе міласэрны, не зважаючы на тое, наколькі недасканалымі маглі быць мае высілкі.
Калі я чакаю ў чарзе да споведзі, то мяне заўсёды кранае гэта карціна — столькі людзей тут стаіць і ўсе яны прагнуць Божага прабачэння і ацалення. Мы становімся аднолькавымі ў сваім чаканні ласкі ад Бога. Гэта проста цудоўна, калі бачыш поруч пажылых людзей, 20-гадовых, моладзь, сем’і... І ўсе яны чакаюць (чакаюць і чакаюць), каб расказаць Богу пра свае грахі. Ёсць штосьці асаблівае ў тым, што столькі розных людзей збіраецца ў адным месцы, каб прыступіць да сакрамэнту пакаяння і прыняць збаўчую Божую ласку.
Калі ў мяне з’яўляецца спакуса ўнутранага наракання на даўжэзную чаргу, я пачынаю думаць пра тых людзей, якія не маюць магчымасці прыйсці да споведзі. Ці скардзіліся б католікі, якія жывуць у месцах пераследу хрысціян, на тое, што «ажно цэлую гадзіну» трэба яшчэ стаяць? І не толькі гэта: доўгая чарга з’яўляецца доказам таго, што Бог дзейнічае ў сэрцах людзей. Гэта сведчыць пра тое, што душы хіляцца да Хрыста і пакутуюць, прабываючы ў цемры. Наколькі ж удзячнай я павінна быць за тое, што стаю сярод такой колькасці пэнітэнтаў!
Некалькі гадоў таму, чакаючы ў доўгай чарзе, я ўзяла праглядзець раздатачны матэрыял пад назвай «Лісты любячага Айца». Яны былі цудоўнымі! Колькі новага я адкрыла! А магла іх так і не заўважыць, калі б не мела так шмат «вольнага» часу.
Магчыма, у вас склалася ўражанне, што мой перыяд чаканняў у чарзе да споведзі ператварыўся ў духоўныя практыкаванні ўдзячнасці і пакоры. Не зусім так. Я і сёння змагаюся з сабою, каб не бурчэць. Аднак, доўгае чаканне дае мне нагоду папрактыкавацца ў цярплівасці. |