Для многіх католікаў нядзельная Імша з’яўляецца толькі абавязкам, які
яны павінны выконваць. Яны не могуць маліцца на літургіі і не
сустракаюць там Бога. Што рабіць, каб гэта змянілася? Езуіт Мацей Шчэнсны SJ раіць у гэтым выпадку наступнае:
«Для кожнага верніка цікава тое, што важна. Напрыклад, сямейныя сустрэчы: не заўсёды мы ідзём на іх без напружання, але яны для нас важныя і неабходныя для нашага жыцця, для ўзаемнай падтрымкі. Гэтаксама і святая Імша — сустрэча з Богам. Каб Імша ўспрымалася як штосьці важнае, трэба спытаць сябе: навошта я туды іду, чаго чакаю? Калі гэта для мяне незразумелы абавязак, то ён ніколі не будзе радасным, бо гэта не маё рашэнне, і яно не будзе важным для мяне.
Часам у Касцёле можна пачуць пра непрактыкуючых католікаў. Гэта тое ж самае, як чуць пра плыўца, які не плавае, або пра веласіпедыста, які не ездзіць на ровары, — гэта дзіўна. У гэтым кантэксце, калі хтосьці верыць, але не практыкуе, я здзіўляюся: як ён гэта робіць? Мець блізкія адносіны з Богам, устрымліваючыся ад кантакту з Ім, вымагае вялікіх душэўных высілкаў.
Якія прычыны таго, чаму гэта не атрымліваецца? Можа, варта сабе прызнацца, пра што я не хачу з Богам размаўляць? Бо часта пачынаецца з таго, што ёсць тэмы-табу або сферы, у якія я не хачу Яго ўпусціць. Тады высвятляецца, што дзесьці ў глыбіні сэрца я не да канца давяраю Богу і павінен сачыць за тым, каб наша размова не зайшла ў тую забароненую зону. Праз гэта мы закрываемся. Магчыма, праблема крыецца ў думцы: ці Бог сапраўды з’яўляецца Богам, Панам жыцця і смерці, ці проста нейкай постаццю з катэхізіса.
А калі я пагляджу на Яго па-сапраўднаму, то забудуся пра ўвесь свет. Я не ўяўляю сабе, каб хтосьці не ўсведамляў і нудзіўся на святой Імшы. Дастаткова сустрэцца з Богам, адкрыцца на Яго прысутнасць, на тое, што там адбываецца, — гэта неверагодна!
Можна нудзіцца на футбольным матчы, калі не разумееш, у чым сутнасць той гульні. Калі зразумеем, адчуем, паверым у адносіны з Езусам, тады, калі мой сябра памірае, — не можна заставацца абыякавым або наракаць: не так арганіст іграе або не так святар кажа. Бо гаворка ідзе не пра арганіста, не пра святара, не пра суседку і нават не пра мяне. На святой Імшы ідзе гаворка пра Езуса. Калі маё жыццё з’яўляецца малітвай, калі маё жыццё — справы, прагненні, мары — адбываюцца ў адзінстве з Богам, калі напоўнены Ім, калі я жыву Богам, то Эўхарыстыя будзе вяршыняю маёй малітвы, вяршыняю стасункаў з Богам.
Эўхарыстыя ў перакладзе з грэчаскай мовы — «падзяка». Калі я буду маліцца не толькі падчас рэкалекцый або вечарам ці ранкамі, гэта будзе маім дыханнем, маім спосабам жыцця — ніхто не зможа «адарваць» мяне ад Эўхарыстыі. Як у хрысціянаў-мучанікаў, якім забаранялі ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а яны казалі, што не могуць без яе жыць, і ім неістотна, як паміраць — мучаніцкай смерцю ці павольна згасаючы без Эўхарыстыі. Эўхарыстыя была для іх сустрэчаю. Дык чаму мы не хочам адкрыцца Хрысту?» Паводле credo.pro Пераклад і адаптацыя І. Лапато
|