Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як падрыхтавацца да генеральнай споведзі?
Пераклады
13.01.2017 07:57

Генеральная споведзь ці споведзь з усяго жыцця (або з вялікага перыяду жыцця) практыкавалася ў Касцёле з самага пачатку. Шмат святых і благаслаўлёных карысталіся сакрамэнтам пакаяння і паяднання з усяго жыцця.

Святы Тамаш Аквінскі лічыў, што дабравольная генеральная споведзь з былых, ужо адпушчаных грахоў, з’яўляецца вельмі карыснай, паколькі спрыяе свайго роду падвядзенню рысы дзеля распачацця кардынальна новага жыцця, імкнучыся пазбягаць усялякага граху.

Папа Бэнэдыкт XI (1240-1304) у канстытуцыі Intern cunctas ухваліў і рэкамендаваў дабравольную генеральную споведзь. Святы Айцец, аднак, казаў, што адпушчаныя грахі неабавязкова вызнаваць зноў, бо яны ўжо прабачаныя. Пацвердзіў гэтае правіла і Трыдэнцкі Сабор. Такое вучэнне Касцёла і сёння.

У папулярызацыі генеральнай споведзі вялікую ролю адыграў св. Ігнацый Лаёла (1491-1556), які шмат увагі надаваў духоўным практыкаванням. Святы асабіста зведаў эфект генеральнай споведзі. Спачатку як грэшнік у сваім навяртанні ён перажыў «споведзь з усяго жыцця» ў Мансэрраце ў 1522 годзе, а пасля некалькіх гадоў вучобы і прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння — у Венецыі ў 1537 годзе, ужо як руплівы спаведнік і духоўны кіраўнік. Таксама і сёння духоўныя практыкаванні з’яўляюцца момантам выразнага і значнага аднаўлення хрысціянскага сакрамэнтальнага жыцця.

Метад генеральнай споведзі

Вялікай дапамогай у падрыхтоўцы да генеральная споведзі можа служыць св. Ігнацыя Лаёлы



Рахунак сумлення

Святы Ігнацый заахвочвае, каб, распачынаючы рахунак сумлення, таксама і перад генеральнай споведдзю, спачатку «дзякаваць Богу,
 за атрыманыя дабрадзействы». Гэта з’яўляецца рэхам слоў св. Паўла: у кожнай сітуацыі дзякуйце, бо такая Божая воля ў Езусе Хрысце (пар. 1 Тэс 5, 18)

  • Першы момант у рахумку сумлення — учыненыя грахі не трэба класіфікаваць у асобны спіс, часта механічна, са страхам у вачах ці пад уплывам розных падсвядомых абарончых механізмаў.

Перадусім рахунак сумлення павінен быць напамінам пра тое, якія з Божых дабрадзействаў мы страцілі праз свой грэх.
На думку св. Ігнацыя, «сярод неверагодных ліхадзействаў і грахоў да найбольш агідных належыць няўдзячнасць; […] яна сведчыць, што мы забыліся пра атрыманыя ласкі, даброты і дары ад Бога; няўдзячнасць — прычына, пачатак і крыніца ўсякага зла і грахоў».

Пэнітэнт, прыгадваючы ласкі Божай любові, услухоўваецца ў любоў вызнавання Бога: я зачаў цябе ва ўлонні маці, Я спазнаў цябе (пар. Ерамія 1, 5); Ты каштоўны ў маіх вачах і я люблю цябе (пар. Ісая 43, 4); Я палюбіў вас вечнай любоўю (пар. Іерамія 31, 3).

  • Другі крок у рахунку сумлення — «просьба аб ласцы спазнання грахоў і іх вырачэнне». Чым ясней пэнітэнт разумее ўчынены ў жыцці грэх і агіду да яго, тым большае прагненне павінен мець у сваім вырачэнні.

Усім сэрцам варта прасіць міласэрнага Бога Айца ў Святым Духу аб ласцы спазнання грахоў і вырачэння іх з усёй рашучасцю.



Сучасны хрысціянін, які жыве ў свеце вялікіх навукова-тэхнічных дасягненняў, рызыкуе страціць сакрум, таямніцу. Найчасцей ён не прыступае да споведзі таму, што не адчувае сябе аж такім вялікім грэшнікам.

Аднак у гэтым выпадку ён яшчэ больш патрабуе асвячальнай ласкі Святога Духа, каб здолець спазнаць зласлівасць і брыдоту ўчыненых грахоў.

  • Трэцім крокам у рахунку сумлення з’яўляецца «патрабаванне ад душы разумення таго» з учыненых грахоў, «што спачатку было ў думках, пасля на словах, а затым і ў дзеянні». Варта, аднак, вылучыць грахі, здзейсненыя супраць Божых запаведзяў, касцёльных наказаў, актуальнага вучэння Касцёла і супраць Святога Духа.

Жаль за грахі

У сакрамэнце пакаяння і паяднання асаблівую ролю адыгрываюць два складнікі: Боскі фактар — Кроў Езуса Хрыста, і людскі фактар — слёзы нашага жалю.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем: «Сярод актаў пэнітэнта жаль за грахі займае першае месца. Гэта боль душы і нянавісць да ўчыненага граху з пастановай больш не грашыць у будучыні» (KKK 1451).
Праз узбуджэнне у сабе шчырага і глыбокага жалю за грахі св. Ігнацый Лаёла заахвочвае пэнітэнта паразважаць на тым, кім ён з’яўляецца, выкарыстоўваючы наступныя параўнанні: «Хто я ў параўнанні з іншымі людзьмі? Кім з’яўляюцца людзі ў параўнанні з усімі анёламі і святымі ў раі? Чым з’яўляюцца ўсе стварэнні ў параўнанні з Богам? А я сам — кім магу быць?» Святы Ігнацый Лаёла заахвочвае таксама паразважаць над сваёю сапсаванасцю і цялеснай брыдкасцю; паглядзець на сябе, як на рану, нарыў, з якіх выцякла столькі грахоў, столькі подласці — і наколькі агідная гэтая атрута».



Пэнітэнт можа таксама паразважаць над тым, кім з’яўляецца Бог, супраць якога ён ўчыніў грэх: «Паразважаць над Яго Боскай годнасцю, параўнаўшы яе з тым, што супярэчыць гэтай годнасці ўва мне: Яго мудрасць з маім няведаннем; Яго ўсемагутнасць з маёю слабасцю; Яго справядлівасць з маёю подласцю; Яго дабрыню з маёю злосцю».

Пэнітэнт разважае і над тым, як «усе стварэнні Божыя дазваляюць мне жыць, аберагаючы мяне ў жыцці. Як анёлы, хоць з’яўляюцца мячом Божай справядлівасці, цярпелі мяне і бераглі, і маліліся за мяне? Як святыя маглі заступацца за мяне і маліцца за мяне? А неба, сонца, месяц і зоры? А зямля сама — як так сталася, што не адкрылася і не паглынула мяне, стварыўшы новае пекла, каб навекі цярпеў у ім пакуты?»

Распазнаючы сваю вялікую грэшнасць, а таксама бясконцую вялікую любоў Бога, пэнітэнт перажывае глыбокі жаль і вялікае прагненне, каб ад гэтага моманту любіць Бога і толькі Яму служыць ва ўсім.

Моцнае пастанаўленне выправіцца

Паводле св. Ігнацыя, вялікая дапамога ў пастанове выправіцца — гэта «ўяўляць сабе прысутным Хрыста, нашага Пана, які вісіць на крыжы і размаўляць з Ім, [пытаючыся ў Яго], як Ён, будучы Стварыцелем, дайшоў да таго, што стаў чалавекам, а ад жыцця вечнага перайшоў да часовай смерці і да цярпення за мае грахі? Падобна, гледзячы на сябе, пытацца: Што я павінен зрабіць для Хрыста? І так, бачачы Яго ў такім стане, прыбітым да крыжа, разважаць над сваімі грахоўнымі ўчынкамі, якія прывялі да гэтага».

Вызнаванне грахоў

Пэнітэнт, вызнаючы грахі з усяго жыцця або з нейкага перыяду, можа пералічваць іх ад мінулага і «пераходзіць год ад года або перыяд за перыядам».

Падчас вызнавання грахоў варта памятаць пра тое, каб яно заўсёды было сарамлівым, гэта значыць, каб панітэнт, вызнаючы грахі, не спрабаваў сябе абяліць і апраўдаць. Таксама падчас споведзі ён павінен хутчэй казаць пра тое, што яго турбуе найбольш; грахі, якія непакояць найбольш і якія хацеў бы схаваць; падкрэсліваючы акалічнасці, якія праяўляюць усю адгіднасць гэтых грахоў.

Калі вызнаём нашы грахі, [Бог] […] адпускае іх нам (пар. 1 Ян 1, 9). Вызнаванне грахоў перад святаром становіцца істотнай часткай сакрамэнту пакаяння і паяднання, калі «праз споведзь чалавек глядзіць у праўдзе на ўчыненыя грахі, бярэ за іх адказнасць і праз гэта наноў адкрываецца на Бога і на св. Камунію, каб зрабіць магчымым новую будучыню» (KKK 1455).

Як пісаў св. Ігнацый, «мы сцеражомся, каб не патануць у патоку зневажальных абвінавачванняў, але пачуццё віны не варта хаваць, выказваючы пакору і шкадаванне, якія нас узвышаюць(...). Не паказвайцеся яшчэ больш горшымі, чым з’яўляецеся насамрэч. Гэта вялікая небяспека для ўнутранай пыхі, якая любуецца відам дабравольнага прыніжэння. Гэта прыносіць вялікую шкоду для душы, таму што спаведнік не ведае вашу душу лепш за вас і ў гэтым выпадку не можа пакіраваць ёю з карысцю».

Кампенсацыя за грахі

Кожны грэх наносіць бліжняму шкоду, таму «варта зрабіць усё, што магчыма, каб яе выправіць, напрыклад, аддаць скрадзеныя рэчы, вярнуць добрую славу таму, хто быў намі зняважаны, выправіць учыненую шкоду. Гэтага патрабуе звычайная справядлівасць. Бо «грэх раніць і аслабляе самога грэшніка, а таксама яго адносіны з Богам і з іншым чалавекам. [...] Трэба таксама зрабіць штосьці большае, каб выправіць свае правіны: “кампенсаваць” адпаведным чынам або “адпакутаваць” за свае грахі» (KKK 1459).



Каб прывесці ў парадак сваё жыццё, «трэба найперш праз вырачэнне аддаліць [ад душы] небяспечныя акалічнасці, пасля — ахінуць яе спрыяльнымі ўмовамі для развіцця, даючы ёй разважліва ўнармаваны стыль жыцця; трэба таксама навучыцца кантраляваць сябе і працаваць над сваім вопытам».

Генеральная споведзь — гэта незвычайная дапамога на шляху пазнання, любові і наследавання Езуса Хрыста.

Споведзь, якую практыкуюць з усяго жыцця (або з вялікага перыяду жыцця), мае вялікі ўплыў на паглыбленне духоўнага жыцця. У ёй мы як бы шырэй адкрываемся на бясконцасць міласэрнага Айца, прымаючы ў Езусе Хрысце дары прабачэння грахоў і аздараўлення ранаў.

Паводле Вацлава Крулікоўскага SJ, deon.pl
Пераклад з польскай мовы і апрацоўка (IL)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.