Да Бога ніколі не позна: гісторыя навяртання Гэры Купера — кіназоркі Галівуда |
Пераклады |
14.06.2017 19:07 |
Ён быў адным з найбольш знакамітых акцёраў залатой эры Галівуда. Галоўныя ролі ў больш чым 80 фільмах, безліч узнагародаў, у ліку якіх два «Оскары» і «Залаты Глобус». Але мала хто ведае, што ў сваім жыцці акцёр перажыў навяртанне да Бога.
Гэры Купер — легенда кіно. Сёння яго імя асацыюецца найперш з вестэрнамі і вобразам героя-каханка, які бясстрашна пераадольвае цяжкасці на сваім шляху. Гэта быў высокі і вельмі харызматычны мужчына — прыклад для многіх хлопцаў таго часу. Купер валодаў незвычайнай рысай праецыраваць якасці сваёй асобы на герояў, якіх іграў, а таму быў акцёрам, які пакарыў многіх сваёй натуральнасцю. Вобраз каханка Добрыя знешнія даныя мелі і дадатковы эфект. Галівуд трашчаў ад плётак пра раманы акцёра. Гэта было праўдай — Купер ніколі не быў абдзелены ўвагай жанчын, а асабліва актрыс, з якімі працаваў. І карыстаўся гэтым. Але аднойчы ён пазнаёміўся з Веранікай «Рокі» Бэлф, маладзейшай за яго на 12 гадоў, якая становіцца яго жонкай. Рокі была пастаяліцай нью-ёркскіх салонаў прыгажосці, але разам з тым веруючай каталічкай.
Неўзабаве ў іх нарадзілася дачка Марыя, пра якую Купер казаў: «Ніколі не чуў, каб яна рабіла штосьці, што не было б добрасумленна. Яна — маё жыццё». Сужэнства дапамагло акцёру крыху астыць, але не надоўга. Купер хоць і клапаціўся пра сям’ю, але ў 1946-47 гг ён вярнуўся да часовых раманаў з актрысамі на здымачнай пляцоўцы. «Ён нарадзіўся для ігры перад камерай, але не толькі — да спакушэння жанчын таксама. Яму прыносіла задавальненне глядзець на жанчын і быць у іх асяродку. Такі чалавек не змяняецца», — прыгадваў акцёра Тэд Нугент са студыі Paramount.
Любоўныя раманы верагодна і справакавалі асабісты крызіс акцёра. Хоць роля шэрыфа Уіла Кэйна ў фільме «Роўна ў поўдзень» і прынесла яму «Залаты Глобус« і «Оскар», у 1951 годзе ён развёўся з жонкай. Праз два гады ён выбраўся ў Еўропу. Адным з запланаваных месцаў для наведвання быў Ватыкан, які акцёр наведаў разам з дачкой. Сустрэча, якая змяніла ўсё Якраз у Ватыкане і адбылася сустрэча, якая паўплывала на ўсё будучае жыццё акцёра. Яго сябры ведалі, што Купер атрымае аўдыенцыю ў папы Пія XII, таму папрасілі яго прывезці благаслаўлёныя Пантыфікам памяткі. Дачка Марыя пасля прыгадвала, што рука бацькі была ўся абвешаная ружанцамі, а ў момант, калі Папа Рымскі зайшоў у пакой, Купер хацеў пакланіцца і стаць на адно калена, але, маючы праблемы з пазваночнікам, не разлічыў сілы і зваліўся долу.
Усе ружанцы і абразкі, якія трымаў у далонях, разляцеліся па падлозе і калі акцёр, усё яшчэ лежучы, пачаў іх збіраць, неўзабаве заўважыў побач са сваім тварам чырвоныя туфлі і белую сутану Пантыфіка — Папа падышоў прама да яго. Куперу было вельмі сорамна, але папа Пій XII глядзеў на яго з зычлівай усмешкай. Навяртанне Тая сустрэча шмат у чым паўплывала на галівудскага «каханка». Разам з жонкай і дачкой ён пачаў рэгулярна хадзіць на нядзельную Імшу. Вялікае ўражанне рабілі на яго гаміліі ксяндза Гаральда Форда.
Сам акцёр так прыгадваў тую дарогу да каталіцтва: «Мінулай зімой я пачаў часцей разважаць на тым, пра што і так доўгі час думаў. Я казаў сабе: “Купер, хлопец, ты павінен быць удзячны за ўсе добрыя рэчы, якія спазнаў у гэтым свеце”. Тады я пачаў сур’ёзна думаць пра рэлігію. Я ведаю, што я ніколі не буду святым. У мяне няма такой сілы духа. Я проста імкнуся быць кімсьці лепшым, і, магчыма, у мяне гэта атрымаецца». Праз два гады ён захварэў на рак прастаты. Сябры, якія наведвалі хворага, былі ўражаныя той атмасферай радасці і цеплыні ў яго доме.
Купер быў у куды больш аптымістычным настроі, чым яго наведвальнікі. Рокі прыгадвала, што сілы яму давала вера ў Бога. Хвароба прагрэсіравала, але ён ніколі не задаваў пытання: «Чаму я?» і ніколі не наракаў. У той час ён чытаў кнігу арцыбіскупа Фултана Шына «Супакой душы» і зборнік вершаў каталіцкага паэта Томаса Мертана «Ніхто не з’яўляецца самотнай выспай», што давала патрэбную падтрымку ў апошнія тыдні яго жыцця. Гэры Купер памёр 13 мая 1961 года. У апошнія дні ён развітваўся з блізкімі словамі: «Ведаю, што тое, што адбываецца, гэта Божая воля. Я не баюся будучыні». |